24 красавіка лідар беларускага Адраджэння Зянон Станіслававіч Пазьняк адзначае 70-годдзе.
Лічыцца, што для палітыка вельмі важна патрапіць у свой час. Тады яму ў поўнай ступені ўдаецца рэалізаваць кар’ерныя памкненні.Але гэта ў дэмакратычных, сфарміраваных грамадствах. А ёсць краіны, дзе палітык павінен апярэджваць час, паказваць нацыі перспектыву, інакш нацыя рызыкуе безнадзейна адстаць. І тут ужо не да ўласнай кар’еры.
Вось хоць бы прыклад з вядомым артыкулам «О русском империализе и его опасности», які ў свой час Пазьняку ставілі ў віну за радыкалізм і ігнараванне настрояў электарату, — сёння выкладзеныя ў ім тэзісы пераканаўча пацвярджаюцца драматычнымі падзеямі ў суседняй Украіне. А ў Кіеве не было ў апошнія гады палітыка, які мог бы гучна сказаць пра небяспеку.
З юнацтва Пазьняк можа быць прыкладам чалавека, які апярэджваў час…
У 23 гады ён выдаў альбом сваіх фотаздымкаў.
Першая кніжка ў такім узросце і цяпер — поспех, а ў 1960-я гэта было нешта неверагоднае. Потым былі іншыя выданні, адно з іх — «Рэха даўняга часу» — доўгія гады для падарожнікаў у часе было ці адзіным даведнікам па архітэктурных стылях старога Мінска.
Напрыканцы 1960-х Пазьняк уратаваў Купалаўскі тэатр — уратаваў у літаральным сэнсе гэтага слова.
Паводле праекта рэканструкцыі сталіцы, будынак павінен быў быць знесены. Пазьняку ўдалося (з дапамогай тагачаснага карэспандэнта «Правды» Генадзя Бураўкіна) надрукаваць артыкул у галоўнай газеце, публікацыі якой для мясцовых чыноўнікаў успрымаліся дырэктывай. Будынак захавалі.
У 1988-м археолаг Пазьняк адкрыў Курапаты.
Цяжка прыгадаць іншы прыклад, калі б археалагічнае адкрыццё гэткім чынам паўплывала на лёс нацыі, можна сказаць, змяніла яго. Публікацыя ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» пра месца масавых расстрэлаў мела такое ўздзеянне на грамадскую свядомасць, як ніводная іншая публікацыя ў Беларусі ні да гэтага, ні пасля. Яна ўзняла моцную хвалю грамадскай актыўнасці, і менавіта з гэтага дня —3 чэрвеня 1988 года — ідзе адлік новага часу, часу Беларускага Адраджэння.
Калі ў здабыцці незалежнасці і стварэнні суверэннай дзяржавы можна вызначыць адну асобу (а гэта, канешне, працэс, у якім задзейнічаны лепшыя прадстаўнікі нацыі, прычым ягоны фінал — толькі вяршыня таго, што рабілася пакаленнямі папярэднікаў) — дык гэта, безумоўна, Пазьняк.
Дзеля ўсведамлення ўсёй складанасці сітуацыі варта прыгадаць грамадскія настроі канца 1980-х гадоў і пазіцыю тых, хто ў тагачаснай БССР ажыццяўляў уладу.
Улада гэтая знаходзілася ў ЦК КПБ, кіраўнікі якой сваёй галоўнай мэтай бачылі дакладнае выкананне загадаў Масквы. Кіраўнікоў савецкіх рэспублік ЦК КПСС ацэньваў не толькі па колькасці вырабленай прамысловай прадукцыі, намалотаў ды надояў, але і па барацьбе з «праявамі нацыяналізму», і тут кіраўніцва Беларусі было ў Крамля на самым лепшым рахунку.
У Літве, Латвіі і Эстоніі кіраўнікі «мясцовых» ЦК адразу пайшлі на дыялог з лідарамі новаўтвораных народных рухаў, а ў хуткім часе ўзначалілі працэс здабыцця суверэнітэту. У Прыбалтыцы гэта быў менавіта працэс — там міністры, кіраўнікі дзяржпланаў вылічвалі алгарытм усталявання суверэнітэту, па тэлебачанні ішлі шматгадзінныя дыскусіі, спрачаліся, як будаваць самастойную міжнародную, эканамічную, вайсковую, сацыяльную палітыку — але сама ідэя незалежнасці сумненням не падлягала.
