Пра жыццё і творчасць генія беларускай літаратуры Янкі Купалы напісана шмат, а пра смерць канкрэтна нічога. Валер Санько з нечаканага боку зазірнуў за сцены тайны гібелі першага народнага паэта. Адкуль, што, як зрабилася вядомым аўтару – сакрэт пісьменніка. Аднак логіка яго доказаў сур'ёзная, праўдападобная і многіх прымусіць задумацца.
У кнізе «Грэх на іх нязмыўны», што выйшла ў 2013 годзе накладам 100 асобнікаў., упершыню ў Беларусі надрукаваны рэдкі здымак: Янка Купала, Платон Галавач, Уладзімір Хадыка, выкладчыкі і навучэнцы рабфаку ў Соснах Любаньскага раёна Мінскай вобласці. Займае фота ўсю чацвёртую старонку вокладкі.
На калектыўным здымку ў верхнім шэрагу стаіць і высокі спадар - бацька аўтара, выкладчык хіміі і біялогіі, завуч Вяліка-Сліўскай дзесяцігодкі Слуцкага раёна Санько Аляксей Андрэевіч (1914 – 1941). Камандзір гарматы, сяржант А. А. Санько загінуў пад Ломжаю ў чэрвені 1941 года, як і абодва яго браты, Іван і Пятрок.
Травеньскі здымак 1933 года захавала медсястра Люба Санько (1918 – 2001), жыхарка вёскі Вялікая Сліва Слуцкага раёна, маці аўтара адметнага твора пра смерць генія беларускай літаратуры. У аповесці-ўяве 39 раздзелаў, эпілог, 146 старонкі тэксту.
Чытача прыцягнуць глыбокія філасофскія разважанні, гістарычная дакументальная фактура, часта малавядомая., Як сцвярджае ў пасляслоўі доктар гістарычных навук прафесар Анатоль Грыцкевіч, дапамагаюць аўтару па-новаму ўзірацца ў тагачасныя падзеі на Беларусі і СССР уменне выкарыстоўваць архіўныя матэрыялы, празорная інтуіцыя доктара народнай медыцыны, а таксама шматгадовая рэдакцыйная і даследчыцкая праца.