Таварыства беларускай мовы звярнулася да ўладаў з ініцыятывай пашырыць святкаванне 90-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава.
У звароце, адрасаваным кіраўніку адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Андрэю Кабякову, прапануецца пералік захадаў, якімі, на думку сябраў ТБМ, неабходна дапоўніць праграму святкавання гэтай даты: назваць вуліцы імем Васіля Быкава ў Мінску, Горадні, Віцебску і Ушачах, адкрыць мемарыяльную шыльду на доме ў Мінску, дзе жыў пісьменнік, выдаць канверты з партрэтам Васіля Быкава, стварыць музейную экспазіцыю, прысвечаную пісьменніку, у Нацыянальным гістарычным музеі, Віцебскім і Гарадзенскім абласных музеях. «Нядаўна была апублікаваная праграма мерапрыемстваў „Гродна — культурная сталіца Беларусі“. Думалася, якое ўдалае супадзенне, у рамках „культурнай сталіцы“ можна зрабіць непараўнальна больш для памяці Васіля Быкава ў Горадні (адкрыць музей, назваць вуліцу, паставіць помнік, павесіць мемарыяльную шыльду, правесці шэраг літаратурных і культурных імпрэзаў і г.д.). Аднак у апублікаванай праграме мы знаходзім толькі невялікія чытанні ў верасні. Ніводнага сур’ёзнага мерапрыемства, наагул ніякага мерапрыемства ў чэрвені (дзень нараджэння Быкава — 19 чэрвеня) не спланавана. Наагул, нічога на год не спланавана, акрамя згаданых чытанняў. Вакол юбілею Васіля Быкава павінна б круціцца ўся культурная праграма Горадні на гэты год. Сюды дзеля Быкава паехалі б тысячы турыстаў. У беларускіх тэатрах Віцебску і Мінску павінны ўвесь год ісці п’есы па Быкаву. У кінатэатрах павінны ісці фільмы па Быкаву», — гаворыцца ў звароце.
Старшыня ТБМ Алег Трусаў дадаў у інтэрв'ю Свабодзе, што зварот будзе мець сілу толькі ў тым выпадку, калі шмат беларусаў звернуцца да чыноўнікаў з патрабаваннем годна адзначыць юбілей Васіля Быкава. Паводле спадара Трусава, нягледзячы на тое, што сціплая праграма святкаваньня, якая цяпер складаецца толькі з літаратурных чытанняў, ужо зацверджаная, час на яе ўдасканаленне ў бок пашырэння ёсць. «Ці спрацуе наш зварот, залежыць ад грамадзянаў Беларусі. Калі зварот падмацуецца хаця б 5–10 тысячамі асабістых лістоў з патрабаваннем на годным узроўні адзначыць 90 гадоў з дня нараджэння Васіля Быкава, то верагодна, што пункты, указаныя ў звароце, будуць выконвацца. Трэба браць асадку і пісаць на імя Мясніковіча, Кабякова, у Адміністрацыю прэзідэнта. Мы не адзін год з імі працуем і ведаем, што толькі масавасць індывідуальных лістоў можа даць станоўчы вынік. Таму адзіны спадзеў — на грамадзянаў Беларусі. Час да чэрвеня яшчэ ёсць, праграму святкаваньня можна пашырыць без праблемаў», — адзначыў Алег Трусаў. 90 гадоў з дня нараджэння Васіля Быкава будзе адзначацца 19 чэрвеня 2014 года.