У выдавецтве «Лімарыус» у серыі «Беларуская мемуарная бібліятэка» колькі тыдняў таму пабачылі свет успаміны «Маё мястэчка» Васіля Стомы (1911—1992).
Аўтар нарадзіўся ў Лужках былога Дзісенскага павету (сёння Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобласці). Падчас Другой сусветнай працаваў у беларускай адміністрацыі, таму ўлетку 1944 г. разам з маці і сястрой выехаў на эміграцыю. Праз гады побыту ў Нямеччыне Стомы выехалі ў ЗША.
А далей — звычайны лёс эмігранта, якіх дзясяткі і нават сотні тысячаў аселі ў другой палове ХХ ст. на Захадзе.
Васіль Стома быў адным з заснавальнікаў аддзела Беларуска-амерыканскага задзіночання ў штаце Нью-Джэрсі, быў сябрам Рады БНР, парафіянінам царквы Жыровіцкае Божае Маці ў Нью-Брансвіку, выкладчыкам у беларускай суботняй школцы. Зарабляў на жыццё, працуючы ў шавецкай майстэрні.
У вольны ад працы час Васіль Стома пісаў пра абрады й звычаі Дзісеншчыны, складаў слоўнічак тамтэйшага дыялекту, а таксама пісаў успаміны.
Асноўны змест апошніх складае аповед пра дзяцінства і юнацтва ў Лужках, а дакладней пра само мястэчка, вуліцы, будынкі, насельніцтва пад «польскім часам».
Каларытныя характары звычайных жыхароў, з гумарам пададзеныя падзеі штодзённага жыцця — усё гэта стварае выдатны вобраз заходнебеларускага мястэчка ў міжваенны час.
Прадстаўленыя Стомам Лужкі — мястэчка, дзе нарадзіўся стваральнік іўрыту Эліэзэр Бэн Егуда. Сярод згаданых ва ўспамінах ёсць а. Язэп Германовіч, вядомы доктар Усевалад Шыран, святар Іван Кушнер, жонка Станіслава Булак-Балаховіча.
Упершыню «Маё мястэчка» публікавалася на старонках эміграцыйнага часопіса «Беларускі сьвет», што выдаваўся ў Дэтройце ў 1980-х гг. Сёлетняе выданне больш поўнае, дадаўся таксама тэкст пра абрады й звычаі Дзісеншчыны.
Стрыечны брат Стомы Яўген Канановіч (ён жыў у СССР, але адведваў сваяка ў ЗША) згадваў, што «добры апавядальнік, знаўца вялікай колькасці анекдотаў, Стома любіў расказваць, што аднойчы яму давялося прышываць гузік самому Альберту Эйнштэйну. Той зайшоў у майстэрню і спытаў, колькі гэта будзе каштаваць, на што майстар-беларус адказаў, што для такога чалавека ён зробіць усё бясплатна».
Ці праўдзівая гэтая гісторыя, сказаць складана. Яна магчымая, бо славуты навуковец жыў за 35 кіламетраў ад Стомавага Нью-Брансвіка ўніверсітэцкім мястэчку Прынстан. Але Яўген Канановіч быў пэўны: брат нічога не прыдумляў.