Масквіч з беларускімі каранямі пра любоў да беларускай мовы. Сярод сябраў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны – замежныя даследчыкі Беларусі, бразільскія студэнты, што навучаюцца ў нашай краіне, беларускія вайскоўцы і міліцыянты, якія просяць не афішаваць іхных імёнаў. Дзякуючы іхным ахвяраванням ТБМ жыве.
“Калі б не ТБМ, улады б даўно перавялі беларускую мову ў разрад мёртвых” Пасля апошняга павышэння арэнднай платы ў красавіку Таварыства беларускай мовы вымушанае плаціць за менскі офіс 10 771 200 рублёў штомесяц. Дзе знайсці такія сродкі некамерцыйнай арганізацыі? Як распавёў старшыня Таварыства Алег Трусаў, кожны год больш за 2000 сябраў ТБМ дасылаюць свае ахвяраванні. Алесь Чэчат, кіраўнік менскай Фрунзенскай суполкі ТБМ, выкладчык беларускай мовы ў лінгвістычным каледжы і сталы ахвярадаўца Таварыства, упэўнены, што дзякуючы ТБМ беларуская мова працягвае жыць, і таму арганізацыю трэба захаваць. “Кале не мы, дык хто будзе падтрымліваць Таварыства? – пытаецца выкладчык. – Гэта на пачатку 1990-х было фінансаванне ад дзяржавы, а цяпер мы выжываем толькі на тое, што людзі пералічваюць са сваіх заробкаў і пенсіяў. Калі б не ТБМ, нашыя ўлады даўно б перавялі беларускую мову ў разрад мёртвых моваў. Толькі дзякуючы ТБМ беларуская мова яшчэ жыве”. Масквіч з беларускімі каранямі лічыць сваім абавязкам захаванне беларускай мовы Аркадзь Прыгожын – вядомы расейскі сацыёлаг, займае кіроўную пасаду ў Акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры прэзідэнту Расейскай Федэрацыі. Даўні сябра Таварыства беларускай мовы і сталы ахвярадаўца. Беларускую мову палюбіў у дзяцінстве дзякуючы цётцы-габрэйцы. “Я нарадзіўся і правёў дзяцінства ў Пінску. Любоў да беларускай мовы перадала мне мая цёця, Марыя Залманаўна Сафро, – распавёў спадар Аркадзь. – Яна, хоць і была габрэйка, размаўляла толькі па-беларуску, была выкладчыцаю беларускай мовы, да яе прыходзілі сяброўкі, і яны заўсёды размаўлялі па-беларуску. А я слухаў і так вучыўся мове”. Паводле спадара Аркадзя, цёця вельмі перажывала, што беларуская мова русіфікавалася, і ўвогуле на першыя пазіцыі ў краіне выходзіла расейская мова. “Памятаю, цёця тады часта пляскала ў далоні, з горыччу кажучы: “Яшчэ адно беларускае слова мы згубілі!” – успамінае маскоўскі сябра ТБМ. Пасля смерці Марыі Сафро пяць гадоў таму Аркадзь Прыгожын далучыўся да Таварыства беларускай мовы, кожны год ахвяруе грошы, і лічыць сваім абавязкам дапамагаць захоўваць беларускую мову. “Я – расеец з беларускімі каранямі, у мяне шмат блізкіх жывуць у Беларусі. І я маю пачуццё доўгу – захаваць беларускую мову, культуру, беларускую адметнасць, у якой жылі мае продкі”. Ахвяраванні прыходзяць з усяго свету Дасылаюць ахвяраванні, паводле старшыні ТБМ, з ЗША, Канады, Швейцарыі. Хоць большасць ахвярадаўцаў – менчукі. Часам дапамагаюць палітычныя партыі.
“Не так даўно нам ЛДПБ пералічыла 2 мільёны рублёў, і актывісты з “Гавары праўду!” ў мінулым годзе сабралі больш за 2 мільёны, – распавёў спадар Трусаў. – З іншых партыяў, праўда, не дапамагаюць, бо не любяць яны нас, што мы крытыкуем іх расейскамоўнасць. Бо ў нас цвёрдая пазіцыя – калі ты беларускі палітык, ты мусіш размаўляць па-беларуску”.
Ахвяраванні ідуць не толькі на аплату арэнды офісу, але і на друк кніжак, арганізацыю канферэнцыяў, выданне дзвюх газетаў. Паводле Алега Трусава, усё гэта вельмі важна захаваць, бо так беларуская мова працягвае жыць ды ісці да людзей.
Падтрымання дзяржавы ў ТБМ асабліва не чакаюць, хутчэй – каб не чапалі. За сяброўства з ТБМ цяпер у Беларусі нікога не пераследуюць, адзначае спадар Трусаў, і прыводзіць станоўчыя прыклады супрацы з дзяржаўнымі органамі. Гэтак, нядаўна Міністэрства сувязі і інфармацыі з ініцыятывы ТБМ надрукавала канверты, прысвечаныя юбілею Яўстаха Тышкевіча. Міліцыянты – сябры ТБМ баяцца называць свае імёны Таварыства беларускай мовы існуе з 1989 года. У складзе арганізацыі больш за 450 мясцовых суполак, якія ёсць ва ўсіх абласных цэнтрах, у кожным буйным раённым горадзе і нават у вёсках. Алег Трусаў адзначыў, што сярод сябраў ТБМ ёсць нават вайскоўцы і міліцыянты, але яны просяць не афішаваць іхных імёнаў і сяброўства з ТБМ. Суполкі ТБМ ёсць у Нямеччыне, Польшчы, Літве, Латвіі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі. У ТБМ, паводле Алега Трусава, уступае і шмат замежнікаў, тых, хто цікавіцца беларускаю моваю, даследчыкаў ці студэнтаў, што прыехалі вучыцца ў Беларусь. Агулам у ТБМ сёння больш як 6000 актыўных сябраў. ТБМ патрэбная дапамога Кіраўніцтва ТБМ звяртаецца па падтрыманне да грамадзянаў Беларусі ды іншых краінаў. Ахвяраваць грошы можна на наступны рахунак: 3015741233011 код 739 у аддзяленні № 539 ААТ “Белінвестбанку”, УНП 100129705.
Марына Маўчанава, belsat.eu