Гомельская прэзентацыя віртуальнай бібліятэкі “Камунікат”

Калектыў інтэрнэт-бібліятэкі "Камунікат" развіртуаліўся ў Гомелі. Стваральнікі партала завіталі ў другі па велічыні горад Беларусі, каб прэзентаваць вынікі сваёй працы і абмяняцца кантактамі з мясцовымі літаратарамі.

Старшыня гомельскага моладзевага аб'яднання "Талака" Яўген Меркіс з'яўляецца сталым чытачом бібліятэкі "Камунікат".

"Праект інтэрнэт-бібліятэкі быў распачаты менавіта беларусамі Падляшша. Гэта паказвае, што там ёсць сапраўдныя беларусы, якія робяць шмат карыснага для Беларусі. У бібліятэцы "Камунікат" утрымліваецца каля 12 тысячаў аўдыё- і відэафайлаў, артыкулаў і кнігаў, звязаных з ведамі пра Беларусь", - зазначае Яўген Меркіс.

У час паездкі ў Гомель супрацоўнікаў "Камунікату" суправаджаў творчы дэсант у асобах старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыса Пятровіча (Сачанкі) і гарадзенскага барда Віктара Шалкевіча.

Паводле Барыса Пятровіча, дагэтуль віртуальная палічка "Камунікат" працягвае заставацца лідарам у сваёй сферы.

"Пераацаніць працу стваральнікаў і супрацоўнікаў "Камуніката" немагчыма. Выказваю найвялікшую падзяку людзям, якія пашыраюць беларускую прастору і захоўваюць беларускае слова ў Інтэрнэце. За час існавання гэтай бібліятэкі ў іх так і не з'явілася канкурэнтаў. Вельмі добра, што акрамя кнігаў на дадзеным рэсурсе можна знайсці таксама часопісы і газеты", - падкрэслівае Барыс Пятровіч.

Гомельскі літаратар Анатоль Бароўскі дамовіўся з каардынатарам праекта "Камунікат" на размяшчэнне ў бібліятэцы сваёй апошняй кнігі-двухтомніка пра Кастуся Каліноўскага.

Анатоль Бароўскі:

Раней я ведаў пра гэты рэсурс, але ўсё не атрымлівалася наладзіць супрацу. Цяпер выпраўляем сітуацыю. Я цэлы спіс падрыхтаваў твораў, якія магу пераслаць. Хай чытачы азнаямляюцца. Я вельмі рады, што існуе такі востраў Беларушчыны ў Інтэрнэце.

Каардынатар "Камуніката" Яраслаў Іванюк кажа, што перад сустрэчай арганізатары хацелі, каб прыйшлі людзі розных пакаленняў. І гэта атрымалася.

"На імпрэзе былі маладыя людзі і старэйшыя. Мы вельмі разлічвалі на тое, каб да нас прыйшлі гомельскія пісьменнікі. Нашыя спадзевы апраўдаліся. Сярод прысутных быў прафесар Іван Штэйнер, паэтэса Ніна Шклярава і пісьменнік Анатоль Бароўскі. Нам было цікава з імі пазнаёміцца, а ім, думаю, спадабаўся выступ гарадзенскага барда і шоўмена Віктара Шалкевіча", - падсумоўвае Яраслаў Іванюк.

Віктар Шалкевіч у перапынках паміж выкананнем песняў зачытваў апавяданні са сваёй апошняй кнігі "Мястэчка G і ваколіцы". Бард пажартаваў, што кніга, відаць, настолькі выдатная, што крытыкі на яе не звярнулі ўвагу.

Прафесар Іван Штэй нер прызнаўся, што не надта валодае сучаснымі тэхналогіямі.

"Я выказваю пашану стваральнікам бібліятэкі. Яны робяць высакародную справу, якую можна параўнаць з чынам Францыска Скарыны і першадрукароў", - заявіў Іван Штэйнер.

Яраслаў Іванюк падкрэсліў, што за апошні год бібліятэка "Камунікат" пачала выкладаць кнігі і матэрыялы ў разнастайных лічбавых фарматах.

Яраслаў Іванюк:

Мы стараемся, каб кнігі былі даступныя ў некалькіх фарматах. Бо планшэты, рыдэры і смартфоны вымагаюць часта розных фарматаў. Той жа pdf, у якім раней выкладалася многа файлаў, цяпер не такі папулярны сярод наведнікаў".

Інтэрнэт-партал kamunikat.org з'яўляецца адным з найбольш багатых збораў артыкулаў, перыёдыкі і кнігаў на беларускую тэматыку. Для наведнікаў сайта даступныя каля 12 тысячаў матэрыялаў.