Фестываль «Шэнгенка»: Вясёлы апакаліпсіс у кампаніі філосафаў

Пакуль навокал шалела стыхія, ператвараючы горад у дэкарацыі для фільма-катастрофы, філосафы прэзентавалі кнігі. Вечарына з прарочай назвай “Наш вясёлы апакаліпсіс”, як ні дзіўна, сабрала ў галерэі “Ў” нямала гасцей.

Пакуль навокал шалела стыхія, ператвараючы горад у дэкарацыі для фільма-катастрофы, філосафы прэзентавалі кнігі. Вечарына з прарочай назвай “Наш вясёлы апакаліпсіс”, як ні дзіўна, сабрала ў галерэі “Ў” нямала гасцей.

Гаворка ішла пра тры выданні, якія знаёмяць з набыткамі сучаснай філасофіі Чэхіі і Польшчы, — кнігу Іржы Пржыбаня «Дысiдэнты права», зборнік эсэ Лешака Калакоўскага «Наш вясёлы апакаліпсіс», а таксама манаграфію Юзэфа Тышнэра «Мысленне паводле каштоўнасцяў». «А акторы будуць чытаць урыўкі?» — пажартаваў хтосьці з гледачоў.

Імпрэза мелася быць грунтоўнай — з міні-лекцыямі пра кожную кнігу ды інтэлектуальнымі дыскусіямі, дзе аўдыторыя сачыла б за нараджэннем філасофскіх сентэнцый. Што праўда, лакальны апакаліпсіс за акном усё ж унёс у праграму некаторыя карэктывы.

Хто такія сярэднееўрапейцы

Усе тры кнігі выйшлі ў серыі “Сярэднееўрапейскае мысленне”, якую заснаваў філосаф Павел Баркоўскі. Адкуль увогуле ўзяўся гэты панятак і чаму беларусы імкнуцца мысліць па-сярэднееўрапейску? Пра гэта расказаў вядоўца Ігар Бабкоў.

«Калі казаць пра беларускі тэрмін Сярэдняя Еўропа, то гэта калька з польскага «Europa Środkowa», што хутчэй абазначае «Цэнтральная Еўропа». Тэрмін адсылае да дыскусіі 1970—80-х гадоў пра прастору паміж Германіяй і Расеяй — тэрыторыю малых культураў, якія ніколі не перамагалі ў гісторыі, а, наадварот, былі звычайна ахвярамі», — расказаў Бабкоў.

Ён адзначыў, што беларускія інтэлектуалы натрапілі на гэтую ідэю ў пачатку 1990-х. Тады выйшаў першы беларускі філасофскі часопіс «Фрагменты», прысвечаны тэме сярэднееўрапейскасці. Валянцін Акудовіч надрукаваў тэкст з назвай «Сярэдняй Еўропы няма», а Сяргей Дубавец, наадварот, напісаў, чаму беларусы ў яе трапляюць. Ідэю перахапілі палітыкі. З гэтага ўсё і пачалося. Але паступова ўсе малыя краіны ўвайшлі ў Еўрасаюз і перасталі казаць пра свой асобны культурны лёс, залічыўшы сябе да проста еўрапейцаў. Беларусь, Украіна і Малдова засталіся трыма краінамі паміж Захадам і Усходам, і невядома было, як іх называць. Амерыканцы ў пэўны момант нават прыдумалі для нас тэрмін — Заходняя Еўразія.

«Я ўжо не верыў, што хоць нехта яшчэ захоча называць сябе сярэднееўрапейцам, але ідэя атрымала другі старт, і дзякуючы Паўлу Баркоўскаму цяпер выходзяць кнігі з падзагалоўкам «Сярэднееўрапейскае мысленне», — з аптымізмам скончыў Бабкоў.

Выбухоўка пад будынкам тэорыі права

Аўтар першай прэзентаванай кнігі «Дысiдэнты права» прафесар Іржы Пржыбань меўся прысутнічаць на імпрэзе, але не змог да нас прыляцець. Чэх паводле паходжання, ён доўгі час працаваў у Карлавым універсітэце ў Празе, але прыкладна 10 гадоў таму перабраўся ў Вялікабрытанію, дзе выкладае тэорыю права ва ўніверсітэце Уэльса. Гэты ўчынак, паводле словаў Ігара Бабкова, — праява смелага касмапалітызму для даследчыка, бо Чэхія і Англія маюць несумяшчальныя прававыя традыцыі. Павел Баркоўскі, які пераклаў кнігу, расказаў, што праз праблемы з набыццём аўтарскіх правоў яму давялося пераствараць тэкст не з чэшскага арыгінала, а з англійскага аўтапераклада, у якім сам Пржыбань мусіў выкарыстоўваць юрыдычную тэрміналогію, актуальную для брытанскай сістэмы. Перакладчыку даводзілася параўноўваць версіі і кансультавацца з навукоўцам.

Кніга цікавая тым, што аўтар паказвае самую сутнасць права, даводзячы, што абранне той ці іншай прававой сістэмы — працэс гістарычны, пакутлівы і мае канкрэтныя падмуркі.

