У сядзібе ТБМ адбылася прэзентацыя кнігі пра забойства Янкі Купалы

Аповесць-уява – так назваў свой твор “Грэх на іх нязмыўны” пісьменнік Валер Санько. Кніга апавядае пра вельмі таямнічую і трагічную смерць генія беларускай літаратуры Янкі Купалы. Аўтар з вельмі нечаканага боку разглядае гібель першага Народнага паэта Беларусі.

Паводле словаў самаго Валера Санько, факты, прадстаўленыя ў кнізе, больш прадукт уласных разважанняў і лагічных высноваў, чым даследванне дакумантаў і архіваў.

Па словах удзельніцы прэзентацыі Ядвігі Фай, кніга мусіць стаць настольнай для кожнага беларуса:

- У гэтай кнізе няма хлусні, там кожнае слова адпавядае таму сэнсу, якое яно мае, няма падвоеных стандартаў, ёсць чыстая беларуская мова з вялікай колькасцю новатвораў. Мова наша, пэўна маладая, бо яна здольная ствараць новыя вобразы, новыя словы.

Цяпер кнігу можна замовіць праз сядзібу Таварыства беларускай мовы і ў кнігарні “Акадэмкніга”, дзе колькасць экземпляраў абмежаваная.

Сам Валер Санько выказаў спадзяванне на хуткае перавыданне кнігі ў Беларусі ці па-за межамі краіны.