Мова ў царкве: дасягненні невялікія, але яны ёсць

14 сакавіка ў бібліятэцы прыходу свсв. Пятра і Паўла, што пры Жоўтай царкве на сталічнай Нямізе, адбылася сустрэча ініцыятараў праваслаўнага кнігавыдання па-беларуску з чытачамі ды прадстаўнікамі медыяў. Як выказаўся ў кулуарах адзін з удзельнікаў прэзентацыі, адбыўся міні-з’езд святарства і свецкіх, зацікаўленых у бытаванні беларушчыны ў царкве.

14 сакавіка ў бібліятэцы прыходу свсв. Пятра і Паўла, што пры Жоўтай царкве на сталічнай Нямізе, адбылася сустрэча ініцыятараў праваслаўнага кнігавыдання па-беларуску з чытачамі ды прадстаўнікамі медыяў. Як выказаўся ў кулуарах адзін з удзельнікаў прэзентацыі, адбыўся міні-з’езд святарства і свецкіх, зацікаўленых у бытаванні беларушчыны ў царкве.

Беларускамоўная праваслаўная кніга: што маем

Вядоўца імпрэзы, прафесар БДУ і доктар філалогіі Іван Чарота, з самага пачатку пазначыў мэту сустрэчы: «Пераадолець стэрэатып, [быццам] праваслаўная царква не прымае нічога, што звязана з беларускай мовай». Гэтаю тэзаю старшыня Біблійнае камісіі акрэсліў лейтматыў таго, што гучала пасля ягонага выступу.

Фактычна прэзентацыя вылілася ў справаздачу: што робіць Праваслаўная Царква для захавання беларускае мовы, для выкарыстання яе ў рэлігійных практыках, у тым ліку ў богаслужбе. Гэтак, прадстаўніцы выдавецкага аддзелу Беларускага праваслаўнага брацтва св. віленскіх мучанікаў Лідзія Кулажанка і Таццяна Матрунчык рэпрэзентавалі новыя выданні, сярод іх: «Праваслаўны малітоўнік», «Праваслаўны каляндар на 2013 год», «Святыя зямлі Беларускай», альманах «Праваслаўе», які ствараецца супольна з адзінаверцамі Польшчы. Са стосам беларускіх выданняў завітаў брат Мікалай (колісь вядомы як паэт Алег Бембель) з Жыровіцкага манастыра.

Асобнае месца на прэзентацыі прысвячалася мове перакладаў службовых кніг. Айцец Сергій Гардун падкрэсліў, што пры магчымасці за аснову для перакладаў бяруцца не царкоўнаславянскія і расейскія тэксты, а грэцкія арыгіналы. Што да меры выкарыстання ў беларускіх праваслаўных тэкстах царкоўнаславянізмаў, то гэтая праблема выклікала чаканую дыскусію.

Богаслужэнне па-беларуску: праблемы і дасягненні

Айцец Віктар Перагудаў распавёў пра тое, што нядзельная школка для дзяцей пры царкве св. Эўфрасінні Полацкай у Івенцы працуе па-беларуску. Святар Яўген Грамыка, які служыць у падменскіх Дудутках, стварыў адмысловы сайт – belmova.hram.by. Клірык гарадзенскага прыходу свсв. Барыса і Глеба – знакамітае Каложскае царквы – Ігар Данільчык адзначыў, што ўва ўсіх цэрквах Горадні прынамсі раз на месяц, а ў адной з іх раз на тыдзень служба правіцца па-беларуску.

Паводле назіранняў протадыякана сабору Святога Духа Віталя Дубягі, у Менскай епархіі ад 20 да 30 % праваслаўных духоўнікаў у той ці іншай ступені выкарыстоўваюць беларускую мову.

Для беларусацэнтрычнае супольнасці беларускасць у Экзархаце найперш рэпрэзентуецца асобамі менскіх святароў Сергія Гардуна і Георгія Латушкі. Сустрэча дала магчымасць пераканацца, што за гады незалежнасці вырасла пакаленне маладых духоўнікаў, для якіх беларуская мова ўваходзіць у лік падставовых каштоўнасцяў.

