Казкі па-беларуску будуць у мабільніках

«Кнігі дзеткам» — так называецца праграма для мабільных прыладаў, якую карыстальнікі планшэтаў і смартфонаў Apple змогуць спампаваць бліжэй да Калядаў.

Праграма Kinderbook будзе даваць магчымасць прачытаць ці праслухаць казку, запісаную па-беларуску і па-ангельску. Спачатку будуць дадавацца аздобленыя яркімі малюнкамі казкі, разлічаныя на дзетак 2–4 гадоў. У найбліжэйшых планах каманды, якая працуе над праектам, — стварэнне Android-версіі. Ініцыятарка праекту і перакладчыца казак Тацяна Цуканава ў інтэрв'ю Свабодзе распавяла пра сэнс стварэння такой праграмы: «Гэта прыватная ініцыятыва, якая пачалася са стварэння палічкі казак на рускай мове. Цяпер Kinderbook — гэта цэлая сетка віртуальных кніжных палічак: руская, украінская, польская, нямецкая, в'етнамская... Рыхтуюцца да выхаду французская і грэцкая. Мы ўзяліся зрабіць беларускую. Сэнс у тым, што кнігі, якія дадаюцца ў гэтую віртуальную палічку, перакладаюцца на ўсе мовы іншых філіяў. Калі мы дадамо беларускія казкі, то дзеці ў іншых краінах змогуць іх чытаць і слухаць на сваёй мове. А беларускія дзеткі будуць чытаць, напрыклад, італьянскія, французскія, польскія казкі. Сэнс у тым, каб стварыць глабальную дзіцячую бібліятэку».
Запусціўшы «Кнігі дзеткам», карыстальнік убачыць віртуальную кніжную паліцу. На ёй для пачатку 6 беларускіх кніжак, у кожнай — па адной казцы. Мяркуецца, што кожны месяц на палічку будуць выстаўляцца яшчэ 1–2 кніжкі. Для кожнага твора можна будзе абраць фармат з агучваннем ці без. Усе фарматы (і тэкст, і гук) будуць даступныя па-беларуску і па-ангельску. «Тыя творы, з якімі мы працуем цяпер, — гэта невялічкія рускія аўтарскія казкі для маленькіх дзетак. Яны — пра сяброўства і прыгоды, дабрыню і веру ў сябе», — распавядае Тацяна. Цяпер ужо запісана чатыры казкі: «Аліна і Паліна выбіраюць хатнюю жывёлу», «Самалёцік выступае на авіяшоў», «Цягнічок і паводка», «Космас». Да новага году запішуць яшчэ дзве. Аўдыёверсіі агучваюць беларускія акторы і музыкі Андрусь Такінданг і Руся. «Гэтая праграма будзе часткова платнай. То бок сама праграма будзе запампоўвацца бясплатна і будуць некаторыя бясплатныя кнігі, каб карыстальнікі змаглі паглядзець, ці цікава ім плаціць за поўную версію, астатняе будзе за грошы. Але кошт адной кнігі будзе невялікі — не больш за 2 даляры. Ужо цяпер мы займаемся прасоўваннем гэтай праграмы. Сярод іншага, я б магла адзначыць суполкі «Кнігі дзеткам», якія існуюць у Facebook’у«Вконтакте», а таксама ў Twitter’ы. Тацяна падкрэсліла ўнікальнасць праекту ў беларускай мабільнай прасторы. Яна кажа, што ілюстраваных казак на беларускай мове для мабільных прыладаў пакуль што няма. «Нават калі ёсць нейкі выбар аўдыёкніг для дзяцей, то гэтыя кнігі існуюць у фармаце дыскаў ці файлаў. Мы ж прапануем праграму для мабільных прыладаў, якія цяпер ёсць практычна ў кожнага чалавека, і вядома, што сёння бацькі даюць нават самым маленькім дзеткам свае смартфоны і пляншэты, каб тыя гуляліся. Дык чаму б яшчэ і казку па-беларуску не паслухаць? Таму я лічу, што ёсць усе падставы для таго, каб такі софт знайшоў свайго карыстальніка», — падсумавала Тацяна Цуканава.

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение