Беларусь пастаянна пашырае кантакты з суайчыннікамі за мяжой. Пра гэта сёння заявіў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка ў час сустрэчы ў Мінску з удзельнікамі новасібірскага ансамбля народнай песні "Свята", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"За мяжой пражываюць да 3,5 млн. беларусаў. Мы падтрымліваем сувязі з прадстаўнікамі беларускіх дыяспар блізкага замежжа і ў некаторых пытаннях аказваем садзейнічанне. У апошні час усталяваны кантакт з беларусамі з Аўстрыі, Бельгіі, Аргенціны", - распавёў Леанід Гуляка. Што тычыцца самой Беларусі, то тут пражываюць прадстаўнікі 141 нацыянальнасці.
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў прэзентаваў ансамблю "Свята" 7 беларускіх нацыянальных касцюмаў. Акрамя таго, Леанід Гуляка перадаў дыплом праекта "Адміністрацыйны рэгіён Беларусі - арганізацыя суайчыннікаў за мяжой" і ліст падзякі за папулярызацыю беларускай песні ў Расіі Беларускаму культурна-асветніцкаму цэнтру імя Еўфрасінні Полацкай горада Новасібірска.
Удзельнікі ансамбля "Свята" - прыхільнікі беларускага мастацтва, толькі адзін чалавек з гурта з'яўляецца этнічным беларусам. Канцэрты калектыва адбудуцца 2 ліпеня ў Заводскім раёне, акрамя таго, ансамбль возьме ўдзел у святкаванні Дня Незалежнасці і выступіць у парку імя Чалюскінцаў і на дзіцячай чыгунцы.