Фестываль «Шэнгенка»: віза на літаратурныя «закупы»

У галерэі «Ў» адкрыўся фестываль сярэднееўрапейскай літаратуры «Шэнгенка».

У галерэі «Ў» адкрыўся фестываль сярэднееўрапейскай літаратуры «Шэнгенка». І хоць яго назва мелася нагадваць не пра чэргі ля амбасадаў, а пра вандроўкі праз культурныя межы, тэма «закупаў» гучала на імпрэзе шматкроць. Аматары літаратуры сапраўды сыходзілі не з пустымі рукамі. У першы дзень фестываля тут было прэзентавана ажно пяць адметных кніг.

Фестываль, які складаецца з пяці імпрэзаў, мае на мэце пазнаёміць чытача з творамі вядомых на радзіме і ва ўсёй Еўропе чэшскіх, славацкіх, венгерскіх, польскіх пісьменнікаў, філосафаў і палітолагаў, перакладзеных на беларускую мову.

На першай імпрэзе прэзентаваўся зборнік выбранай паэзіі Тадэвуша Ружэвіча «Без», твор “Канец аднаго сямейнага рамана” Петэра Надаша, падарожныя нататкі Анджэя Стасюка «На шляху ў Бабадаг», раман «Розум» Рудольфа Слобады і зборнік эсэістыкі “Культура як стасункі” Дамініка Татаркі.

Адкрылі прэзентацыю філосаф Павел Баркоўскі і каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» Алена Макоўская. Яны падзякавалі выдаўцам за тое, што так актыўна выходзяць перакладныя кнігі, а таксама адзначылі, што за апошнія некалькі гадоў у Беларусі фактычна паўстаў грамадскі інстытут мастацкага і навуковага перакладу. «Перакладчыкі звычайна за кадрам, але на гэтым фестывалі яны галоўныя героі», — сказала Алена Макоўская. Вядоўца Андрэй Хадановіч прапаноўваў нават браць у іх аўтографы — «на апошняй старонцы кнігі альбо проста ля любімага верша ці ўрыўка прозы». Ён таксама паіранізаваў з назвы фестывалю, бо, на яго думку, не мог сапраўдны беларус, які да пакутлівага працэсу атрымання візы ставіцца прымхліва і сур’ёзна, прыдумаць такую бесшабашную назву. «І сапраўды, высветлілася, што ідэя належыць Паўлу Касцюкевічу, грамадзяніну Ізраіля!» — падмацаваў свае высновы Хадановіч.

Першай была прадстаўленая кніга «Без» польскага паэта і драматурга Тадэвуша Ружэвіча, які стаў вядомы ў Еўропе пачынаючы з сярэдзіны 1940-х. «Ён змяніў сітуацыю ў сучаснай польскай паэзіі, адказаўшы на пытанне, якой павінная быць паэзія пасля Халакосту», — сказаў Андрэй Хадановіч. Перакладчыца Марына Казлоўская дадала некалькі штрыхоў да партрэта класіка: «На фоне польскай паэзіі ХХ стагоддзя Ружэвіч акурат паспрабаваў сканструяваць новую паэзію. У ёй ён ідзе ад адмаўлення Бога, які не мог маўкліва глядзець на тое, што адбылося, да прыняцця Бога, без якога немагчыма. Гэта вельмі цікавая паэзія, якая на першы погляд простая, але патрабуе вялікай унутранай працы, паэзія, якая ўрэшце паказвае, што чалавек — вельмі каштоўная з’ява».

Сваіх суайчыннікаў, славацкіх пісьменнікаў Дамініка Татарку і Рудольфа Слобаду, прадставіў паэт і выдавец Петэр Мілчак, выступ якога перакладала Святлана Богуш.

Ён пачаў з невялікага экскурсу ў сваю літаратуру, а пасля засяродзіўся на асобе кожнага пісьменніка. «Рудольф Слобада шакуе і крытыка, і чытача сваёй адкрытасцю, бо яму ёсць што адкрываць. Таму што ягонае жыццё было сапраўды супярэчлівым, і ён адлюстроўвае гэтыя жыццёвыя калізіі ў прозе, — расказвае Мілчак. — Слобада вучыўся ва ўніверсітэце, але вытрымаў толькі некалькі гадоў, бо вырашыў, што ўніверсітэт нічога яму не дае. Працаваў на шахце, але зразумеў, што фізічная цяжкая праца не для яго, бо перашкаджае пісаць. Жыў з жонкай, якая была псіхічна хворая, быў алкаголікам, цярпеў матэрыяльную нястачу і ўрэшце скончыў жыццё самагубствам».

