Анімацыя “Будзьма беларусамі!” працягвае перакладацца. Цяпер і па-чэшску!

Анімацыйны фільм “Будзьма беларусамі!” цяпер даступны і па-чэшску. Аўтары ўпэўненыя, што анімацыя стане добрай падтрымкай міжкультурных зносінаў паміж Беларуссю і Чэхіяй, дзе не так даўно беларусы афіцыйна атрымалі статус нацыянальнай меншасці. Паглядзець мультфільм можна на партале budzma.org. Пераклад тэксту быў зроблены Максімам Бяляўскім і адрэдагаваны Веранікай Наватнюк. Гэта ўжо пятая моўная адаптацыя мультфільма (дагэтуль пабачылі светрускаяпольскаяанглійская і шведская версіі). Такім чынам Францыск Скарына, праўда, віртуальны, зноў завітае ў Прагу, каб расказаць болей пра свой народ па-чэшску.

Анімацыя мае ўзнагароды фестываляў AD.NAK! Festival, Uzupis International Film Festival, One short film fest, White Square festival, Кіеўскага міжнароднага фестывалю рэкламы. Мультфільм удзельнічаў у фестывалях KROK International Animation festival, Varna International Animation festival, Balkanima International Animation festival, ANIMEST International Animation festival, HIROSHIMA, Tindirindis і Klik!, меў ратацыі ў чацвертым туры кароткіх фільмаў тэлеканала Eurochannel, які вядзе вяшчанне па ўсім свеце.

Міжнародным поспехам мультфільм абавязаны крэатыву рэкламіста Юліі Ляшкевіч, майстэрскай працы Юліі Рудзіцкай, саўндтрэку ў выкананні Аляксандра Памідорава, (аўтар — Лявон Вольскі) і зладжанай працы каманды кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Мультфільм зрабіўся сацыяльным імператывам, выклікаўшы ў большасці гледачоў пачуццё гонару за сваю краіну, паказаў агульныя дасягненні, рэальных герояў гісторыі і паспрыяў разбурэнню негатыўных шаблонаў.

Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» спрыяе пераадоленню раз’яднанасці беларускага грамадства праз узмацненне нацыянальнай ідэнтычнасці. Аднайменны анімацыйны фільм быў створаны дзеля пераадолення стэрэатыпаў пра беларускую “памяркоўнасць” і меркаванне пра тое, што ў беларусаў гісторыя пачынаецца толькі з 1917 года. Больш чым за год “жыцця” фільм стаў сапраўднай візітнай карткай Беларусі ў свеце, сабраўшы агулам больш за 1 млн праглядаў на розных відэахостынгах.