Прыцягненне па роднасці

Мастак Вячка Целеш падараваў Бацькаўшчыне шэраг карцін — сваіх і сяброў па творчай суполцы “Маю гонар”

Адметная выстава адкрылася ў Інстытуце культуры Беларусі, калі ў Мінску праходзіў VI з’езд беларусаў свету. Мастакоў з Францыі, Латвіі, Літвы, Украіны, Бельгіі гасцінна сустракалі гаспадары ўстановы на чале з Алай Сташкевіч, начальніцай аднаго з аддзелаў. Аб’яднаная мастацкая выстава “Беларусы ў свеце” склалася як з экспанатаў, што знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея, так і з палотнаў членаў суполкі мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”. Старшыня творчага аб’яднання — мастак і грамадскі дзеяч Вячка (Вячаслаў Міхайлавіч) Целеш, кавалер Ордэна Трох Зорак, найвышэйшай узнагароды Латвіі. А родам ён з пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага раёна: там стаіць яшчэ бацькоўская хата, жывуць яго сястра і брат. Мастак штогод з жонкай бывае ў Беларусі, ладзіліся яго выставы ў Ваўкавыскім музеі, у Гродне, Мінску.  У розныя гады Вячка Целеш перадаў з Латвіі ў падарунак Бацькаўшчыне 16 акварэльных, графічных і жывапісных карцін мастакоў беларускай дыяспары, свае палотны “Францыск Скарына ў Рызе”, “Князь Вячка” , “Сосны ў ячменным полі” ды іншыя.  Наведвальнікі выставы і цяпер могуць пабачыць тыя творы. На вернісажы рэй вёў прафесар, доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс, які расказаў пра значны ўнёсак беларускіх мастакоў з розных краін у скарбонку айчыннай культуры. Вячка Целеш, расчулены цёплым прыёмам, казаў: “Нам, мастакам-беларусам замежжа, вельмі патрэбны выставы ў Беларусі. Вядома ж, мы экспануемся ў Латвіі ды іншых краінах, але тут мы — усёроўна больш родныя”.  Пра тое, што Беларусь, родная зямля застаецца крыніцай натхнення для творчых людзей у замежжы, гаварылі старшыня таварыства “Беларусь—Бельгія” Тамара Антановіч, член Саюза мастакоў Украіны, майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і ювелір Пётр Якубук з Ялты, мастачка з Ліёна (Францыя) Вольга Дзёмкіна і іншыя. Госці Інстытута беларускай культуры з цікавасцю разглядвалі калекцыі фотаздымкаў, рукапісаў, памятных знакаў, твораў выяўленчага мастацтва вядомых беларусаў з розных краін. Як трапілі яны ў Беларусь? У свой час большасць з экспанатаў былі перададзены іх уладальнікамі ў дар Нацыянальнаму навукова-асветніцкаму цэнтру імя Ф.Скарыны, пасля трапілі ў фонды Нацыянальнага гістарычнага музея. Прафесар Адам Мальдзіс расказаў цікавыя гісторыі пра асобныя экспанаты, і сам падараваў музею медаль, якім быў уганараваны пад час працы Шостага з’езду беларусаў свету. А стваральнікам сайта Музея братоў Луцкевічаў, які будзе адноўлены ў Вільні, Адам Восіпавіч падараваў відэафільм “Паясы вялікага князя Вітаўта”. Намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмы лічыць, што выстава “Беларусы ў свеце” атрымалася цікавая, адметная — гэта важны крок у адраджэнні ранейшага музея “Беларусы свету”.  На імпрэзе Вячка Целеш, які “быў і ёсць беларусам з першых дзён свайго жыцця”, гаварыў пра творчасць сваю і сяброў, першае у Латвіі беларускае таварыства “Світанак”, дзейнасць беларускай школы ў Рызе, адкрыццю якой шмат паспрыяў. Дарэчы, 25 верасня земляку спаўняецца 75 гадоў. То жадаем вам доўгіх гадоў жыцця і новых творчых поспехаў, спадар Вячка! Лявон Сцяпанаў