«Чорны Валет»: Перастаць саромецца і загаварыць па-беларуску

Адзін з наймацнейшых тайбаксёраў Беларусі Дзмітры Валент, вядомы ў байцоўскім асяродку пад мянушкай “Чорны Валет“, пры канцы мінулага году здабыў чарговае чэмпіёнскае званне.

Цяпер у ягоным актыве 13 тытулаў чэмпіёна свету ў розных версіях і 4 — чэмпіёна Еўропы. На чым грунтуецца дамінаванне беларускіх спартоўцаў у свеце муай-тай? Пра гэта з ім пагутарыў Ігар Карней. — Каб тайландзкі бокс трапіў у праграму Алімпійскіх гульняў, відаць, найбольш радаваліся б спартовыя функцыянеры — з дзясятак дадатковых медалёў быў бы забяспечаны. Чаму папулярны ва ўсім свеце тайбокс дагэтуль не алімпійскі? — Так, я гэтаксама перакананы: каб Беларусь выступала ў гэтай дысцыпліне на Алімпійскіх гульнях, медалёў было б шмат, гэта дакладна. А чаму не алімпійскі від спорту? Тут шмат фактараў, якія спыняюць далейшае прасоўванне тайскага боксу да Алімпіяды, але галоўнае — адсутнасць паразумення паміж зацікаўленымі асобамі ў Тайландзе, адкуль гэты від і паходзіць. Вострае суперніцтва ідзе паміж дзвюма федэрацыямі, якія прэтэндуюць на лідарства. Калі б яны нарэшце аб’ядналіся, я думаю, тайскі бокс стаў бы алімпійскім у самым хуткім часе. А пакуль ідуць разборкі ўнутры федэрацыяў і няма адзінага легітымнага прадстаўніцтва, то тайбокс не могуць уключыць у алімпійскую праграму. — Дзмітры, якія найбліжэйшыя пляны, да якіх стартаў рыхтуецеся? — У лютым у мяне павінен адбыцца ў Тайландзе бой з вядомым мясцовым байцом Каоклаем Каенорсінгам. Узрост дзесьці пад 30, некалі ён выступаў у К1 і пры вазе ў 85 кілаграмаў біўся з хлопцамі, якія і 100 кіляграмаў важаць, і нават 120. То бок вельмі добры супернік, папулярны, імяніты, таму да гэтай сустрэчы пакуль мэтанакіравана і рыхтуюся. — Ваш калега Віталь Гуркоў, які 25 студзеня ў Мілане правядзе бой за прафесійны пояс, казаў, што ўнутраную матывацыю бярэ ў продкаў, ваяроў Вялікага Княства Літоўскага. Чым падсілкоўваецеся вы? — Што тычыцца маёй душэўнай матывацыі, то найперш я сам сябе прымушаю ўвесь час удасканальвацца. Мая вялікая павага да гэтага віду бярэ пачатак ад самага ранняга дзяцінства. Але калі я яшчэ ў школе хацеў пайсці на тайскі бокс, бацькі палічылі яго занадта жорсткім і аддалі мяне ў таэквандо. Пазаймаўся я гады чатыры таэквандо, даволі нядрэнна атрымлівалася, але калі стаў больш дарослы і ўжо мог выбіраць нешта самастойна, у выніку ўсё роўна трапіў туды, куды ўвесь час жадаў. На гэты момант, лічу, дасягнуў пэўных вынікаў, на якіх, зрэшты, спыняцца не збіраюся, іду далей. А што тычыцца таго, дзе і чым падсілкоўваюся... Так, я таксама лічу, што на генетычным узроўні, у крыві ў нас закладзеная ваяўнічасць, якая была ў ваяроў ВКЛ. Бо ў нашым стылі без напорства, характару няма чаго рабіць. Нездарма кажуць, што беларуская школа — адна з наймацнейшых у свеце. Таму што на самой справе нешта ёсць нябачнае воку, што мы атрымалі ў спадчыну ад сваіх продкаў.