Больш крытычная ацэнка сітуацыі засталася па-за прэзентацыяй. Тое, што службы вядуцца ў суботу а 6:30, на думку дырэктаркі культурніцка-адукацыйнага парталу «Экумена» Наталлі Васілевіч, яскрава сведчыць пра перыферыйнае становішча беларускай мовы ў Праваслаўнай Царкве. «Дадатковая літургія не ў нядзелю, не ў такі час, калі можна без напружання падняцца ды падняць дзяцей і даехаць са свайго канца гораду. Атрымліваецца, каб узяць удзел у літургіі на роднай мове, чалавеку даводзіцца прыкладаць больш высілкаў, чымся сярэднестатыстычнаму праваслаўнаму, – адзначае Наталля Васілевіч і дадае, што беларускае праваслаўе так ці інакш арыентаванае на Маскву, якая задае культурныя нормы і ўзоры: – Няпроста знайсці абразы беларускіх святых, не развіваецца і не захоўваецца беларускі архітэктурны стыль – паглядзіце на храмы, якія цяпер будуюцца, на абразы, што пішуцца, на тое, што чытаюць беларускія праваслаўныя... Не аднойчы мне даводзілася сутыкацца з выпадкамі наўпроставай забароны святарам весці па-беларуску як службы, гэтак і хрышчэнні ды вянчанні – з боку настаяцеляў ці епархіяльнага кіраўніцтва».

Беларуская мова ў праваслаўі: праблема Царквы ці грамадства?

Характар абмеркавання на сустрэчы быў далёкі ад акадэмізму і ў той жа час блізкі да жыцця. Адна з асноўных ідэяў, якая гучала тут, не была новаю: ступень выкарыстання беларускай мовы ў царкве залежыць ад ступені ўжывання яе ў беларускім грамадстве. Пры гэтым святарства запэўніла прысутных: «Калі будзе запыт грамадства, царква яго задаволіць», пагатоў кіраўнік Беларускага Экзархату, мітрапаліт Філарэт, не раз падкрэсліваў: дастаткова жадання двух прыхаджанаў, каб у прыходзе пачалі адбывацца багаслужбы па-беларуску.

Не вельмі аптымістычным у сваім выступе быў айцец Юрый Залоска – святар прыходу свсв. Пятра і Паўла. Ён казаў, што тыя, хто сёння імкнецца захоўваць беларускую мову ў Праваслаўнай Царкве, – гэта невялікая кола інтэлігентаў, энтузіястаў, якія выйшлі з часоў беларускага адраджэння пачатку 1990-х, а сёння сітуацыя іншая. «Мы залежым ад стану беларускай мовы ў грамадстве. Мы мусім праўдзіва ацэньваць сітуацыю, асабліва тую, што склалася ў нас у адукацыі». Айцец Юрый згадаў моўны канфлікт вакол 4-й менскай гімназіі. «Аптымістычнымі нам не дазваляе быць рэчаіснасць», – падвынікаваў святар.

Расейскамоўная адукацыя і ў самой Праваслаўнай Царкве. Расейская – асноўная мова выкладання ў духоўнай семінарыі ў Жыровічах, у Інстытуце тэалогіі ў Менску, па ўсёй краіне сустракаюцца толькі адзінкавыя выпадкі навучання на беларускай мове ў нядзельных школах.

Паводле Наталлі Васілевіч, на гэтым фоне Касцёл у Беларусі выйграе, бо рухаецца ў кірунку большай беларускасці: «Беларуская мова ў Рыма-Каталіцкай Царкве ў Беларусі мае богаслужбовы статус, варта паглядзець на беларускія каталіцкія сайты і часопісы, каб зразумець, у якой ступені большая ўвага надаецца беларускай мове і культуры нашымі братамі-каталікамі».

Айцец Ігар Данільчык заўважыў, што ўжыванне беларускай мовы ў Царкве – гэта не столькі праблема Царквы, колькі праблема грамадства: калі будзе попыт – будзе і родная мова ў царкоўным жыцці.

Наталля Васілевіч наконт запатрабаванасці беларускай мовы сярод праваслаўных са свайго досведу зазначае, што ёсць прыхаджане, для якіх беларуская мова ў царкве настолькі важная, што яе адсутнасць – цяжар для чалавека, а для некаторых сам фактар мовы ператвараецца ў прычыну змены канфесіі. Хоць беларускамоўныя казанні, як правіла, прыхаджанамі вітаюцца, ёсць і тыя, хто беларускую мову ў царкве ўспрымае напружана, як сведчанне «аўтакефалізму», «апазіцыйнасці».

Паводле назіральнікаў, прэзентацыя мела прасігналізаваць грамадству, што ў Беларускім Экзархаце ёсць сілы, якія робяць залежнае ад іх, каб беларускае слова гучала з амбоны.

Марына Маўчанава для belsat.eu

arche.by