У межах фестываля сярэднеэўрапейскай літаратуры “Шэнгенка” Лятучы ўніверсітэт, Філасофская Прастора і Кнігарня “Логвінаў” запрашаюць арганізатараў актуальных перакладніцкіх ініцыятываў, кнігавыдаўцоў, экспертаў да супольнай дыскусіі і наважвання перспектываў далейшага развіцця рынку перакладной літаратуры ў Беларусі.
ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ
ФІЛАСОФСКАЯ ПРАСТОРА
КНІГАРНЯ “ЛОГВІНАЎ”
запрашаюць на публічную дыскусію
“Пераклады на беларускую мову:
персанальныя авантуры альбо паспалітыя стратэгіі?”
27 сакавіка (серада), а 19.30. Кнігарня Ў
У межах фестываля сярэднеэўрапейскай літаратуры “Шэнгенка” Лятучы ўніверсітэт, Філасофская Прастора і Кнігарня “Логвінаў” запрашаюць арганізатараў актуальных перакладніцкіх ініцыятываў, кнігавыдаўцоў, экспертаў да супольнай дыскусіі і наважвання перспектываў далейшага развіцця рынку перакладной літаратуры ў Беларусі.
Публічная дыскусія ставіць сабе за мэту ўзмацненне цікавасці да развіцця культурніцкіх праектаў на беларускай мове ў нашым грамадстве, а таксама спрычыняе да выпрацоўкі сумесных стратэгіяў дзейнасці вядучых прадстаўнікоў галіны перакладу праз абмеркаванне і праграмаванне існуючай сітуацыі. Удзельнікі могуць прадставіць экспертную пазіцыю ў якасці панэлістаў, выказаць сваё меркаванне ў дыскусіі, а галоўнае – паспрабаваць выпрацаваць супольныя падыходы да развіцця сітуацыі і заключыць паміж сабой адпаведныя пагадненні.
Прапануецца разгляд пытанняў у межах двух тэматычных блокаў:
1. Перакладніцкая літаратура (мастацкая і навуковая) у Беларусі: аналітыка і ацэнка сітуацыі
Якое месца займае напрацаваны сегмент перакладаў і выданняў кніг на беларускай мове сярод аналагічных перакладніцкіх праектаў на рускай мове? Ці існуе тут канкурэнцыя альбо паралельнае існаванне двух рынкаў? Якія задачы ставяць перад сабой асобы (калектывы, супольнасці), уключаныя у перакладніцка-выдавецкую дзейнасць? Чым гэтая дзейнасць матываваная? Ці ёсць ад яе плён: асабісты ці супольны? Ці можа гэты накірунак дзейнасці мець сур’ёзны ўплыў на развіццё культуры і інтэлектуальнай (навуковай) працы ў Беларусі?
2. Перспектывы развіцця галіны перакладніцкай літаратуры і фармавання кніжнага рынку
Якія накірункі працы ў кнігавыданні на беларускай мове выглядаюць найбольш перспектыўнымі? Якія стратэгіі абіраюцца рознымі суб’ектамі ў гэтай галіне (экспансія, самазахаванне, інш.)? Якія найбольш сурь’ёзныя перашкоды і праблемы паўстаюць і ці ёсць спосабы іх развязання? Ці ёсць магчымасць развіцця праз кааперацыю і пашырэнне ўзаемадзяння? Якія крокі варта было б для гэтага зрабіць?
У якасці экспертаў да ўдзелу ў дыскусіі запрошаныя перакладчыкі і выдаўцы: Павал Касцюкевіч, Андрэй Хадановіч, Ганна Янкута, Кацярына Маціеўская, Зміцер Вішнёў, Эдуард Куфцерын, Зміцер Колас, Андрэй Казакевіч, Генадзь Сагановіч, Сяргей Сматрычэнка, Аляксей Ластоўскі.
Вядоўцы дыскусіі: Павел Баркоўскі і Андрэй Ягораў.
Колькасць месцаў абмежаваная, просім загадзя звязацца з каардынатарам:
Галіноўская Юлія: +375297422040; Julia.hurska@gmail.com