«Постсавецкім краінам пасля аксамітных рэвалюцый фактычна давялося руйнаваць савецкую сістэму права і пераходзіць да новай. Ці можна яе проста ўзяць і скалькаваць з брытанскіх, нямецкіх ды іншых сістэмаў? Ці падыдзе яна пад умовы постсавецкіх рэгіёнаў? Пра гэта аўтар і спрабуе разважаць, — расказаў Баркоўскі і пералічыў тэмы, якія асвятляюцца ў кнізе. — Многія любяць казаць пра неабходнасць люстрацыі. Але калі разабрацца, гэта адно з самых складаных пытанняў. Бо нельга чалавека абвінаваціць заднім чыслом у тым, што ён рабіў да прыняцця закона. І калі такое робіцца, ці не ёсць гэта такім жа заганным працэсам, якія існавалі да рэвалюцыі?”

Паводле Баркоўскага, кніга можа быць цікавая не толькі незалежным праваабаронцам альбо дзяржаўным юрыстам, а ўвогуле ўсім тым, хто спрабуе разабрацца з падмуркамі прававых сістэмаў і цікавіцца, як адбываліся трансфармацыі ў Сярэдняй Еўропе пасля 1989 года.

Ігар Бабкоў назваў кнігу вясёлай і дадаў таксама, што Іржы Пржыбань не гаворыць банальнасцяў, а проста падкладае вялікую выбухоўку пад увесь будынак філасофіі права, ставячы пад сумнеў многія яе аспекты.

Польскі Акудовіч

Кнігу Лешака Калакоўскага «Наш вясёлы апакаліпсіс» Аляксей Ластоўскі перакладаў на пару з Таццянай Нядбай. Ластоўскі, які прадстаўляў працу на фестывалі, абраў для перакладу эсэ з сацыяльна-палітычнай праблематыкай, таму іпастась Калакоўскага-філосафа ён закрануў у меншай ступені.

Як і многія інтэлектуалы свайго часу, Калакоўскі, паводле словаў перакладчыка, прайшоў ад першапачатковага захаплення марксізмам да адмаўлення і адкрытага супрацьстаяння камуністычнай уладзе. Урэшце яму давялося эміграваць у ЗША і Вялікабрытанію, дзе ён выкладаў у самых прэстыжных універсітэтах. Ігар Бабкоў дадаў легенду пра тое, як сучасныя глыбокія і знакавыя польскія мысляры некалі былі абраныя партыяй з органаў дзяржбяспекі для ўздыму філасофіі. Цягам некалькіх гадоў яны штодня хадзілі на працу, чыталі кнігі і дыскутавалі, выпрацоўваючы новае філасофскае мысленне.

Ластоўскі расказаў пра тое, што яму найперш спадабалася ў кнізе: цудоўны стыль, добрае пачуццё гумару, які проста б’е ключом, а таксама паралелі з нашай рэчаіснасцю.

Але будучы кансерватарам, перакладчык з цяжкасцю прымаў ліберальны склад мыслення Лешака Калакоўскага.

«Можна сказаць, што гэта такі польскі Акудовіч, — дадаў сваё параўнанне Бабкоў, — прычым гэта ўлюбёны акудовічаўскі філосаф. Да таго ж Валянцін быў рэдактарам гэтай кнігі і імкнуўся наблізіць Калакоўскага да сябе, месцамі папраўляючы на свой лад. Так што не здзіўляйцеся, калі знойдзеце ў кнізе акудовічаўскія інтанацыі».

Расцягнуць на ўсё жыццё

Перакладчыца кнігі святара і тэолага Юзэфа Тышнэра «Мысленне паводле каштоўнасцяў» Таццяна Урублеўская не змагла прысутнічаць на прэзентацыі, таму выданне прадставіла рэдактарка Лілія Ільюшына.

«Напэўна, мне давялося рэдагаваць самую нудную кнігу, і я шчыра пазайздросціла калегам, — прызналася яна. — Я так разумею, што ў гэтай аўдыторыі я адзіная, хто здолеў дачытаць яе да канца». Яна патлумачыла, што кніга адразу выклікала ў яе скептычнае стаўленне, бо хоць сама рэдактарка выкладае этыку, ёй падалося, што праца рэлігійнага філосафа, першую частку якой складаюць разважанні пра Хайдэгера і Левінаса, з цяжкасцю знойдзе чытача. Зрэшты, яна пераканалася, што так проста пісаць пра гэтых філосафаў, як гэта робіць Тышнер, насамрэч вельмі складана. «Нервам гэтай кнігі, яе сэнсам для мяне сталіся яго выказванні, што, займаючыся філасофіяй і намагаючыся ўпісацца ў сусветную традыцыю, трэба думаць, як усе гэтыя здабыткі могуць працаваць на цябе і тваю культуру», — адзначыла рэдактарка. І дадала: «Вельмі добра, што праца складаецца з кароткіх эсэ, таму можна расцягнуць яе чытанне амаль на ўсё жыццё».

Аляксандра ДорскаяФота: Зарына Кандрацьева

budzma.org