На Беларускім тэлебачанні не было ніякіх падобных дыскусій. У дзяржаўных СМІ (а іншых яшчэ не існавала) ішло мэтанакіраванае, з дня ў дзень, цкаванне Беларускага Народнага Фронту. Камуністычнае кіраўніцтва Беларусі было нагэтулькі прамаскоўскім, што нават не абмяркоўвала магчымасць незалежнасці — сама тэма была крамольнай, само паняцце незалежнасці было пад забаронай, каб ні пад якім выглядам не ўвайшло яно ў свядомасць нацыі. А з вясны 1990-га, калі пра дасягненне незалежнасці як галоўную ўмову годнага жыцця пачалі казаць у новаабраным Вярхоўным Савеце 12-га склікання дэпутаты ад БНФ, камуністычная прапаганда абрынулася на ідэю ўсёй сваёй моцай.
Я памятаю твары дэпутатаў, калі Пазьняк з трыбуны сесіі Вярхоўнага Савета ўпершыню абвясціў пра неабходнасць увасаблення ідэі незалежнасці.
Далібог, калі б ён сказаў: «Праз месяц на плошчу перад Домам урада высадзіцца іншапланетны карабель, іншапланецяне ўступяць з намі ў кантакт, і таму нам трэба падрыхтавацца да іх сустрэчы», — эфект быў бы куды меншым. Ва ўсялякім разе, такое паведамленне не выклікала б нянавісці — а менавіта гэтае пачуццё пераважвала ў немалой часткі дэпутатаў.
Усё, што прапаноўвала дэпутацкая Апазіцыя БНФ у справе дасягнення рэальнага суверэнітэту (а ўжо ўвосень 1990-га, да другой сесіі, мы прадставілі дзясятак законапраектаў, у тым ліку і эканамічнага характару), — усё гэта блакіравалася парламенцкай большасцю шляхам націскання кнопак для галасавання.
Але нашы аргументы, якія штодня гучалі ці то ў выглядзе абгрунтавання законапраектаў, ці то ў палітычных заявах, у пэўным сэнсе адукоўвалі калег-камуністаў. Нешта ўсё ж асядала ў іх галовах.
Калі ў жніўні 1991-га ў першы дзень маскоўскага праімперскага путчу Народны Фронт вывеў на вуліцы людзей, Пазьняк сказаў, што, па ягоных адчуваннях, путчысты пратрымаюцца зусім нядоўга.
Прызнацца, я не паверыў (гучала занадта аптымістычна). Наш пакой у Доме ўрада мы ператварылі ў штаб супраціву хунце. Але прагноз спраўдзіўся. Потым было наша патрабаванне да Прэзідыума Вярхоўнага Савета неадкладна склікаць сесію, каб прысвяціць некалькі сутак працы над неадкладнымі праектамі.
«У нас ёсць некалькі дзён, і калі мы не скарыстаем час і ўпусцім шанец — потым самі сабе не даруем, бо можа здарыцца, што іншай магчымасці ў нас не будзе», — сказаў тады Пазьняк. Таму працавалі днём і ноччу.
Раніцай 24 жніўня 1991 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета прапанаваў дэпутатам парадак дня аж з двух пунктаў: аб бягучым моманце і аб саюзным дагаворы. Мы вынеслі на сесію пакет законапраектаў, галоўным з якіх было наданне Дэкларацыі аб суверэнітэце статусу канстытуцыйнага закона. Гэта значыць — абвяшчэнне незалежнасці Беларусі.
Кульмінацыйным момантам было выступленне Пазьняка ўвечары 25 жніўня — калі пасля бурных, эмацыйных дэбатаў у атмасферы жорсткага супрацьстаяння паміж фронтаўцамі і камуністамі ён падышоў да мікрафона. І дэпутаты, якія чакалі ад лідара БНФ чарговага, яшчэ больш моцнага наступлення на камуністаў, — раптам пачулі спакойны голас Пазьняка, які адкрыта звярнуўся да іх з просьбай падтрымаць Незалежнасць і аргументаваў, чаму гэта неабходна зрабіць.
Я і цяпер памятаю тую цішыню ў Авальнай зале — нагэтулькі замерлую, што нават пачуў шчаўчок, калі адзін з аператараў нешта пераключыў на сваёй тэлекамеры.
Пазьняк гаварыў пра Расію — але не дыфірамбы пераможцу путчыстаў Ельцыну (якіх чакалі камуністы ды, прызнацца, і мы), а пра фарміраванне новай імперыі з палітыкай нафтавага шантажу.
