Мы так прызвычаіліся да сцвярджэння «кніга – найлепшы падарунак», што і не думаем падвяргаць яго сумневу. Між тым, далёка не кожная кніга сёння можа парадаваць. Над тым, якое беларускае выданне можна пакласці пад святочную ялінку, разважае крытык Ганна Кісліцына.
Іншым разам, каб зразумець якасць рэчы, варта змяніць ракурс погляду.
Напрыклад, паглядзець на кнігу не як на выдадзены тэкст, а як на калядны падарунак. Задаеш параметры свята – і кніга ўжо не толькі змест, але і форма, не толькі мэсідж, але і прадмет.
Смаліста-пранізлівы водар ялінкі… Насычаны колер цытрусавых… Ліхаманкавае святло агеньчыкаў, якія надаюць новы сэнс любой, самай прыземленай рэчы... І, безумоўна, падарункі. Маленькі чалавек любіць іх атрымліваць, дарослы – дарыць… Дзіўна, але апошні раз кнігу на беларускай мове ў падарунак я атрымлівала ў дзяцінстве, яшчэ тады, калі верыла ў Дзеда Мароза.
Кніга – насамрэч вельмі рызыкоўны падарунак. Што ўжо казаць пра кнігу на беларускай мове!
І ўсё ж рызыкну – паспрабую зрабіць спіс тых выданняў, якія могуць быць дачытанымі да канца самымі звычайнымі чытачамі, а не толькі тымі нешматлікімі інтэлектуаламі, што мераюць культуру «славойжыжэкамі».
Пачнем з паэзіі. Хоць яна і каралева літаратуры, але масавы чытач яе цярпець не можа. Шчаслівым выключэннем тут можа стаць кніга Усевалада Сцебуракі «Бег па самаадчуванні».Крытык Віка Трэнас напісала пра яго неяк дзіўна: «Любы літаратурны рэдактар (а, як вядома, у кожнай прафесійнай супольнасці ёсць свае сакрэты і адмысловыя азначэнні толькі “для сваіх”), сказаў бы: “Гэта той выпадак, калі паэт мае талент ад Бога, прычым прыродных здольнасцей настолькі багата, што творца можа нават не азадачвацца працаваць над сабой”».
Шчыра кажучы, я раней не здагадвалася, што рэдактары ведаюць, ад каго ў паэта талент. Можа, у іх цяпер які адмысловы рэдактарскі фільтр стаіць, каб такое вызначаць? Але праўда ў тым, што вершаваныя творы Сцебуракі па-харошаму ўражваюць – яснасцю мовы, прамалінейнасцю думкі, традыцыйнасцю ў прыхільнасцях.
Каханне, сяброўства, радзіма – так, гэта па-ранейшаму кранае. Больш за тое – гэта кранае менавіта цяпер, на фоне татальнай прасцёбленасці беларускай паэзіі.
Каму дарыць? Мамам, татам, любімым і дарагім. Калі вы рамантык з цвёрдай нацыянальнай пазіцыяй, які дбае пра ўласны гонар, – гэтая кніга для вас таксама!
А вось калі вы хочаце зрабіць падарунак вытанчанай жанчыне – падарыце ёй «Рыбы» Насты Кудасавай. Крытык Марына Весялуха таксама напісала пра гэтую кнігу дзіўна. «Калі паспрабаваць вывесці рэцэпт “Рыб”, то атрымаецца прыкладна наступнае: да 100 грам міфалогіі дадаць 300 грам рэлігіі, 150 грам філасофіі, 20 крылаў анёлаў, 5 птушыных гнёздаў, 3 выраі, 2 чайныя лыжкі суіцыдальнасці. Сумесь заліць літрам настойкі кахання на абсэнце і глінтвейне (алкагольныя напоі змешваць у роўнай прапорцыі), дадаць жменю шчырасці, жменю адданасці, варыць цягам гадзіны на павольным агні. Гэтае чароўнае паэтычнае зелле рэкамендуецца прымаць падчас поўні, асабліва закаханым…» Ведаеце што? Я цалкам згодная з крытыкам! Гэты чароўны, густы напой будзе да густу практычна любой жанчыне, але прыгожай – асабліва дарэчы.
Кнігу «Свамова» Ігара Кулікова, калі і дарыць, то ўпярэдзіўшы доўгай лекцыяй-тлумачэннем. Чытанне яго вершаў нагадвае распутванне нітак старога пушыстага швэдра – быццам бы і нічога складанага, але як загрузнеш на якім слове, то, здаецца, і далей не можаш ісці, не парваўшы нітачку сэнсу. Але мяне, прызнацца, зачаравала моўная стыхія яго твораў, якія, бывае, гудзяць, як сцюдзёны вецер за акном: «…ува мне качуе кроў ардой нязнанай сілы// і мысьль ня выславіць што ные у касьцях// я чую трымт сусьвету што ломіцца мне ў жылы // я на ігле надрыву я ў прыступе жыцьця». Калі ў вас ёсць сябры з прэтэнзіяй на інтэлектуалізм, то можаце дарыць у якасці тэста. У любым выпадку будзе пра што пагаварыць пасля.
Перш чым перайсці да прозы, выблытаюся з перадсвяточнага настрою і строга памахаю пальчыкам.
«Аяяй, беларускія празаікі, аяяй! Гэта ж трэба так зацыкліцца на прэміі Гедройца, каб не выдаваць кнігі аж да дня абвяшчэння новай прэміі! І ўсё ў разліку на тое, што журы будзе помніць толькі апошнія прачытаныя старонкі…»
Але хітрыкі не спрацавалі, ідэя «падаруначкаў» суддзям пад елку правалілася – цяпер прэмія будзе ўручацца ў чэрвені. Але пакінуць чытачоў без прозы ў халодным разліку на грошы – было непрыгожа і няветліва адносна чытачоў, за чыю ўвагу вы павінны змагацца!
Аднак вернемся да нашых ялінак… Што любяць чытаць самыя звычайныя беларусы доўгімі зімовымі вечарамі, седзячы ва ўтульным фатэлі і папіваючы чай з малінай? Містыку, дэтэктывы, эротыку, любоўныя раманы.
Відавочна з думкай пра тое, чым заняць уражлівага чытача, пісала свае «Ночы на Плябанскіх млынах» Людміла Рублеўская. Вось як пачынаецца сам твор: «Я ня ведаю, чаму людзі так любяць страшныя гісторыі. Вядома, усе прагнуць цудаў. Бяз веры ў цуд душа сьляпая, нібы начны матыль. Але вельмі часта ў пошуку незвычайнага мы ляцім, як тыя матылі, не да зор, а на агеньчык сьвечкі альбо газоўкі…» Асабіста я – не аматар формульнай літаратуры, усіх гэтых чылераў, якія халодзяць кроў. Мне больш даспадобы яе іранічныя, удала стылізаваныя «Старасвецкія міфы гораду Б.», якія таксама ўвайшлі ў кнігу. Але – калі ў вас ёсць сябры, якія любяць адначасова містыку і нацыянальную гісторыю, але ў версіі light, то кніга «Ночы на Плябанскіх млынах» у першую чаргу – для іх.
Добрым і недарагім падарункам стане чарговы томік казак Адама Глобуса. Цяпер гэта «Казкі пра дарослых». Здаецца, яго лепш дарыць мужчынам – не толькі з-за зместу, але і з-за фармату: кніжка невялікая і добра ўваходзіць у кішэню мужчынскай курткі ці пінжака. Яе можна чытаць у набітым людзьмі транспарце, на люднай працы, на сумнай лекцыі. Адна праблема – казкі бываюць даволі вясёлыя, таму чытач раней ці пазней выдасць сябе гучным смехам. Карацей, кніга прыемная ва ўсіх адносінах.
