У Мінску паставяць п'есу пра Мулявіна

Васіль Дранько-Майсюк — сын вядомага паэта — напісаў п’есу «Пясняр». Твор, прысвечаны творчасці Уладзіміра Мулявіна, яму замовіла для пастаноўкі Валянціна Еранькова, рэжысёр Рускага тэатра.

Для тэатральнай Беларусі — гэта сапраўдная падзея.

Па сваім духу НАДТ імя М.Горкага з’яўляецца адным з самых рускіх тэатраў Мінска і вельмі далёкі ад беларускасці. З айчыннай тэматыкай звязаныя толькі падзеі «Пане Каханку» Андрэя Курэйчыка.

Што тычыцца драматургаў, дык толькі чацвёра з іх – айчынныя (Курэйчык, Аляксей Дудараў, Андрэй Макаёнак, Алена Мінчукова). Іх творы ідуць па-руску. А вось «Пясняр» будзе пастаноўкай двухмоўнай.

Для Васіля Дранько-Майсюка — гэта драматургічны дэбют. Паводле першай адукацыі ён культуролаг, паводле другой — драматычны рэжысёр.

У 2011 годзе ён паставіў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі спектакль «Шчаслівы муж» — фарс паводле аднайменнай п’есы Францішка Аляхновіча. Цяпер працуе акцёрам у Маскве.

Дранько-Майсюк напісаў п’есу не пра жыццё Мулявіна, а пра яго творчасць. Згодна з сюжэтам, герой будзе сустракацца з класікамі, на чые вершы абапіраўся ў сваёй творчасці (Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Цёткай) і весці з імі гаворку.

У пастаноўцы прагучаць фрагменты з песняў «Песняроў».

Прэм’ера спектакля запланавана на кастрычнік 2014 года.

Мікіта Капкоў