Радзім Гарэцкі: «Каханне трэба песцiць...…»

У працоўным кабінеце Радзіма Гаўрылавіча паўсюль кнігі. Кажа, што ўжо няма куды і складваць, расказвае пра іх. З маім суразмоўцам наогул размаўляць можна суткамі. Яму на самай справе ёсць што распавесці…

— Радзім Гаўрылавіч, што для вас 85 гадоў? Як успамінаецца дзяцінства, наколькі яркія гэтыя ўспаміны? — У жыцці было столькі розных момантаў, што ў памяці ўсплываюць нават нечаканыя. Жыццё ў мяне было досыць складанае. — Вы нарадзіліся, можна сказаць, разам з Беларускай акадэміяй навук… — Так, і ў ліку першых акадэмікаў абралі майго бацьку Гаўрылу Іванавіча. Ён быў тады дырэктарам Інстытута сельскай і лясной гаспадаркі. Але ў 1930 годзе бацьку арыштавалі, а таксама і дзядзьку — пісьменніка Максіма Гарэцкага. Тату спачатку прыгаварылі да расстрэлу, але пасля саслалі на Салаўкі на 10 гадоў. Там я і правёў сваё дзяцінства. Тагачасныя ўспаміны ўсплываюць дагэтуль. Памятаю, як у Кольскім заліве ў час адліву мы рукамі лавілі камбалу, а з дзедам, маміным бацькам, збіралі цудоўныя ягады… Але былі і непрыемныя, нават жахлівыя моманты. Я рос сярод зняволеных, і не ўсе былі “палітычнымі”. “Уркі” навучылі нас з братам паліць папяросы, лаяцца. Мы былі сведкамі таго, як збягалі зняволеныя. Да гэтага часу ў вачах стаіць карціна. Зняволены ўцёк і схаваўся ў траншэю. Закапаўся ў пясок і задыхнуўся. Сабакі знайшлі яго, выцягвалі з ямы чалавека, які ўжо быў сіні… Вось такія ў мяне кантрасныя ўспаміны. Час быў вельмі няпросты. Бацька пасля гэтага быў яшчэ два разы арыштаваны. А Максіма ў 1938 годзе расстралялі. — Ваш бацька быў такі вядомы чалавек… — А Максім Гарэцкі — яшчэ больш вядомы! Літаратар Антон Адамовіч у сваёй манаграфіі пісаў: “Максім Гарэцкі — пачынальнік сучаснай беларускай прозы”. Нікога не шкадавалі… Вінавацілі іх у “нацдэмаўшчыне”, па сутнасці, забралі за тое, што занадта любілі Беларусь, мову, людзей і імкнуліся, каб краіна была самадастатковай. І забраць было не праблема. Прыдумвалі што заўгодна. Максіма і бацьку вінавацілі ва ўдзеле ў выдуманым Саюзе вызвалення Беларусі. Патрэбна была справа, гучны працэс, як ва Украіне. Янка Купала ў знак пратэсту зрабіў тады сабе харакіры, ускрыў нажом жывот, а кіраўнік Акадэміі навук Ігнатоўскі скончыў жыццё самагубствам. Была скандальная сітуацыя… Прыпісвалі бацьку і ўдзел яшчэ ў адной міфічнай структуры — Працоўнай сялянскай партыі, антысавецкую прапаганду, шпіянаж на карысць Польшчы і Германіі. Гаўрылу Іванавіча поўнасцю рэабілітавалі ў 1958 годзе, а праз год — і Максіма. Колькі тады рэпрэсавалі таленавітых людзей! Я думаю, каб не гэта, то сёння, можа быць, і мы жылі б па-іншаму. У іх было столькі імпэту, столькі жадання зрабіць нашу Беларусь па-сапраўднаму шчаслівай… — Вы, малы хлопчык, тады разумелі, што адбываецца? — Я бачыў гора сям’і, трагедыю. Бацьку арыштавалі, маці засталася з намі адна. Са службовай кватэры ў Мінску выгналі, некаторыя адмаўляліся размаўляць з жонкай “ворага народа”, на працу не бралі. Сядзелі галодныя і халодныя. — Недзе чытаў, што ў вашых бацькоў было вельмі светлае каханне… — Мне і брату вельмі пашанцавала, што ў нас былі такія бацькі. Маці была з Беластока, тата — з Магілёўшчыны. Яны пазнаёміліся яшчэ студэнтамі. Звычайнае сяброўства перарасло ў сапраўднае каханне, якое прайшло праз усё жыццё.  — Радзім Гаўрылавіч, а калі вы першы раз закахаліся? — У трэцім класе, калі гэта можна назваць каханнем. Мне вельмі падабалася адна дзяўчынка, і я адчуваў, што я ёй таксама. Але ж мой бацька тады сядзеў у турме, і маці дзяўчынкі не дазваляла нават падыходзіць да сына “ворага народа”. Казала: “Каб я цябе з гэтым гадам не бачыла!” І, ведаеце, раней адносіны паміж хлопцам і дзяўчынай былі не такія, як цяпер. Мы да гэтай справы адносіліся больш сур’ёзна.  — У якім узросце вы ажаніліся?
 
