Першым лаўрэатам прэміі імя Вацлава Ластоўскага стаў Антон Астаповіч

Вечарам 20 лютага ў Мінску старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі  культуры Антон Астаповіч быў уганараваны прэміяй імя Вацлава Ластоўскага, заснаванай Мінскім гарадскім таварыствам аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага за важкі ўнёсак у папулярызацыю гістарычных ведаў у беларускім грамадстве.

Такое рашэнне прыняла камісія ў складзе старшыні таварыства, доктара гістарычных навук, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Георгія Штыхава, намесніка старшыні таварыства, доктара навук у галіне інфармацыйных тэхналогій, прафесара Анатоля Тараса, сакратара таварыства, прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдата мастацтвазнаўства Ірыны Шумскай, дырэктара грамадскага аб’яднання “Інстытут беларускай гісторыі і культуры” (Рыга, Латвія), магістра эканомікі Віктара Яўмененкі і старшыні рэвізійнай камісіі таварыства, кандыдата тэхнічных навук Алега Шагуліна.

Сярод намінантаў гэтай нядаўна заснаванай прэміі Ірына Шумская назвала аўтара серыі гістарычных артыкулаў у газеце “Новы Час” і на сайце “Гістарычная праўда”, кандыдата гістарычных навук Ігара Мельнікава, каардынатара праекту “Вусная гісторыя”, гісторыка Ірыну Кашталян, пісьменніцу Людмілу Рублеўскую за кнігу “Рыцары і дамы”, а таксама стваральніка першай беларускай настольнай гульні “Паўстанцы. Каліноўскі супраць Мураўёва”, літаратара і рэжысёра з Гародні Антона Янкоўскага.

Спадарыня Ірына ўручыла Астаповічу дыплом і знак прэміі, а таксама кнігу Уладзіміра Арлова “Краіна Беларусь”.

Антон Астаповіч выказаў падзяку за ўзнагароду і паведаміў, што акрамя дзейнасці па абароне айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны разам з валанцёрамі таварыства аховы помнікаў — беларускамі архітэктарамі і дызайнерамі — займаецца навукова-даследчай працай па аднаўленні шэрагу помнікаў айчыннага дойлідства, у тым ліку ў гістарычным цэнтры Магілёва, а таксама страчаных помнікаў архітэктуры ў гістарычным Берасці, што месціцца на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. “Вось чаму гэтую прэмію расцэньваю як адзнаку творчай працы ўсіх валанцёраў таварыства”, — сказаў Антон Астаповіч.  

Затым Анатоль Тарас прадставіў удзельнікам вечарыны чарговае выданне ў серыі “Невядомая гісторыя” — перавыданне першага тому трохтомніка вядомага гісторыка беларускага замежжа Вацлава Пануцэвіча “Літва і Жамойдзь. Розныя краіны і народы”. Трохтомнік упершыню ўбачыў свет у ЗША 60 гадоў таму, быў надрукаваны мізэрным накладам у 50 паасобнікаў, чаму адразу стаў бібліяграфічным рарытэтам.

Цяперашняе 305-старонкавае добра ілюстраванае (больш за 130 ілюстрацый з сучасных гістарычных даследаванняў) навукова-папулярнае выданне, якое выйшла ў сталічным выдавецтве “Харвест” накладам у 1 500 паасобнікаў, пераканаўча даказвае, што ліцвіны (продкі сучасных беларусаў) і жамойты (продкі цяперашніх летувісаў) былі рознымі народамі, якія гаварылі на розных мовах, жылі на розных землях, мелі розныя культурныя традыцыі.

У адрозненне ад арыгінала, што быў надрукаваны лацінкай на тарашкевіцы, перавыданне кнігі выйшла кірыліцай на сучаснай беларускай літаратурнай мове. Прычым пры перавыданні кнігі Пануцэвіча адмовіліся ад 1.055 спасылак на навуковыя крыніцы, сярод якіх — публікацыі вынікаў даследаванняў беларускіх, летувіскіх, нямецкіх, польскіх, расійскіх, а таксама вядомых антычных і сярэднявечных аўтараў.