Беларуская кінакласіка ажывае на «Лістападзе»

У межах кінафестываля «Лістапад» адбудзецца прэзентацыя праекту «Тузін.Немаўля». Тры беларускія нямыя кінафільмы «Прастытутка», «Кастусь Каліноўскі» і «У агні народжаная» будуць паказаныя ў жывым музычным суправаджэнні гурта з Польшчы Ilo&friends, Сяргея Пукста і гурта Re1ikt.

Кожная з трох стужак уяўляе вялікі інтарэс для аматараў кіно. Сацыяльна-побытавая драма «Прастытутка» была знятая ў 1926 годзе і дзеліць разам з фільмам «Лясная быль» статус першага беларускага кінафільма. Праз гісторыі трох жанчын у ёй распавядаецца пра тое, як змагаліся з прастытуцыяй у першыя гады савецкай улады. У цэнтры стужкі «Кастусь Каліноўскі» – асоба кіраўніка паўстання 1863 года. У прэсе таго часу фільм называлі «беларускім баевіком». Фільм «У агні народжаная» быў зняты да 10-годдзя БССР. Ён дае ўнікальную магчымасць паглядзець вачыма савецкіх прапагандыстаў на падзеі 1919-1920 гадоў, калі вялося змаганне за незалежнасць краіны.

Менавіта гэтыя фільмы былі абраныя для праекту «Тузін.Немаўля», у межах якога сучасныя музыканты ствараюць аўтарскую арыгінальную музыку да класічных беларускіх нямых фільмаў.  Беларускамоўны гурт з Польшчы Ilo&friends агучыў фільм «Прастытутка», эксперыментальны кампазітар Сяргей Пукст па-свойму асэнсаваў «Кастуся Каліноўскага», а вядучы пост-мэтал гурт краіны Re1ikt напісаў музыку да «У агні народжаная».

«Цікавасць праекту ў тым, што музыкі не проста суправадзілі фільм адвольнымі гукамі, а прапусцілі гэтыя стужкі праз сябе і нават узялі на сябе смеласць пракаментаваць з дапамогай музыкі тое, што адбываецца на экране. Таму гэты паказ можна разглядаць не як звычайную рэтраспектыву, а новы актуальны арт-праект», - кажа кіраўнік праекту «Тузін.Немаўля» Сяргей Будкін.

Усе тры фільмы прадстаўлены для паказу Дзяржфільмафондам Расіі, а гэта значыць што яны будуць дэманстравацца на кінастужцы такім жа чынам, як і больш чым 80 год таму.

Праект «Тузін.Немаўля» у межах кінафестываля «Лістапад». Класіка беларускага кінематографа з арыгінальнай аўтарскай музыкай сучасных гуртоў. 3 лістапада (нядзеля). Мінск. Кінатэатр «Перамога» (вул.Інтэрнацыянальная, 20)

17.00 – фільм «Кастусь Каліноўскі» (1927) агучвае Сяргей Пукст

19.00 – фільм «Прастытутка» (1926) агучвае гурт Ilo&friends (Польшча)

21.00 – фільм «У агні народжаная» (1929) агучвае гурт Re1ikt

Квіткі папярэдне можна набыць у касах кінатэатра. Кошт квітка – 25 000 руб. Тэлефон для даведак: 2037766