Прэзентацыя беларускамоўнага выдання кнігі Станіслава Шушкевіча «Маё жыццё, крушэнне і ўваскрашэнне СССР» прайшла ў Мінску.
Першы жанр, які асацыюецца з такой кнігай — мемуары. Але Шушкевічу ён недаспадобы.«Напісанне мемуараў — канец дзейнасці, – кажа ён. – Мемуары пішуцца, калі аўтар ляжыць на печы і дае парады. Ніякіх парадаў у мяне няма».
Штуршком для напісання «Майго жыцця…» сталі ўспаміны Вячаслава Кебіча «Спакушэнне ўладай». Прачытаўшы яе, Шушкевіч зразумеў: маўчаць нельга, бо былы прэм'ер адмовіўся ад Белавежскіх пагадненняў, якія спярша падтрымліваў.«Лічыў Кебіча паплечнікам, з якім рабіў адну справу. — сказаў Шушкевіч. — А ён усяго адрокся і добра жыве».
Зрэшты, галоўная справа ў жыцці экс-спікера зусім не Белавежскія пагадненні, а вывад ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі. Пасля падпісання пагаднення ў Віскулях ён зрабіў перад журналістамі адпаведную заяву. «Працэс цягнуўся да канца 1995 — пачатку 1996 года, — згадвае Шушкевіч. — Былі неаднаразовыя спробы перашкодзіць рэалізацыі. Але іх забракавалі, бо ўсе адпаведныя дакументы былі падпісаны.
Спярша Станіслаў Станіслававіч спадзяваўся надыктаваць кнігу знаёмай журналістцы, якая б зрабіла яе літаратурную апрацоўку. Але калі ў той не ўдалося, быў вымушаны пісаць і набіраць тэкст сам. Аўтар спадзяваўся спярша выдаць кнігу ў Беларусі.
Адзін з выдаўцоў, які ўзяўся за падрыхтоўку рукапісу, неўзабаве вярнуў яе са словамі: «Калі з'явіцца ваша кніга, гэта будзе апошняе, што я выдам».
Таму спярша «Маё жыццё» з’явілася ў Маскве ў выдавецтве «Распэн». А потым аўтар сам пераклаў кнігу на беларускую мову (рэдактар Міхась Скобла).
Шушкевіч мяркуе, што цяпер людзі не любяць чытаць доўгія кнігі. Таму ў кнізе ёсць і ўспаміны, і невялікія апавяданні. Адна з частак складаецца з фотаздымкаў і подпісаў да іх.
Андрусь Вяткоўскі