Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе

Так называецца дакументальны раман ураджэнца Случчыны Валера Санько, над якім ён працаваў 19 гадоў. Урыўкі з рамана на працягу двух гадоў зрэдку 
друкавалі дзве рэспубліканскія газеты, усяго 32 паласы. Шматлікія станоўчыя вусныя і пісьмовыя водгукі вельмі часта заканчваліся пытаннем: калі выйдзе кніга?
Нарэшце яна выйшла – 612 старонак, 50 асобнікаў. Не ў кожную бібліятэку трапіць экземпляр. Аўтар тры гады шукаў спонсараў у Беларусі і замежжы. Вынік нулявы.
Мы перакананыя, такой дакументальнай фактуры пра чарнобыльскае каламуцце не было ні ў аднаго даследчыка з Беларусі, Украіны, Расіі, тым болей з замежжа. Кніга вартая ўвагі чытача любой прафесіі, узросту. 
Упершыню ў сучаснай літаратуры лагічна і праўдзіва, з дакументальнай пранізлівасцю гаворыцца аб прычынах выбуху на ЧАЭС, ліквідатарскіх і перасяленскіх праблемах. Удала яднаецца лёс канкрэтных сем'яў (Нямковічы, сёстры Антаніна Макарэня і Тамара Пакрова), трох навукоўцаў (Лягаса, Бадановіч, Канопліч), ліквідатара Рамана Кавалёва, вешчуна Аляксея Бялько з падзеямі красавіка 1986 года і пасляаварыйнымі. Асноўнае месца жыцця і дзеянняў герояў – Гомельшчына, Міншчына, Магілёўшчына.
Сярод дзейных асобаў Гарбачоў, Слюнькоў, Рыжкоў, Кавалёў, Шчарбіна, Шчарбіцкі, Сілаеў...
Дынамізм падзеяў, лаканізм падачы, наватарства літпрыёмаў шмат у чым узмацняецца друкаваннем заставак/аб'ектывак з дакументаў, архіваў, навуковай літаратуры. Хаця аўтар абвясціў, што выкарыстаныя матэрыялы рассакрэчаныя, тэкст ягонай публікацыі ўражвае, захапляе.
Першы дакументальны чарнобыльскі раман у гісторыі Беларусі, СНД і новага свету многім недасведчаным у даўняй і сучаснай гісторыі СССР, Беларусі расплюшчыць вочы. Твор яшчэ раз папярэджвае заходне-еўрапейскіх, 
рускіх, украінскіх і беларускіх фінансістаў: тэрмінова не з'явіцца трывалы саркафаг над і пад ЧАЭС – можа рвануць сусветны Армагедон. Супыніць ці забетанаваць  радыяцыйныя працэсы практычна немагчыма. Успыхне пад чацвёртым рэактарам выбуховая рэакцыя – заможным ЗША, Еўропе, бедным Беларусі і Украіне нічога не будзе патрэбна. Пад попелам фізічна ўсе роўныя, асабліва радыяцыйным. 
Дакументальныя ўстаўкі ўдала дапаўняюць тэкст.
Спіс выкарыстаных дакументаў, навукова-даследчыцкай і папулярнай літаратуры вялікі, але прыводзіцца не цалкам: калі прыводзіць усё – ён перавысіць памер рамана, бо адзін факт і чалавек па-рознаму ўзгадваюцца ў сотнях дакументаў, артыкулаў, літаратурных твораў.
Раман можна набыць у Мінску ў кнігарні "Акадэмкніга" і ў краме БНФ.
Аўтар спадзяецца знайсці ўсё ж спонсараў на друкаванне твора большым накладам. Для сувязі з аўтарам – 8-029-568-88-93 (МТС). П/с 315, 220113, Мінск.