«Калі мы не будзем мець дзяржаўнай незалежнасці, не зможам свае рэсурсы, усе свае сродкі, свае вынікі працы ўкладваць на дабро нашага народа і нашай дзяржавы, мы не зможам супрацьстаяць гэтай палітыцы», — казаў лідар БНФ.
І — неверагодна! — адразу пасля гэтага адзін за другім узняліся сакратары абкамаў і райкамаў з прапановай падтрымаць Пазьняка і прагаласаваць за Незалежнасць.
Такога ўжо ніколі больш не было ў Авальнай зале — але тады, 25 жніўня, Пазьняку ўдалося выключна эфектыўна скарыстаць момант ды павярнуць хаду беларускай гісторыі.
«Я вельмі хачу, каб першым прэзідэнтам Беларусі быў Зянон Станіслававіч Пазьняк», — сказаў Васіль Быкаў у чэрвені 1994-га ў адказ на пытанне, што ён хацеў бы пажадаць сабе на сваё 70-годдзе.
На першых прэзідэнцкіх выбарах БНФ адзіны меў праграму адбудовы беларускай дзяржавы і людзей, якія былі здольныя гэтую праграму рэалізаваць.
«У нас не было нічога — ні людзей, ні праграмы», — прызнаецца потым адзін з членаў каманды Лукашэнкі. «Маладыя ваўкі» бачылі, што з сябе ўяўляе іх фаварыт… Але ўласныя амбіцыі гэтых палітыкаў былі вышэй за лёс нацыі. Чым і скарысталіся праімперскія сілы.
Пра «пераможцаў» тады казалі, што яны надзвычай удала адчулі час, ухапілі яго найбольш балючы нерв. А выявілася — адкінулі краіну на дзесяцігоддзі назад. Беларусь была развернутая ад цывілізаванай Еўропы ў супрацьлеглым накірунку. Перамаглі «ваўкі» не Пазьняка — перамаглі Беларусь, знішчылі нацыянальнае Адраджэнне.
Праца на карысць нацыянальнага Адраджэння патрабавала ад лідара БНФ вялікіх арганізацыйных высілкаў. Удзел дэпутатаў у працы апазіцыі быў добраахвотным, ён не даваў ніякіх прывілеяў ці заробку, больш за тое — ствараў праблемы (камуністы спрабавалі арганізаваць у выбарчых акругах нашае адкліканне з Вярхоўнага Савета). Гэта была праца цяжкая, па-за межамі «працоўнага часу», бо ніхто не вызваляў дэпутатаў ад іх афіцыйных працоўных абавязкаў, а паняцця прафесійнай парламенцкай працы яшчэ не існавала. Уласна, менавіта дэпутаты ад БНФ увялі ў практыку паняцце прафесійнай палітычнай дзейнасці.
У Вярхоўны Савет было абрана толькі некалькі дэпутатаў з чыста «фронтаўскай» арыентацыяй — не больш за палову складу будучай парламенцкай Апазіцыі БНФ. І некаторыя прыходзілі на пасяджэнне фракцыі проста «паслухаць Пазьняка», якім іх пужала на выбарах мясцовае начальства. Менавіта з такой мэтай прыйшла Галіна Сямдзянава — і ўжо праз некалькі дзён засталася працаваць у апазіцыі (а ў гістарыі Беларусі засталася дэпутатам, які ўнёс у Авальную залу бел-чырвона-белы сцяг).
Для мяне і цяпер застаецца цудам, як людзі розных прафесій і розных заняткаў (рабочы, інжынер, журналіст, урач, гісторык, педагог, філосаф, палкоўнік міліцыі, архітэктар, фінансіст — спіс можна працягваць), рознага жыццёвага досведу амаль шэсць гадоў у няпростых умовах, без усялякай фінансавай падтрымкі працавалі побач — і ніводнай сваркі! Шгодзённыя абмеркаванні, дыскусіі, частыя спрэчкі адносна таго ці іншага рашэння, той ці іншай фармулёўкі, але сварак не было ніколі.
Пазьняку неяк удавалася аб’яднаць нас, такіх розных, дзеля адзінай мэты.
Пасля Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая 25 сакавіка 1918 года абвясціла незалежнасць БНР, дэпутацкая Апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання была першай супольнасцю палітыкаў, якая ставіла мэтай стварэнне беларускай дзяржавы і якой удалося гэтай мэты дасягнуць.
Падкрэслю: гэта былі менавіта нацыянальна арыентаваныя палітыкі, і па сёння яны застаюцца адзінымі палітыкамі нацыянальнай арыентацыі, якія маюць вопыт заканадаўчай працы, прычым паспяховай.