Дамініка Татарку, які больш вядомы як празаік, але для беларускага чытача пакуль адкрыўся як эсэіст, ён таксама ахарактарызаваў як асобу вельмі неадназначную. Акцёры Ганна Хітрык і Павел Харланчук, якія гэтым вечарам дэкламавалі ўрыўкі з кніг, а часам ператваралі чытанне ў тэатральныя мініяцюры, агучылі досыць пафасны ўрывак з ягонага эсэ, і гэтыя развагі пра культуру былі цалкам сугучныя беларускім праблемам.

«Дамінік Татарка вельмі розны, ён узорны эсэіст, які трымае амплітуду паміж высокім і нізкім. Ён умее вывесці з высокага пафаснага тэзіса смешную сітуацыю — і наадварот, расказаць анекдот, а скончыць высокай мараллю. Кожная старонка Татаркі-эсэіста выдае ў ім майстра прозы”, — пракаментаваў пачутае Андрэй Хадановіч.

Прэзентуючы кнігу польскага аўтара падарожных нататак Анджэя СтасюкаАндрэй Хадановіч задаў перакладчыцыМарыі Пушкінай пытанне, даўжэйшае за ўсе яе адказы. Спачатку ён зачытаў свой пераклад верша класіка ўкраінскай літаратуры Юрыя Андруховіча, прысвечанага Стасюку, у якім даецца яго вычарпальная характарыстыка: Стасюк  піша ад рукі, ведае шмат брыдкіх словаў, змешвае «зуброўку» з яблычным сокам, а ў цэнтры ягонай Еўропы жывуць цыганы. Здавалася, Хадановіч мог бы расказваць бясконца, і ў пэўны момант, здаецца, сам забыўся, што хацеў спытаць у перакладчыцы. Выслухаўшы ўвесь гэты цікавы аповед, Пушкіна аджартавалася: «Самы час папрасіць паўтарыць пытанне». Урэшце яна сказала, што побач з падарожнай эсэістыкай Стасюка ўсе добра выдадзеныя турыстычныя даведнікі страчваюць сэнс. Бо, едучы аўтаспынам па малалюдных трасах, ніякай інфармацыі на такі выпадак у даведніку не знойдзеш, а Стасюк, наадварот, дае моцны стымул для працягу падарожжа.

Кнігу наступнага аўтара, Петэра Надаша, «Канец аднаго сямейнага рамана» вядоўца настойліва раіў набываць як магчымага нобелеўскага лаўрэата: «Набывайце цяпер, каб праз колькі гадоў маглі сказаць, што чыталі яго ўжо даўно і па-беларуску», — напрарочыў Хадановіч.

Перакладчык Алесь Карцель расказаў, што ведае многія мовы, але венгерскай, на жаль, не. Але паколькі знаўцаў венгерскай знайсці ў Беларусі няпроста, давялося перакладаць з польскага перакладу, які, як ён зразумеў, таксама рабіўся не з арыгінала. «Дагэтуль я прачытаў толькі адну венгерскую кніжку, а таксама перажыў раман з венгеркай у студэнцкія гады, які ледзь не скончыўся шлюбам. Вось і ўсё, што лучыла мяне з гэтай культурай», — сказаў ён.

Чатыры невялікія гісторыі з рамана, якія разыгралі акцёры, сталі самай моцнай часткай прэзентацыі, пасля якой казаць нешта пра змест кнігі было ўжо залішне.

Нагадаем, што наперадзе яшчэ чатыры літаратурныя імпрэзы фестывалю «Шэнгенка», якія дадуць магчымасць адкрыць новых аўтараў і папоўніць паліцы найлепшымі ўзорамі еўрапейскай літаратуры ў перакладзе на беларускую мову.

Аляксандра Дорская, budzma.orgФота: Зарына Кандрацьева