— Калі летась каманда выпраўлялася на еўрапейскае першынства ў Партугалію, дзе вы сталі чэмпіёнам Еўропы, кампанія «Будзьма» экіпіравала байцоў майкамі з выявамі крылатых гусараў ВКЛ і гербам «Пагоня». Наколькі ўдалы вобраз, наколькі ён адлюстроўвае сувязь пакаленняў? — Я лічу, што вобраз на самой справе вельмі цікавы. Мы фактычна ўпершыню атрымалі «ўніформу», у кожнага на майцы лацінкай было напісана прозвішча па-беларуску. Усім нашым ідэя вельмі спадабалася. Дый не толькі нам, замежнікі адразу звярталі ўвагу, бо адразу бачна — вось яна, каманда. Таму задума надзвычай добрая, асабіста мне яна адразу прыйшлася даспадобы. Каб у будучым хто-небудзь гэтак жа папрацаваў над касцюмамі, усе былі б задаволеныя і ўдзячныя. Але нават з майкамі ўсе звярталі ўвагу, бо выглядала досыць нязвыкла, прынамсі нестандартна. Была пазначана і краіна — Беларусь, і прозвішча кожнага. Здалёк можна было ідэнтыфікаваць. — Даводзілася калегам з іншых камандаў тлумачыць, што за вершнік, што за герб? — Найбольш літоўцы падыходзілі, запытвалі. Знізу на майцы быў нанесены герб «Пагоня», які цяпер, атрымліваецца, афіцыйны герб у літоўцаў. Яны шчыра здзіўляліся: гэта ж наш герб, чаму ён раптам у вас? То бок літоўцы нават не сумняюцца, што гэта іхні герб і быў ён у іх заўсёды, тады як далёка не ўсе беларусы нават ведаюць, што насамрэч «Пагоня» належыць нам. — Чаму беларусы, адрозна ад тых жа літоўцаў, у масе сваёй мала цікавяцца гісторыяй дасавецкага часу?
 
— Па-першае, мала даносяць праўдзівых звестак, пачынаючы яшчэ са школы. Па-другое, цяпер людзі пайшлі, скажам так, вузка развітыя. Агульная маса не развіваецца ўвогуле. Моладзь сядзіць у гаджэтах, у найлепшым выпадку сходзяць на дыскатэку. Няма ў людзей ніякіх інтарэсаў. Развіваюцца адзінкі, астатнія жывуць як у канвееры: вучоба, праца, дом, на выходных — выпіць, пагуляць. Такая вось праграма-максімум. Асабіста ў мяне апошнім часам кардынальна змянілася стаўленне да жыцця. Стараюся развівацца, шмат чытаю, цікаўлюся рознымі спрэчнымі тэмамі. То бок каб не проста таптацца на месцы, хадзіць на трэніроўкі і сядзець дома, а намагацца развівацца і ў іншых кірунках. — Самая адметная рыса кожнага народа — нацыянальная мова. З рознымі моўнымі носбітамі, мяркую, вы сутыкаецеся падчас міжнародных спаборніцтваў. А вось чаму многія грамадзяне Беларусі распісваюцца ў непавазе да роднай мовы? — Мабыць, людзі пасля столькіх гадоў русіфікацыі папросту саромеюцца беларускай мовы. Думаю, справа збольшага ў гэтым. Просты прыклад: ідзеш ты па вуліцы, размаўляеш па-беларуску. Людзі глядзяць на цябе як не на «свайго», лічаць, што ты з «дзярэўні». То бок яшчэ моцны стэрэатып, што беларуская мова — «калгасная, неінтэлігентная». Хоць насамрэч гэта зусім не так. Я лічу, што беларусы павінна размаўляць на сваёй мове. Мы ж у Беларусі жывём і павінны ведаць свае карані, сваю гісторыю. Цікавіцца, што адбывалася ў нас раней, і ні ў якім разе не саромецца размаўляць на роднай мове. — Калі па-беларуску пачаў гаварыць Віталь Гуркоў, гэта было нечакана? Падсмейваліся зь яго ў камандзе? — Так, было троху нечакана, але ніхто не падсмейваўся. Хачу адзначыць, што ўвогуле ў нас вельмі добрыя ўзаемадачыненні ў камандзе, усе адзін аднаго падтрымліваюць, разумеюць. Дарэчы, не толькі Віталь, Юры Булат вельмі добра размаўляе на беларускай мове, я вось далучаюся. Таму з гэтым няма ніякіх праблемаў.