Вынік гэтай працы — некалькі дзясяткаў законапраектаў, сотні заканадаўчых прапаноў, вялікая колькасць якіх, нягледзячы на першапачатковы супраціў, былі прыняты і заклалі аснову дзяржаўнасці.
Фактычна пад кіраўніцтвам Пазьняка была створана канцэпцыя будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы. І тое, што некаторыя яе палажэнні пакуль не рэалізаваны, ні ў якой ступені іх не дэвальвуюць: проста дзеля гэтага не саспелі ўмовы.
Але яны спеюць. Можна прыгадаць, як на пачатку 1990-х шклоўскі дэпутат Лукашэнка іранізаваў над ідэяй Пазьняка і Чарнавіла пра стварэнне Балта-Чарнаморскай садружнасці, у якую маглі б увайсці Украіна, Беларусь, Літва, Латвія і Эстонія, як смяяўся з праекта балта-чарнаморскага нафтавага калектара — і вось ужо цяпер яму даводзіцца абмяркоўваць гэтую ідэю з кіраўніцтвам Украіны. А можна ўявіць, наколькі змянілася б становішча Беларусі, калі б час (20 гадоў!) не быў упушчаны і мы сёння мелі б гэтую транзітную сістэму. Нафтавая залежнасць ад Расіі была б нулявой.
У свой час Лявон Баршчэўскі слушна заўважыў, што калі б у лістападзе 1996 года на начных перамовах з так званым «крамлёўскім дэсантам» быў Пазьняк, ён бы не дапусціў падпісання кіраўнікамі Вярхоўнага Савета і Канстытуцыйнага суда ганебнай дамовы, вынікам якой былі зрыў імпічменту і роспуск парламента.
Ведаючы Зянона Станіслававіча, магу канкрэтызаваць словы Лявона. Пазьняк — чалавек стрыманы ў паводзінах; гэта ў спрэчцы з блізкімі людзьмі ён можа выказаць нейкі намёк на эмоцыі, з апанентамі ж ён максімальна карэктны. Але ў той сітуацыі Пазьняк проста выцягнуў бы за каўнер (літаральна) спачатку Шарэцкага, а потым Ціхіню. Ён, безумоўна, сарваў бы падпісанне, але пры адной умове: дзеля гэтага Пазьняк павінен быў быць у зале перамоў, што было магчыма толькі пры наяўнасці ў яго дэпутацкага мандата.
На выбарах Вярхоўнага Савета 13-га склікання ў 1995 годзе лукашэнкаўцы сканцэнтравалі ўвагу на акрузе ў Смаргоні, дзе балатаваўся Пазьняк. Дапамаглі ім у гэтым камуністы-калякінцы. Сціплы ўрач, які выступаў «апанентам» Пазьняка, пазней быў адзначаны за выкананне сваёй ролі высокай пасадай.
Цяпер, праз гады, бачна: тое, што ў 1995 годзе ніводны з дэпутатаў Апазіцыі БНФ не быў прапушчаны ў Вярхоўны Савет 13-га склікання, было не нейкай недапрацоўкай «фронтаўцаў», а галоўнай на той момант мэтай антынацыянальнай прэзідэнцкай адміністрацыі. Адсутнасць у парламенце палітыкаў з выразнай нацыянальнай арыентацыяй прывяла да ратыфікацыі беларуска-расійскіх пагадненняў і зрыву імпічменту.
Але тое ўжо адбывалася без фізічнай прысутнасці Пазьняка ў Мінску.
У мяне часта пытаюцца пра абставіны нашай з Пазьняком эміграцыі.
Рашэнне пра выезд з Беларусі ў Кіеў Пазьняк прыняў імгненна, а вось заяву пра палітычны прытулак мы з ім удвух абмяркоўвалі не адзін тыдзень.
У чэрвені 1996-га мы з Пазьняком скарыстоўвалі ўсе магчымасці, каб праз польскую прэсу і акрэдытаваных у Варшаве заходніх журналістаў давесці, што ў Беларусі фарміруецца дыктатура. У Мінску спецназаўцы дубінкамі разганялі мітынгі, з’явіліся першыя палітвязні, а ў гэты час Лукашэнку прымалі ў Парыжы і ўспрымалі яго як падлетка, праблемы «пераходнага ўзросту» якога ўсяго толькі трэба было перажыць. Альбо перадаверыць іх бацькам, у ролі якіх Захад бачыў крамлёўскіх палітыкаў.
