Як слушна заўважыў філолаг і перакладчык Лявон Баршчэўскі, замест таго, каб купляць замежнаму сябру бутэльку “Крышталя”, лепш прывезці ў падарунак добрую кнігу пра Беларусь. І такая кніга ёсць. І не адна — выданне пісьменніка Уладзіміра Арлова і мастака Змітра Герасімовіча “Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя” выйшла адразу на трох мовах — на беларускай, рускай і англійскай.
Як адзначылі стваральнікі, “This country called Belarus” — гэта найлепшы падарунак замежнаму сябру і партнёру. А “Страна Беларусь” — кніга для тых, хто яшчэ не вывучыў беларускай мовы. Таксама чытачу быў прадстаўлены фаліянт“Вялікае Княства Літоўскае” (другое выданне). Карэспандэнты Budzma.org пабывалі на вялікай прэзентацыі выдання.
“Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя” — трэцяе па ліку выданне (першае выйшла ў 2003 годзе).
Паводле словаў аўтара, пісьменніка Уладзіміра Арлова, яны імкнуліся сказаць пра гісторыю Беларусі як пра частку агульнаеўрапейскага працэсу, а таксама сцвердзіць тое, што беларусы гістарычна, культурна і ментальна з’яўляюцца еўрапейскім народам.
Уладзімір Арлоў: “Ідэя кнігі нарадзілася яшчэ ў 90-я гады. Думкі пераносяць мяне ў Лондан, дзе існуе невялікая беларуская калонія (яе часам з любасцю называюць беларускай вёскай), цэнтрам якой ёсць грэка-каталіцкі храм святых апосталаў Пятра і Паўла. Дык вось там, у Лондане, знаходзіцца беларуская бібліятэка імя Скарыны, дзе захоўваюцца ўнікальныя беларускія старадрукі, а таксама самы багаты ў свеце збор нашых іміграцыйных выданняў. Сярод кніг у гэтай чуйнай цішыні калісьці пачала нараджацца ідэя “Краіны Беларусь”. Менавіта там я сустрэўся з вядомым у свеце брытанскім беларусістам, шматгадовым старшынём Англа-беларускага таварыства ў Лондане, прафесарам лонданскага ўніверсітэта Джымам Дынглі. Менавіта ў сценах лонданскай бібліятэкі Джым упершыню ўбачыў “Краіну Беларусь” на беларускай мове і ўзяў асобнік, з якім далей працаваў як перакладчык”.
Джым Дынглі: “Калі мяне папрасілі перакласці кнігу на англійскую мову, я адначасова адчуў і гонар, і трывогу. Арлоў і Герасімовіч зрабілі ўнікальнае выданне. Гісторыя Беларусі ніколі раней не прэзентавалася ў выглядзе такога ўдалага спалучэння тэксту і ілюстрацый. Больш за тое, беларусы ніколі не мелі кнігі, якая б належным чынам падавала гісторыю сучаснаму чытачу. І тым больш нічога такога не было на англійскай мове. Аўтары зрабілі кнігу гісторыі менавіта краіны, а не маргінальнага дадатку да гісторыі іншых дзяржаў. Гэтага дастаткова, каб патлумачыць прычыны маёй трывогі”.
Выданне налічвае ажно 2000 ілюстрацый — гравюры сярэднявечных хронік, гістарычныя рэканструкцыі, рэдкія унікальныя фотаздымкі. “Я падпісваў усе ілюстрацыі, і вельмі часта ў снах мае героі прыходзілі і паведамлялі аб памылках, — згадаў Арлоў. — Мікалай Радзівіл Чорны казаў, што яго пераблыталі з Мікалаем Радзівілам Рудым. Гетман Ян Кароль Хадкевіч скардзіўся, што яго падпісалі Рыгорам Хадкевічам. Я прачынаўся ў халодным поце і кідаўся да карэктуры правяраць. З цяжкасцю магу ўявіць, што бачыў у снах мастак Зміцер Герасімовіч”.
Не ведаю, як там сны Герасімовіча, але мастацкая праца па афармленні кнігі праведзеная сапраўды вялікая. Ілюстрацыі для выдання знаходзілі ў Літве, Польшчы, Аўстрыі.
Перакладчыца і карэктар англійскай версіі Вольга Калацкая параўнала запрашэнне Арлова паўдзельнічаць у праекце са сном, дзе яна мусіць спяваць “Аіду”. “Голасу не маю, тэксту не памятаю, нотаў не ведаю, — усміхаецца Вольга. — Гісторык з мяне як Аіда, мастацтвазнаўца — як футбаліст, а рэдагаваць Джыма Дынглі — гэта трэба быць нават не героем , а крэцінам.
Людзі, якія працавалі над кнігай — закаханыя ў Беларусь як у прыўкрасную даму, у чароўную каралеву. Рыцар Арлоў ужо шмат гадоў вандруе па свеце і гатовы выклікаць на двубой кожнага, хто не прызнае ягоную Дульсінэю (то бок Беларусь) найпрыгажэйшай у свеце”.
Рэдактар Зміцер Санько правёў паралелі паміж “Краінай Беларусь” і выхадам у XVI стагоддзі кнігі Аляксандра Гваньіні “Хронікі еўрапейскай Сарматыі”, дзякуючы якой еўрапейскі чытач упершыню пазнаёміўся з гісторыяй нашай краіны. “Кніга, якую мы прэзентуем сёння, фактычна выконвае тую ж самую місію”.
Цяпер да “Вялікага княства Літоўскага” дадаўся ўнікальны даведнік па часах ВКЛ і не толькі, які пачынаецца матэрыяламі аб суіснаванні балтаў і славян на беларускіх землях, а заканчваецца звесткамі пра жыццё беларусаў у сучаснай Літве.
“У 1795 гістарычны гадзіннік Вялікага Княства спыніўся, але сама ідэя працягвала існаваць, — расказаў Уладзімір Арлоў. — Імкненне адрадзіць ВКЛ прывяло 25 000 нашых суайчыннікаў у вялікую армію Напалеона. За вяртанне дзяржаўнасці змагаліся паўстанцы ў 1831 годзе. На пачатку ХХ стагоддзя беларускія нацыянальныя дзеячы на чале з Антонам Луцкевічам выступілі з ідэяй стварыць канфедэрацыю Вялікага Княства Літоўскага. І калі б іх падтрымалі літоўскія ідэолагі адраджэння, хто ведае, як бы склаўся наш гістарычны лёс. На жаль, гэтага не адбылося, і ўсе народы ВКЛ утварылі свае ўласныя княствы.
Некаторыя звесткі з гэтай кнігі прагучаць для чытача як сенсацыя. Напрыклад, мала хто ведае, што ў 1939 годзе Вільня 40 дзён была ў Беларусі. Але потым Сталін перадаў Віленшчыну Літве — для Крамля нашыя землі былі кшталту разменнай манеты”.
Завяршылася прэзентацыя аўтограф-сесіяй аўтараў праекта. Набыць выданні можна ў сталічных кнігарнях.
Кася Кірпацік Фота: Зарына Кандрацьева