Выданне даступнае на сайце Slounik.org.
У савецкія часы выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя» узначальваў паэт Пятрусь Броўка. Менавіта пры ім была падрыхтаваная і выдадзеная першая 12-томная «Беларуская савецкая энцыклапедыя». Пры ўсіх недахопах (гаворка асабліва пра савецкае мысленне, якое дамінавала ў артыкулах) на яе старонках былі ўпершыню змешчаны біяграфіі шэрагу нацыянальных дзеячоў (хай сабе, і з адмоўнай ацэнкай).
З абвяшчэннем незалежнасці Беларусі стала зразумела: грамадству патрабуецца новая энцыклапедыя, напісаная з нацыянальных пазіцый.
Яе падрыхтоўка пачалася ў 1993 годзе пад кіраўніцтвам пісьменніка і даследчыка беларускай эміграцыі Барыса Сачанкі. 18 тамоў (апошні ў двух кнігах) выйшлі ўжо пасля яго смерці пад кіраўніцтвам паэта Генадзя Пашкова.
Першы том з’явіўся ў 1996, апошні – у 2004 годзе. Кожны з тамоў змяшчае прыкладна па 100 улікова-выдавецкіх аркушаў кніга). У 18 тамах змешчана каля 80 тысяч тэрмінаў.
Беларуская энцыклапедыя – універсальны сістэматызаваны даведнік, які змяшчае самыя разнастайныя звесткі па ўсіх галінах ведаў, назапашаных чалавецтвам, пра найважнейшыя падзеі гісторыі і сучаснага грамадска-палітычнага жыцця, пра выдатных дзеячаў усіх часоў і народаў. У той жа час пэўная перавага аддаецца аргументаванаму асвятленню падзей, з’яў, фактаў, звязаных з Беларуссю і з яе выдатнымі дзеячамі ва ўсіх галінах жыцця.
Такія даведнікі апрыёры павінны быць даступныя ў электронным варыянце. Размяшчэнне энцыклапедыі ў інтэрнэце – надзвычай годная справа.
Акрамя таго, трэба звярнуць увагу яшчэ на два аспекты. Не сакрэт, што большасць звычайных наведвальнікаў часцей не гартаюць усю энцыклапедыю, а выбіраюць асобныя артыкулы на папулярных рэсурсах. Напрыклад, у «Вікіпедыі». Электронная энцыклапедыя, напісаная «наркамаўкай», налічвае 67,7 тысяч артыкулаў, «тарашкевіцай» – амаль 52 тысячы. Цяпер рэдактары змогуць яшчэ больш павялічыць іх аб'ём, дадаўшы матэрыялы 18-томніка.
Другі аспект звязаны з тым, што звесткі, змешчаныя ў даведніках, імкліва старэюць. З часоў падрыхтоўкі першага тома прайшло ўжо амаль два дзесяцігоддзя. Таму будучыня ўсіх энцыклапедый – за іх размяшчэннем у электронным фармаце з магчымасцю абнаўлення. З’яўленне 18-томніка на Slounik.org – адзін з першых крокаў у гэтай справе.