«Расія — дэмакратычная краіна, і Ельцын навучыць Лукашэнку дэмакратыі», — сказаў нам у Празе кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Вацлава Гавела.
Аргументам, які знішчыў апошнія ваганні, была сустрэча ў Сенаце ЗША, дакладней у офісе сенатара — члена камітэта па міжнародных справах. Выслухаўшы нашы аргументы на карысць таго, што Вашынгтон павінен ціснуць на Маскву, што Расія ніколі не выступіць у адносінах да Беларусі «лакаматывам дэмакратыі» і, нарэшце, што за незалежнасцю Беларусі — намаганні пакаленняў, і дэмакратычныя сілы ніколі не пагодзяцца на яе ліквідацыю, мы пачулі словы, якія нас шакіравалі:
«Калі мы не пагодзімся аддаць Ельцыну Беларусь — Ельцын не дазволіць нам прасоўваць НАТА на Усход, уключыць у блок Прыбалтыку і некаторыя краіны былой Варшаўскай дамовы».
Прыгадалася Коласава: «Нас падзялілі — хто? Чужаніцы» пра 1921 год, калі Расія і Польшча разарвалі Беларусь на кавалкі.
Але асацыяцыя з Коласам прыйшла пазней, а ў той момант мы зразумелі, што ў гульні паміж «вялікімі» краінамі — ЗША і Расіяй — Беларусі зноў адводзіцца роля разменнай манеты. Прычым манеты дробнага гатунку.
Патрэбны быў нейкі крок, які прымусіў бы Амерыку (ды і ўвесь Захад) змяніць сваё стаўленне да Беларусі.
Усведамленне гэтай неабходнасці супала з нашым асабістым становішчам. У той момант, знаходзячыся ў Вашынгтоне, мы ўжо мелі пэўную інфармацыю адносна таго, якія варыянты распрацаваны для нас у самай блізкай перспектыве спецслужбамі. Пра адзін з іх прагаварыўся кіраўнік Камітэта ў справах бяспекі Дзярждумы Расіі Віктар Ілюхін: маўляў, ЦРУ плануе забіць у Варшаве лідараў БНФ і спісаць гэта на спецслужбы Лукашэнкі; вось толькі пакуль яшчэ не вырашылі, аднаго забіваць ці адразу абодвух.
«Я лічу, што Пазьняк і Навумчык свае магчымасці ў гэтым сэнсе амаль што вычарпалі — для іх ужо не засталося легальнай магчымасці барацьбы, і сапраўды паўстала пагроза менавіта фізічнага знішчэння, — пракаментаваў тады сітуацыю Васіль Быкаў. — Калі ў Маскве Ілюхін агучыў пэўныя планы, дык можна меркаваць з пэўнасцю, што гэта не планы ЦРУ, гэта планы беларускага кіраўніцтва… І ў дадзеным выпадку патрабаваць ад іх вярнуцца — гэта ўсё роўна, што патрабаваць здзейсніць учынак камікадзэ».
Тыя, хто пазней будзе пісаць, што паміж турмой і эміграцыяй Пазьняк выбраў апошняе, — наўмысна альбо несвядома будуць ігнараваць той факт, што выбар быў якраз іншы. Выбар быў паміж смерцю і жыццём, і мы выбралі жыццё.
Мы разумелі, што просьба пра палітычны прытулак — рызыка: калі б нам адмовілі (а на гэта працавала маскоўская і мінская дыпламатыя), было б прызнана, што ў Беларусі ўсё добра, а палітычны аўтарытэт Пазьняка быў бы знішчаны. З другога боку, калі б Міністэрства юстыцыі ЗША (якое дзейнічае незалежна ад Дзярждэпартамента) прыняла станоўчае рашэнне, гэта прымусіла б амерыканскую дыпламатыю прызнаць наяўнасць у Беларусі дыктатуры і карэнным чынам змяніць стаўленне да афіцыйнага Мінска.
Адбылося тое, на што мы спадзяваліся: адразу пасля прадастаўлення нам палітычнага прытулку і прэс-канферэнцыі ў Кангрэсе ЗША амерыканская прэса звярнулася да падзей у Беларусі; New York Times змясціў рэдакцыйны артыкул, у загалоўку якога кіраўнік Беларусі быў названы тыранам. «Краіна мяняе статус», — канстатавала ў тыя дні «Наша Ніва». І падзеі восені 1996-га адбываліся пры пільнай увазе сусветнай супольнасці.
