У Рыгора Барадуліна цяжкі пералом пляча, зрабілі аперацыю

Народны паэт паслізнуўся, выходзячы з Чырвонага касцёла. Новы год пісьменнік правёў на бальнічным ложку.

Перад самым Новым годам касцельная карэктарка папрасіла дзядзьку Рыгора прыехаць падпісаць кнігі, якія раней выходзілі пры дапамозе Касцёла. Сябры паэта дагэтуль задаюцца пытаннем: чаму нельга было перадаць яму гэтыя кнігі на подпіс дадому?.. Але назад ход падзеі ўжо не адматаеш.

“Перад самым Новым годам Рыгор быў у касцёле, і ўжо збіраўся дамоў ехаць, — гаворыць Валянціна Барадуліна, жонка паэта. – Яму выклікалі машыну, ён ужо хацеў сядаць, паслізнуўся – і паваліўся на левы бок… І раздрабіў сабе левае плячо… Гэта было ўвечары. Калі яго прывезлі дамоў, я не зразумела адразу, што гэта – думала, удар проста. А раніцай як агледзелі, што там фіялетавыя плямы… Цяпер яны расплыліся па ўсім целе – увесь жывот, і нават на спіне, такая моцная гематома. Выклікалі хуткую, яго завезлі ў 6-ю клініку, аддзяленне траўматалогіі. Там зрабілі рэнтген – высветлілася, што ў яго зламанае плячо…

Спачатку яго пасялілі ў шасцімесную палату, дзе на сцяне быў тэлевізар, па якім ішло індыйскае кіно – крычыць на ўсю галаву. Але ён там і пабыў, можа, каля гадзіны. А пасля яго перавялі ў двухмесную палату. Там быў дужа добры хлопец, які яму дапамагаў – але яго выпісалі. Таму цяпер я практычна ўвесь час там праводжу, каб яму дапамагаць.”

Некалькі дзён лекары не спяшаліся з прыняццем рашэння. Бо даваць агульны наркоз чалавеку са слабым сэрцам у 77 гадоў – значыць, паставіць яго жыццё пад вялікую пагрозу. Рыгора Барадуліна аглядалі самыя дасведчаныя лекары ў гэтай галіне. Урэшце вырашылі рабіць аперацыю пад мясцовым наркозам.

Валянціна Барадуліна: “Учора яму зрабілі аперацыю раніцай. Быў мясцовы наркоз – замарожвалі верхнюю частку пляча. Потым давалі абязбольваючыя ўколы, на ноч нават з нечым наркатычным, каб ён мог паспаць. Уколы дапамаглі, бо сёння ў яго твар ужо ружавейшы. Уставілі яму штыр нейкі ў плячо... Ён жартуе, што шампур для шашлыкоў уставілі, каб заўжды з сабой быў”.

У дадзеным выпадку мясцовы наркоз не гарантаваў поўнага абязбольвання, але быў адносна бяспечны для жыцця.

Валянціна Барадуліна: “Доктар сказаў, што ён дужа мужна трымаўся на аперацыі. Бо ён жа быў пры памяці. Вытрымаў усё. Хоць і прызнаўся мне, што ўсё адно было балюча, нягледзячы на замарозку”.

Дзядзька Рыгор і раней хадзіў з кіёчкам, а тут яшчэ і левая рука выйшла са строю...

Прагнозы лекараў – што яшчэ дзён 5-6 паэту давядзецца пабыць у шпіталі, а потым адправяць далечвацца дадому. А пакуль што Рыгора Бурадуліна наведваюць сябры. Бо звычайна дзядзька Рыгор па злой традыцыі трапляе ў лякарню на ўласны Дзень нараджэння. А тут на шпітальным ложку ён сустрэў Новы год.

Валянціна Барадуліна: “Някляеў некалькі разоў наведваў, хлопцы-мастакі наведвалі, знаёмы доктар Ігар Сарокін, Сяргей Шапран, шмат хто…”

Зычым Рыгору Барадуліну хуткага выздараўлення!