Заява Сакратарыята ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Згодна з афіцыйным дакументам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, змешчаным у беларускіх СМІ, калегія Міністэрства прыняла рашэнне №189 ад 25 верасня 2013 года правесці скарачэнне колькасці работнікаў установаў культуры. Сярод прапанаваных мераў – скарачэнне не менш, чым на 20% колькасці кіраўнікоў і спецыялістаў мясцовых органаў у сферы культуры. Паводле той жа пастановы, Літаратурны музей Максіма Багдановіча і Літаратурны музей Петруся Броўкі плануецца далучыць да Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, пазбавіўшы статусу самастойнай юрыдычнай асобы. Штат Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы скарачаецца на 25%. І гэта адразу пасля нядаўняга маштабнага святкавання 130-гадовага юбілею класікаў беларускай літаратуры ў 2012 годзе… Гэтыя сумніўныя меры па “аптымізацыі штатнай колькасці работнікаў” варта разглядаць не як паасобныя праявы чыноўніцкай “ініцыятывы”, а як сістэмную з’яву і дзяржаўную палітыку, што разам са скарачэннем колькасці гуманітарных дысцыплінаў ва ўстановах адукацыі, закрыццём бібліятэк і сельскіх установаў культуры, вядзе не толькі да занядбання беларускай культуры, мовы і літаратуры, але і да планамернага і паслядоўнага размывання самой нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. Мы разумеем, што гэтыя меры Міністэрства культуры выкліканы няпростым становішчам у эканоміцы краіны, аднак лічым, што нацыянальная культура не тая галіна народнай гаспадаркі, на якой варта і можна эканоміць. У сувязі з гэтым Сакратарыят ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” звяртаецца да калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з прапановай устрымацца ад такіх сумніўных мераў “аптымізацыі”, якія ў перспектыве толькі ўзмоцняць крызісныя з’явы ў нацыянальнай культуры, і адклікаць сваё рашэнне.