Валерый Казакоў падарыў Магілёву кніжныя рарытэты

13 мая ў Магілёўскай ратушы адбылася прэзентацыя набытага экзэмпляра Статута Вялікага Княства Літоўскага.

Падараваны асобнік Статута ВКЛ быў выдадзены ў Вільні ў 1744 годзе на польскай мове.

Пошукамі рарытэта займаўся калекцыянер Аляксандр Коган, грошы ахвяраваў пісьменнік, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, кіраўнік Федэральнай нацыянальнай культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” Валерый Казакоў. Па словах апошняга, за кнігу прыватная асоба з Кастрамы запрасіла менш за тысячу долараў.

— Уладальнік Статута нават не разумеў яго каштоўнасці. Ён быў упэўнены, што мае падручнік па польскай гісторыі, — кажа Валерый Казакоў. — Гэта сведчыць пра тое, што многія нашыя каштоўнасці, якія захоўваюцца ў прыватных калекцыях і музеях замежжа, там не патрэбныя. Іх магчыма выкупіць за невялікія грошы. Толькі гэтым трэба займацца: шукаць, дамаўляцца, вывучаць. А сёння вяртаннем культурнай спадчыны займаюцца асобныя апантаныя людзі. І часам сорамна і не зразумела за што некаторыя чыноўнікі Міністэрства культуры атрымоўваюць заробкі?

— У адрозненне ад выкупленага намі раней асобніка Статута ВКЛ, гэтая кніга не з'яўляецца ўнікальнай, — распавядае дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў. — Падобны асобнік захоўваецца, напрыклад, у Мінску. Ён уяўляе сабой канвалют з трох асобных выданняў. Гэта значыць, што акрамя Статута ВКЛ  у кнізе пад адной вокладкай змешчаны «Трыбунал ВКЛ» і «Інструктаж». Але асаблівую каштоўнасць тут маюць так званыя маргіналіі, пазнакі на старонках выдання. Эксперты высветлілі, што ўладальнікам кнігі быў шляхціч з Магілёўшчыны Антоній Сабанскі.

— Для мяне сёння надзвычай хвалюючы дзень, — кажа гісторык Ігар Марзалюк. — Толькі што я даведаўся, што гэты экзэмпляр Статута ВКЛ мае непасрэднае дачыненне да майго роду з Мсціслаўшчыны. Гэта цуд нейкі.

— Гісторыя вяртання Статута, дзейнасць Валерыя Казакова — гэта ўзор таго, як важна любіць сваю краіну не словам, а справай, — лічыць Ігар Марзалюк. — Напрыклад, цяпер вядуцца работы па аднаўленні замка і сінагогі ў Быхаве. Дзяржавай прынята рашэнне акумуляваць усе сродкі на гэтыя аб'екты. А тым часам, на дабрачынны рахунак Сінагогі паступіла ўсяго паўтара мільёна рублёў. А толькі на рамонт даху патрэбна паўтара мільярда. Гэта да таго, што ўсім неабыякавым людзям варта забыцца на ўсе палітычныя і канфесійныя непаразуменні, перастаць абмяркоўваць і пачаць дзейнічаць на карысць краіны.

Акрамя таго, удзельнікі прэзентацыі змаглі ўбачыць і іншыя экспанаты, набытыя з дапамогай Валерыя Казакова -- “Собрание сочинений Георгия Конисского” 1835 года і "Вестнік Могілевского земства” 1915 года. Яны, як і новы Статут, застануцца ў Музеі гісторыі Магілёва.

У гэты ж дзень Валерый Казакоў наведаў абласную бібліятэку і ўзяў удзел у імпрэзе “Баркалабаўскі летапіс -- нацыянальная каштоўнасць беларусаў”.  Падчас імпрэзы В. Казакоў зрабіў падарунак -- перадаў абласной бібліятэцы факсімільныя выданні “Баркалабаўскага летапісу” і “Слуцкага Евангелля”  і адзначыў, што кнігу трэба берагчы, бо пакуль будуць існаваць кнігі -- будуць і людзі жыць. Пісьменнік заўважыў, што калі ён вучыўся ў магілёўскай школе № 24, то быў чытачом бібліятэкі, але як літаратар наведаў яе ўпершыню. Таксама наш зямляк расказаў пра сябе і адказаў на шматлікія пытанні прысутных.

lit-bel.org