На паштоўках - невядомыя беларускія жаўнеры

Набор паштовак, прысвечаны невядомаму жаўнеру другой сусветнай вайны, выдадзены сіламі гарадзенскіх аматараў беларускай гісторыі з удзелам гарадзенскіх прыхiльнікаў “Маладога фронту”. Гэты невялікі набор ставіць задачу паказаць, як выглядалі жаўнеры, якія не ваявалі на баку камуністаў, але якія былі таксама беларусамі.

Кажа гарадзенец Алесь Кіркевіч:

- Невядомасць асобаў акурат была своеасаблівым цымусам гэтага набора паштовак. У далейшым, калі атрымаецца, можна было б выдаць набор паштовак паводле карцінаў Алеся Пушкіна, які, напрыклад, маляваў і Усевалада Родзьку, і Вітушку, і Чарамшагіну, і зараз з'явілася карціна Яўгена Жыхара. То бок абсалютна дарэчнай была б такая серыя паштовак, якая б адлюстроўвала ўжо, можна сказаць, кананізаваных персанажаў беларускага рэзістансу. Гэта ўжо праца на будучыню.

Набор паштовак атрымаў вялікую зацікаўленасць сярод беларусаў. Яго наклад ужо амаль разыйшоўся. На фатаздымках выявы сяброў Саюзу Беларускай Моладзі, жаўнеры самааховы і паліцэйскіх батальёнаў.