Курсы “МОВА НАНОВА” - цяпер і ў фармаце анлайн

У Сеціве запрацаваў сайт курсаў movananova.by, дзе можна знайсці цікавыя і разнастайныя матэрыялы па вывучэнні беларускай мовы.

Сайт быў прэзентаваны падчас першага занятку курсаў “МОВА НАНОВА” (які, дарэчы, быў аншлагавым).

“МОВА НАНОВА” — бясплатныя курсы беларускай мовы, якія існуюць са студзеня 2014 года. Курсы запачаткавалі ў Мінску філолаг Алеся Літвіноўская і журналіст Глеб Лабадзенка, якія і распрацавалі матэрыялы для сайта.

Цяпер тут даступныя матэрыялы 21 урока (напрыклад, «Святы», «Музыка», «Спорт», «Часткі цела», «Лацінка», «Надвор’е», «Адзенне», «Посуд» ды інш.). Таксама на сайце ёсць спіс беларускіх народных імёнаў, цікавосткі, сканіраваны ўрывак з трэцяга статута ВКЛ. Ёсць рубрыкі відэа, граматыка, марфалогія, правапіс, лексіка, гісторыя мовы, культура мовы ды інш.

Сайт распрацаваны Юрасём Адамовічам.