Мова ці Кава-2! Хведар Шчавель, трасянка і “Наша Ніва” за 1911 год

16 верасня ў галерэі “Ў” прайшоў Першы занятак беларускай мовы “МОВА ЦІ КАВА” (Другі сезон) у Менску  ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Распавядаюць вядучыя курсаў філолаг Алеся Літвіноўская і журналіст Глеб Лабадзенка:

1Пачатак другога сезона сабраў у мінскай “Галерэі Ў” каля 110 чалавек, з якіх палова – новыя. Мы хуценька паўтарылі Статут, дзе першае і галоўнае правіла – размаўляць на курсах толькі па-беларуску. Потым новыя студэнты задавалі пытанні пра курсы – а старыя адказвалі. Напрыклад, “Ці праўда, што вы вучыце трасянцы?” Вядома, не! Але не караем за трасянку, бо гэта крок у бок беларускай мовы!

Лексічная частка лагічна для першага занятка звалася “Як я правёў лета”, дзеля чаго ўдзельнікі атрымалі слоўнічкі. Выявілася, што курсы наведваюць актыўныя людзі, якія за лета аб’ехалі паў-Еўропы!

Граматычная частка ўтрымлівала нагадванні, дзе трэба пісаць у словах мяккі знак, а дзе ён залішні. Падмацавалі практыкаваннем і супольным чытаннем артыкулаў з “Нашай Нівы” за 17 сакавіка 1911 года.

Гульня — прыдумаць верш на зададзены радок “Аднойчы ідэя прыйшла да мяне…” Вынікі настолькі класныя, што аформім іх асобным постам са сканамі і аўдыё!

Госць “Мовы ці кавы” – новая зорка беларускамоўнага шансону Хведар Шчавель, ён жа добра вядомы ўсім Зміцер Вайцюшкевіч. Канцэрт на паўгадзіны задаў добры пачатак навучальнага года!