У рэйтынгу эканамічна свабодных краін Беларусь на 154-м месцы

Рэйтынг, падрыхтаваны фондам Heritage Foundation і экспертамі Wall Street Journal, размешчаны на сайце фонду.

Пры ацэнцы эканамічнай свабоды Беларусь атрымала 48 пунктаў (лідар рэйтынгу Ганконг — 89,3 пункта). У параўнанні з мінулым годам паказчык Беларусі пагоршыўся, і зараз яна займае перадапошняе месца ў рэйтынгу сярод еўрапейскіх краін. Апошняе месца тут аддадзена Украіне.

Аўтары рэйтынгу назвалі беларускую эканоміку «рэпрэсіўнай з-за захоўваемага дзяржаўнага кантролю» ў многіх сферах.

«Беларусь — адна з усяго толькі дзвюх еўрапейскіх краін, чыя эканамічная сістэма ацэнена як рэпрэсіўная, — зазначаецца ў дакладзе. — Дзяржаўны кантроль захоўваецца ў многіх сферах, шырока распаўсюджаныя дзяржаўныя інвестыцыі і пераразмеркаванне задушылі развіццё сучаснай дыверсіфікаванай эканомікі. Палітычная рэформа тэрмінова неабходная для адкрыцця рынку і паляпшэння прадукцыйнасці. Дзяржава таксама паўторна ўвяла меры па рэгуляванні цэн і ўстанавіла кантроль за экспартам».

Апрача таго, эксперты адзначылі дрэнную абарону ўласнасці і высокі ўзровень карупцыі ў Беларусі.

«Дыктатарскае кіраванне, неэфектыўная судовая сістэма, бюракратычная сістэма, якая забірае шмат часу, пакідаюць магчымым прадпрымальнікам мала надзеі на поспех», — падкрэсліваецца ў дакладзе.

У пяцёрку лідараў рэйтынгу ўвайшлі Ганконг, Сінгапур, Аўстралія, Новая Зеландыя і Швейцарыя.

Пры складанні рэйтынгу краіны ацэньваліся па такіх паказчыках, як адкрытасць рынку, эфектыўнасць рэгулявання і выканання заканадаўства, ступень умяшання дзяржавы ў эканоміку.

Варта зазначыць, што прадстаўнікі беларускага ўрада неаднаразова заяўлялі аб намеры ўвайсці ў трыццатку краін з найлепшымі ўмовамі вядзення бізнесу.