«Калі Пазьняка пасадзілі б у турму, а тым больш забілі б — абураны народ выйшаў бы на вуліцы», — такое я чуў у 1996-м, падобнае часам гучыць і зараз.
Той, хто так кажа, пераносіць вопыт іншых краін і іншых народаў на Беларусь. Ды вось толькі не спрацоўвае ў Беларусі тое, што было ў Чэхіі, Польшчы ці Венгрыі, дзе палітычныя вязні альбо забітыя ахвяры сапраўды рабіліся, як ні цынічна гэта прагучыць, каталізатарам хвалі народнага супраціву.
«Я радаваўся б, калі б мяне збілі ў зале парламента, — гэта аўтаматычна гарантавала б мне пераабранне», — напаўжартам-напаўсур’ёзна сказаў польскі дэпутат пасля нашага збіцця ў Авальнай зале ў 1995 годзе.
«Мала вам далі», — гэтак казаў шмат хто з нашых выбаршчыкаў.
У камуністычнай Чэхаславакіі штогод у дзень самаспалення Яна Палаха адбываліся масавыя акцыі — хто ў Беларусі прыгадае імёны людзей, якія сябе палілі ў знак пратэсту (а такія людзі былі)?
У Польшчы генералы нічога не маглі зрабіць з папулярнасцю Леха Валенсы ды інтэрніраваных лідараў «Салідарнасці» — дзе цяпер тыя беларускія палітвязні, якія не месяц і не год адсядзелі ў турмах? Не хачу называць прозвішчы, але гэтыя некалькі мужных асоб (я называю іх мужнымі, хаця і не ўсе іх погляды падзяляю) выціснуты з «першых роляў» апазіцыі.
У чым жа галоўная розніца паміж намі і еўрапейскімі суседзямі? У больш як двухстах гадах расійскай акупацыі. Гэта час, калі развіццё нацыі спынілася.
Пазьняк аднойчы заўважыў, што па шмат якіх параметрах (навукаёмістасць прамысловасці, наяўнасць высокаадукаваных спецыялістаў, развіты аграрны сектар, выключна выгаднае геапалітычнае становішча, ідэальныя суадносіны памераў тэрыторыі і насельніцтва і гэтак далей) Беларусь на старце «вясны народаў» пачатку 1990-х апярэджавала сваіх суседзяў. Адставала толькі па адным — па ўзроўні нацыянальнай свядомасці. Прайшоў час — і зрабілася зразумелым, што менавіта гэты фактар і быў вызначальным.
Што ж, значыць, менавіта гэта павінна зрабіцца галоўнай мэтай і палітыкаў, і звычайных грамадзян, усіх, хто не жадае знікнення беларускай дзяржавы з мапы свету.
«Час Пазьняка яшчэ не настаў, хоць можа падацца, што ён мінуў», — сказаў Васіль Быкаў перад тым, як сышоў у Вечнасць.
«Рабі сёння!» — часта кажа мне (і іншым) Пазьняк, маючы на ўвазе, што мы не ведаем свайго лёсу і не зробленае сёння можа застацца ніколі не здзейсненым. Сам Пазьняк у гэтым — найлепшы прыклад выкарыстання часу. Палітычная яго дзейнасць у якасці старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі — БНФ навідавоку, але акрамя яе ёсць яшчэ і выдавецкая — у заснаваных ім «Беларускіх ведамасцях» ён выпусціў два дзясяткі кніг, сярод якіх вызначу «Канцэпцыю новага Беларускага Адраджэння» (пакуль у трох тамах) — гэта тэксты не толькі пра мінулае, але і на будучыню.
Пазьняк дзеліць час паміж Варшавай і Нью-Ёркам, часта з-за пільных спраў спіць па тры гадзіны на суткі, а падтрымкай яму — любімая жонка Галіна, дачка Надзя, а цяпер яшчэ і ўнукі. І, канешне, сябры.
Не хапае толькі аднаго — Беларусі.
…Неяк у Нью-Ёрку Пазьняк сказаў: «Вось будзе вольная Беларусь, паедзем у Суботнікі, я там ведаю месца (ды там усё навокал прыгожае), адкаркуем пляшку самагонкі, вып’ем па сто грамаў — і заспяваем песню…»
Я даўно ўжо не ўжываю моцных напояў, невысока цаню свае вакальныя здольнасці, але калі вернемся — абавязкова наведаем ягоныя родныя Суботнікі. З мясцовым напоем, думаю, праблем не будзе, а значыць, і з песняй — таксама.
Сяргей Навумчык, Народная Воля