“Сёння на абходзе лекар сказаў, што дынаміка добрая, стан яго стабільны, таму няма сэнсу больш трымаць у лякарні”, — паведаміла Еўрарадыё Валянціна Барадуліна, жонка Народнага паэта. У абед Рыгор Барадулін ужо быў дома.
Тым не менш, праапераваная рука працягвае моцна балець, таму дзядзьку Рыгору даводзіцца прымаць абязбольваючыя і снатворнае на ноч. Пасля аперацыі лекары вырашылі не накладаць гіпс, а абмежаваліся павязкай Дэзо. У такім становішчы косткі павінны зрасціся канчаткова, але гэта справа некалькіх месяцаў.
Нагадаем, перад Новым годам паэт паслізнуўся, выходзячы з Чырвонага касцёла, і зламаў плячо. Трэцяга студзеня яму зрабілі аперацыю ў 6-й клінічнай лякарні. Паколькі Барадуліну 77 гадоў і ён мае слабое сэрца, аперацыя рабілася не пад агульным наркозам,а пад мясцовым.