Шчодры вечар: з аншлагам пачаўся новы сезон курсаў беларускай мовы

«Усё адно не ўлезеце ўжо ў залю, хадзеце лепш да нас!» — з усмешкай заклікаў у кнігарню Павал Касцюкевіч людзей, што спрабавалі прашчыміцца ў залю галерэі «Ў». Хоць за спінамі ў зімовых палітонах, прыцярушаных першым снегам, можна было хіба што пачуць вядоўцаў, але нічога не пабачыць. Сёння (13 студзеня - веб-рэд.) стартаваў новы сезон бясплатных курсаў беларускай мовы, што сталіся сапраўднай падзеяй мінулага году.

Ініцытыва Кацярыны Кібальчыч «Мова ці кава» стартавала з Масквы і хутка распаўсюдзілася на Мінск, збіраючы аншлагі – штотыдня цікавы фармат, харызматычныя вядучыя і вядомыя госці збіралі ў Мінску болей за сотню людзей. Аднак з новага году курсы беларускай мовы яшчэ болей заінтрыгавалі беларускі культурніцкі асяродак паведамленнямі і чуткамі пра «змену фармату», «новы назоў» і нават «раскол». Па факце, сёння ў Мінску ў адзін і той жа час, але ў розных месцах курсы беларускай мовы, зладжаныя рознымі камандамі, якія раней працавалі разам, сабралі аншлагі. Generation.by паспеў наведаць абодва заняткі, каб паглядзець, як і каму цікава вывучаць мову нанова.

На ўваходзе ў галерэю «Ў», дзе сёння стартаваў новы курс «Мова нанова», было не ўбіцца. Натоўп падпіраў ужо з вуліцы. Болей за дзве сотні дык дакладна здолелі прашчаміцца ў залу. Тут і моладзь, і людзі сталага веку. Самыя хітрыя ўтварылі чаргу і з боку калідору, які яднае кнігарню «Логвінаў», галерэю «Ў» і краму дызайнерскіх рэчаў. Горача сёння было і ў кнігарні – Наталка Харытанюк і Ігар Бабкоў акурат ладзілі падвойную прэзентацыю, абодва выпусцілі кнігі.

Курсы, якія ладзяцца ў галерэі «Ў», завуцца цяпер «Мова нанова» і маюць пастаянных вядучых – Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская, якія добра вядомыя мінскай публіцы, бо вялі «Мовуцікаву» ў Мінску ў мінулым годзе. Цяпер жа вядоўцы вырашылі ладзіць свае курсы з падобным фарматам, з запрашэннем адметных гасцей, аднак з новым назовам — «Мова нанова».

Глеб, заціснуты на пятачку паміж экранам і публікай, весела распавядае пра навагоднія прыгоды, калі стваралі сайт для новых курсаў літаральна пад святочнай ёлкай. На экране — відэа з Рыгорам Барадуліным, які адмыслова напісаў да старту новых курсаў верш. А наперадзе чакаецца запрашэнне адметных гасцей у залу праз Інтэрнэт. Такім чынам незамяняльны для беларускай культуры Стэфан Эрыксан здолее зноўку наведаць галерэю «Ў» і без перасячэння мяжы. Як бы ні было займальна (а наперадзе яшчэ чакаў майстар-клас з самым сапраўдным пекарам!), аднак інтрыга цягне нас завітаць у «ЦЭХ».

Каманда пад кіраўніцтвам Кацярыны Кібальчыч працягнула курсы «Мова ці кава», аднак з новым фарматам – новае месца, розныя вядучыя, анансаваныя вострыя дыскусіі і моладзевы фармат.

Падыход да кластару «ЦЭХ» традыцыйна інтрыгуе цёмнымі завулкамі з аўтасервісамі, у глыбіні якіх навісае шэры змрочны будынак, які па-моладзеваму ўспрымаецца хутчэй як модны сквот. Не заблукаць дапамагаюць указальнікі, а ўрачыстага настрою дадае чаканы першы снег у гэтым годзе.

Тут свабадней, вялізны будынак з высачэзнымі столямі для такіх натоўпаў дакладна больш выйгрышны. Людзей таксама безліч, пераважна моладзь, знаёмыя-незнаёмыя. Адразу ў залі кавярня, дзе можна ўзяць кавы-гарбаты-капучына, чым многія і карыстаюцца. Тут вядоўцамі сёння Алесь Залеўскі, які таксама «засвяціўся» на мінскай «Мова ці кава» да Новага году, і Васіль Дранько-Майсюк. Тут жа і сама Кацярына Кібальчыч, і вядучыя наступнага занятку Валярына Кустава і Франак Вячорка. Агульная атмасфера найперш гэтым і розніцца – у імпрэзе, бо заняткам назваць неяк вузка, удзельнічаюць усе. Жарсці накаляюць дэбаты з удзелам беларускіх рэстаратараў. Што рабіць, каб афіцыянты не крывілі твар пры замове ў іх «кубачка гарбаты і рахунка»? І што рабіць рэстаратарам, для якіх мову дыктуе кліент, які рускамоўны? Наступным разам стваральнікі інтрыгуюць дыскусіяй «Рускія ў горадзе» пра гасцей сталіцы.

Па першых занятках усяго не прадкажаш, ды й каманды не раскрываюць усіх сакрэтаў. Аднак пакуль такі падзел выглядае на карысць. Абодва заняткі нават паасобку сабралі болей людзей, чым у мінулым сезоне, які і так славіўся папулярнасцю. І без таго цікавыя курсы сталі яшчэ больш цікавымі, і ў наведнікаў з’явіўся выбар.

 «Мова ці кава»: «ЦЭХ», вялікая індустрыяльная зала, альтэрнатыўна, каманда розных вядучых, актуальныя тэмы ў дыскусіях і дэбатах, кавярня наўпрост на месцы, моладзевая публіка, а для студэнтаў БДУІР, БНТУ і іншых літаральна праз дарогу, можна прыбягаць, не паспеўшы зашпіліць зімовую вопратку.

 «Мова нанова»: галерэя «Ў», цэнтр горада, побач метро, харызматычныя і пастаянныя вядучыя. Калі раптам не хопіць месца, можна працягнуць вывучэнне беларускай мовы, прыкупіўшы сучаснай літаратуры ў кнігарні, што месціцца праз сценку, ці працягнуць практыку за філіжанкай кавы ў кавярні.

Пакуль што абодва курсы ладзяцца штопанядзелак а 19.00. Дзе сустрэнемся?