Тыя ж перавагі і недахопы – вясёлы змест і малы памер – мае і дзіўна звярстаны «Блог Усяслава Чарадзея», напісаны, вядома ж, самім Усяславам Чарадзеям. Кнігу можна дарыць выключна людзям, чыё пачуццё гумару вы спраўдзілі на сабе. Філістэр вам гэтай кнігі не даруе і будзе абмяркоўваць кожны эпізод да сканчэння часу, пераконваючы вас, што «цудам адшуканы дзённік князя-пярэваратня» – гэта «фальшыўка, зробленая ў Польшчы». Таму лепш за ўсё дарыць такую кнігу самому сабе – разумнаму, іранічнаму, дасведчанаму, здатнаму распазнаваць класічныя цытаты.
Каб не губляць чытацкай увагі, ад кніжак вясёлых, маленькіх і недарагіх пяройдзем да кніжак страшных, тоўстых і перакладных. Безумоўна, грунтоўным падарункам любімай цётухне ці маме будзе зборнік дэтэктыўных апавяданняў «Злачынства, сэр» і зборнік містыкі «Вусцішны пакой». Выдатны выбар – хай трохі адпачнуць ад серыялаў! А вось жанчынам маладзейшым варта прэзентаваць «Хараство жыцця» Міхаэля Кумпфмюлера – выдатная вытанчаная вокладка сама па сабе, без любоўнай гісторыі ўнутры, стварае ўзнёслую атмасферу свята. Зноў жа, вельмі пачуццёвы, поўны смутку і дзявочых надзей, тэкст – выдатны напамін пра тое, што цаніць трэба сапраўдныя, а не ўяўныя каштоўнасці.
Як ні дзіўна, прасцей за ўсё абрадаваць сёлетняй кнігай будзе чалавека разумнага, адукаванага і патрыятычнага.
Асабліва тады, калі ён любіць гісторыю. Асабіста для мяне самымі яркімі кніжнымі падзеямі 2013 года сталі кнігі «Творы»Лявона Савёнка (раю чытаць аповесць «Запіскі эмігранта» – выбітны мастацкі твор, унікальны тым, што злучае, здавалася б, незлучальнае – Мінск у часы апошняй вайны, дзённікавую форму і востра-сатырычны погляд фельетаніста). Не менш цікавы жыхарам нашай сталіцы – як старэйшага ўзросту, так і маладым – будзе «Дзённік 1943–1947» Дзмітрыя Сямёнава, які ламае многія стэрэатыпы, закладзеныя ў нашы галовы школьнымі падручнікамі.
«Смак Беларушчыны» Генадзя Кісялёва – зборнік артыкулаў, прысвечаных пераважна постацям і дакументам ХІХ стагоддзя, напісаны настолькі арка і цікава, што я б з задавальненнем аднесла яго ў катэгорыю мастацкай літаратуры. Думаю, што варта прапанаваць аматарам гісторыі і дзве кнігі, якія проста асуджаныя на бурнае і працяглае абмеркаванне. Гэта «Дзевяноста першы: Год незалежнасці вачыма ўдзельніка» Сяргея Навумчыка і свежавыдадзены зборнік дакументаў «Рада БНР (1947–1970): Падзеі. Дакументы. Асобы» Наталлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча. Калі сярод вашых знаёмых ёсць патэнцыйныя палітыкі або дзейныя гісторыкі – гэта выдатны падарунак, хоць, безумоўна, абмеркаванне гэтых кніг наўрад ці паспрыяе камфортнай атмасферы ў святочныя дні.
Ну і, безумоўна, самым арыгінальным кніжным падарункам стане прадукцыя электроннага выдавецтва BYBOOKS, якую можна проста скачаць з інтэрнэту. Асабліва раю кнігу Маргарыты Аляшкевіч «Мадэль для забойства». Яе з задавальненнем прачытаюць усе беларускамоўныя дзяўчаты нашай краіны – свежае, актуальнае, іранічнае чытво.
Не надта багаты на падзеі і адкрыцці кніжны год 2013 падыходзіць да завяршэння… Напэўна, праз тыдзень-другі выдавецтвы «выбухнуць» прэміяльнай прозай. Але «гуляць» гэтыя кнігі будуць ужо ў годзе наступным. Гэты ж запомніцца як год відавочнага павароту да масавай літаратуры і актуалізацыі мінулага.