— Не раз здабыткам галоснасці рабіліся інцыдэнты, калі міліцыя забараняла заўзятарам падтрымліваць спартоўцаў бел-чырвона-белымі сцягамі. Падзел на «правільных» і «няправільных» фанатаў апраўданы? — Я лічу, што дзяліць не трэба, бо гэта справа кожнага, якім сцягам падтрымліваць сваю краіну, сваю каманду. Галоўнае, што людзі прыйшлі ці прыехалі перажываць менавіта за Беларусь. А пад якім сцягам яны гэта робяць — гэта выбар канкрэтнага чалавека. Асабіста я бел-чырвона-белы сцяг прымаю ўжо таму, што гэта нашы карані, наша мінулае. З якой прычыны яго кепска ўспрымаць? — Каманда беларускіх тайбаксёраў адметная не толькі выбітнымі вынікамі, але і грамадзянскай пазіцыяй шэрагу яе прадстаўнікоў. А ў якой ступені адчуваеце дзяржаўны клопат? — Скажу так: у нашай краіне ўвагі тайбоксу надаецца мала. Прычына якраз у тым, як мы казалі напачатку, што гэта не алімпійскі від спорту. Ад гэтага і заробкі невялікія, і дзяржаўны інтарэс такі ж самы. Можа, у будучым і будзе нейкі пад’ём уверх, а можа і не, хто яго ведае. Хоць інтарэс да тайбоксу з боку заўзятараў, спецыялістаў у Беларусі значны. Пару гадоў таму на адзін з турніраў у «Мінск Арэне» сабралася больш за 9 тысяч гледачоў, для нашага віду спорту гэта вялікая колькасць. Іншая справа, — каб ладзіць такія турніры з усясветнымі зоркамі, патрэбныя немалыя грошы. Але грошы браць няма адкуль: дзяржава не дае, са спонсарствам таксама складанасці. Так склалася, што добраахвотна сродкі на спорт у нас ніхто не хоча даваць, калі толькі ў загадным парадку на віды, якія знаходзяцца пад патранатам дзяржавы.
Дзмітры Валент нарадзіўся 13 красавіка 1988 года ў Мінску ў рабочай сям’і. Пачынаў займацца таэквандо, у 13 гадоў перайшоў у тайскі бокс. Трэніруецца ў мінскім клубе «Kick Fighter Gym». Выступае ў сярэдняй і суперсярэдняй вазе, майстар спорту міжнароднага класа. Свой першы тытул заваяваў на чэмпіянаце свету паводле версыі W.M.F. у 2006 годзе ва ўзросце 17 гадоў. У 2007-м выйграў залаты медаль на чэмпіянаце свету паводле версіі W.A.K.O. У наступныя гады медалёвая калекцыя імкліва папаўнялася. На рахунку Валента — вікторыі над такімі выбітнымі байцамі, як Ёган Лідан, Шэйн Кэмпбэл, Паўлас Капоніс і іншымі. Летась, пасля заваявання чарговага тытула на чэмпіянаце Еўропы, пабраўся шлюбам з Марыяй Пімахавай — вядомай тайбаксёркай, якая трэніруецца ў сталічным клубе «Патрыёт» і якая таксама прывезла з Партугаліі залатую ўзнагароду. На дваіх маладыя маюць два дзясяткі ўсясветных і еўрапейскіх чэмпіёнскіх тытулаў.