 
— 23 гады было, акурат інстытут скончыў. Але, шчыра скажу, такога кахання, як у бацькоў, у нас з жонкай не было. У каханні галоўнае не толькі фізіялагічная блізкасць, а яшчэ больш — духоўнае адзінства. Каханне трэба не ганьбіць, а песціць. Насіць на руках, як нейкую зорку. Вось тады яно не тухне. — Чаму вы больш часу прысвячалі — рабоце ці сямейнаму жыццю? — Усё ж больш рабоце. І гэта, відаць, ад бацькоў. Да таго ж, як мне падаецца, вельмі важна выбраць прафесію. Калі ў БДУ чытаў лекцыі будучым геолагам, заўсёды казаў: “Тысячу разоў падумайце, ці ваша гэта. Лепш з першага курса сысці, каб затым не было расчаравання”. Я ж выбраў прафесію геолага, як і бацька, і быў вельмі задаволены. Мне падабаліся вандроўкі, гэта была вельмі рамантычная прафесія. А калі нешта падабаецца, то і справа ідзе добра, і вочы гараць, і ёсць апантанасць да навукі. — Наколькі, на ваш погляд, сёння апантаныя маладыя беларускія навукоўцы? — Розныя ёсць, але сёння сітуацыя з моладдзю вельмі кепская. А ў геалогіі — проста катастрафічная. І перш-найперш справа ў фінансах, бо з такімі заробкамі чалавек элементарна не можа пракарміць сваю сям’ю. Людзі атрымліваюць вышэйшую адукацыю, але не ідуць у навуку. Выпускнік лепш уладкуецца ў якую-небудзь фірму. Вось там ён заробіць! А ў нас… Хіба 2 мільёны — гэта грошы для сталіцы? — Усяго 2 мільёны?! — Гэта ў найлепшым выпадку. Адзін час даходзіла да смешнага. Аспірант атрымліваў больш, чым малодшы навуковы супрацоўнік. З’язджаюць за мяжу, шукаюць новыя “хлебныя” месцы. Поўны разгон! Дзякуй Богу, што сталых людзей не выганяюць з акадэміі, вось яны цяпер і цягнуць усю геалагічную навуку. Сыдуць — будзе правал. Гадоў дзесяць-дваццаць трэба будзе, каб дацягнуць навуку да былога ўзроўню. — А вам не было прапаноў змяніць месца на больш грашовае? — Колькі заўгодна. У Расію запрашалі дырэктарам Геалагічнага інстытута, дзе я ў свой час працаваў. Вылучалі на выбары акадэмікам Акадэміі навук СССР, але абралі, калі Саюз ужо разваліўся. Таму я з’яўляюся замежным членам Расійскай акадэміі навук, але грошы там не атрымліваю. У Расіі навукоўцы (і асабліва члены РАН) за званне атрымліваюць непараўнальна больш, чым у нас. Але я адданы сваёй зямлі, роднай Беларусі. — Нейкі час вы ўзначальвалі Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», шмат робіце для адраджэння роднай мовы і культуры… — Ведаеце, на беларускай мове я загаварыў, калі ўжо школу заканчваў. Мне давялося змяніць 13 школ, пакуль качавалі па Расіі. Ды і ў Беларусь вярнуўся толькі праз 40 гадоў. З 1993 да 2001 года я быў прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», а сябрам Рады з’яўляюся ад яго стварэння да гэтага часу. Удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні ўсіх шасці з’ездаў беларусаў свету. — А якой бы вам хацелася бачыць Беларусь? — Незалежнай. Дэмакратыч-най. І абавязкова — беларускай Беларуссю. На першае месца трэба ставіць родную мову, культуру, навуку. Без мовы не будзе краіны. І дыягназ сённяшняй уладзе можна паставіць адзін — антыбеларускі. Мову амаль не падтрымлівае, літаратуру, культуру — мала… А да чаго адукацыю давялі! Шчыра скажу — сорамна за дзяржаву. Без нацыянальнай культуры, літаратуры, навукі, адукацыі, высокаразвітай эканомікі немагчыма пабудаваць незалежную дзяржаву. — Радзім Гаўрылавіч, у 85 гадоў вы выглядаеце выдатна. Актыўны, творчы, аптымістычны… — Я вам скажу больш — да 70 гадоў я наогул практычна не хварэў. Але пасля здарыўся інфаркт, я атрымаў прафесійны, моцны ўдар па галаве, калі ішоў дадому… Адным словам, здароўе пахіснулася, цяпер цэлы букет розных хвароб. А што дапамагае падтрымліваць сілы? Першае — добрыя гены. Родныя па маці жылі больш за 90 гадоў. Бацька памёр у 88 гадоў, але пасля турмаў і так дзівіліся, як ён дацягнуў да гэтага часу. Маці і тата былі нязлоснымі, жыццялюбнымі, незайздрослівымі. Я гэтыя прынцыпы таксама сабе ўзяў, і гэта насамрэч дапамагае жыць. Колькі разоў бачыў, што зайздрасць, як іржа, з’ядае чалавека. Трэба мець любоў да жыцця, старацца быць добрым, працавiтым, аптымістычным. Вельмі дапамагаюць падтрымка і разуменне жонкі. Нягледзячы на цяжкі стан сучаснай навукі, асабліва геалогіі, мяне радуе, што я па-ранейшаму магу займацца навукай, мець добрых сяброў — цікавых людзей, бачыць цудоўную нашу прыроду. — Ці перакуліце чарку на юбілей? Можаце сабе яшчэ дазволіць? — Раней я гэта рабіў з прыемнасцю, але цяпер дактары зусім забаранілі алкаголь. Так што ў найлепшым выпадку прыкладу да вуснаў адну чарачку. Дарэчы, за ўсё сваё жыццё я напіваўся, можа быць, разы два. А бацька наогул не піў. Гарэлка шмат творчых людзей згубіла… — Як збіраецеся адзначаць 85-годдзе? — Хацелася б як мага цішэй, бо святкаванне такой даты больш нагадвае мне рэпетыцыю праводзінаў на той свет. Прабачце за чорны гумар… Але з прыемнасцю буду прымаць віншаванні.  Алесь СІВЫ. Фота аўтара і з сямейнага архіва Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага.