Конкурс сапраўднай беларускай прыгажосці

На Беларусі і за межамі могуць з’явіцца тыя, хто носіць ганаровы тытул “Гаспадыня-беларусачка”, паведамляе прафесар Адам Мальдзіс.

На Беларусі і за межамі могуць з’явіцца тыя, хто носіць ганаровы тытул “Гаспадыня-беларусачка”, паведамляе прафесар Адам Мальдзіс. Пачалося з таго, што Гражына Якубоўская, рэжысёр народных, пераважна дзіцячых і юнацкіх відовішчаў, даслала ў Мінкультуры Беларусі ліст з прапановай, на першы погляд, банальнай: праводзіць конкурсы прыгажосці. “Але — хвілінку, — прадаўжае аўтарка. — Конкурсы сапраўднай беларускай прыгажосці, якія будуць нашу культуру падтрымліваць, каб маглі мы яшчэ больш ёй ганарыцца”. Ідэю Гражына называе “смелай, але абдуманай” і просіць паставіцца да яе “з належным разуменнем, сур’ёзнасцю і дапамагчы ажыццявіць праект”.

Аўтарка ліста спрабавала ўжо нешта рабіць “на адной з мінскіх пляцовак дзіцячага мастацкага цэнтра творчасці з удзелам розных калектываў”. Але ідэі патрэбна грамадская падтрымка, праект, лічыць яна, варта зрабіць міжнародным, скіраваным на аб’яднанне суайчыннікаў з розных краін. Усе іншыя ўмовы спаборніцтва Гражына Якубоўская прапаноўвае распрацаваць супольна па ходзе справы.

Ініцыятыва была абмеркаваная на сходзе Беларускага фонду культуры. У ходзе дыскусіі многія падтрымалі меркаванне, што ў адрозненне ад іншых конкурсаў прысуджаць яго варта не толькі “за прыгажосць”, але найперш за карысць, якую прэтэндэнтка прыносіць грамадству, народу. Галасаванне павінна быць адкрытае. А для зацвярджэння вынікаў, можа, дастаткова публікацыі са здымкам, напрыклад, у газеце “Голас Радзімы” ці іншым выданні.

Цяпер ужо распрацаваны парады, як зладзіць вылучэнне кандыдатак на званне, на што звяртаць увагу, выбіраючы гаспадынь-беларусачак. Выбрана аўтарытэтнае журы: яго склад стане вядомым у найбліжэйшы час.

Цяпер да ініцыятывы, падтрыманай Беларускім фондам культуры, Інстытутам культуры Беларусі, вырашыла далучыцца і Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, у памяшканні якога праходзіў сход БФК. Пра ідэю ўзяліся расказаць слухачам журналісты рэдакцыі Беларускага радыё на замежных мовах, а паэт Сяргей Панізьнік, старшыня Таварыства дружбы Беларусь—Латвія, абяцаў напісаць словы гімна “Гаспадынь-беларусачак”. І тэкст ужо гатовы! Прыпеў такі: “Я — весялуха-гаспадыня!/ Я гордай еднасці цвярдыня,/ Пяшчотнай вернасці вяршыня:/ Са мною шчасце не згубіць, / Любіць і жыць, жыць і любіць”. Спадзяюся, знойдзецца кампазітар, якому тэкст ляжа на душу.

Паводле артыкула Адама Мальдзіса "Гаспадыня-беларусачка”: званне, тытул, прызнанне"