Выйшаў збор твораў Лявона Савёнка

Пабачыла свет новая кніга ў серыі “Галасы Айчыны” мінскага выдавецтва “Лімарыус”. Гэтым разам пад адной вокладкай сабраная літаратурная спадчына яшчэ аднаго аўтара, чый шлях скончыўся на эміграцыі.

Аднак у адрозненне ад выдадзеных у серыі раней твораў Алеся Салаўя, Уладзіміра Дудзіцкага, Янкі Юхнаўца, фельетоны, нарысы, артыкулы і аповесць Лявона Савёнка напісаныя пераважна яшчэ да эміграцыі. Такім чынам, у айчынную літаратурную прастору вяртаюцца найперш цікавыя тэксты міжваеннага і ваеннага часу, адметныя непаўторным аўтарскім гумарам. Лявона Савёнка называлі “каралём фельетонаў”. Ён нарадзіўся 26 чэрвеня 1897 г. у в. Вялец (сёння Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл.), вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, якую скончыў, калі ўстанова эвакуявалася ў Смаленск. У 1920 г. прыехаў у Мінск, дзе ажаніўся з настаўніцай Апалоніяй Раткевіч. У 1920-х гг. працаваў у “Савецкай Беларусі”, адкуль быў звольнены за беларускі нацыяналізм. Менавіта тыя гады былі асабліва плённыя на фельетоны. Тады ж у 1929 г. выйшаў адзіны зборнік на радзіме “Чароўная іголка”, падпісаны псеўданімам Леанід Свэн. Творы з гэтага зборніка, а таксама іншыя публікацыі з перыёдыкаў, склалі аснову новага выдання.

У 1933 г. Лявон Савёнак быў арыштаваны на справе “Беларускага нацыянальнага цэнтра”, высланы на шэсць гадоў у Сібір, а пазней у Комі АССР. Сям’я ж перабралася ў Крычаў. У 1939 г. журналіст вярнуўся ў Беларусь, настаўнічаў на Крычаўшчыне. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у “Беларускай газеце”. Прыкладна ў гэты час ён напісаў сваю сатырычную аповесць “Запіскі эмігранта (Дзённік Ів. Ів. Чужанінава)”, што дасціпна адлюстроўвае жыццё шараговага беларуса пад акупацыяй. Ад лета 1944 г. сям’я Савёнкаў выехала на эміграцыю. У паваеннай Нямеччыне Савёнак настаўнічаў, быў дырэктарам Беларускай гімназіі ў Остэргофене, стаў адным з ініцыятараў аднаўлення Рады БНР (пазней пакінуў Раду праз канфлікт з М. Абрамчыкам). У 1948 г. увайшоў у кансісторыю адноўленай БАПЦ. Менавіта Лявон Савёнак быў адным з ініцыятараў заснавання газеты “Бацькаўшчына” ў Нямеччыне. У 1950 г. ён выехаў у ЗША. Пасяліўся ў Памоне (Нью-Джэрсі), дзе займаўся сельскай гаспадаркай. Памёр 21 лютага 1974 г. На эміграцыі ён амаль не пісаў. У 1998 г. БІНіМ выдаў укладзены Лявонам Юрэвічам зборнік літаратурнай спадчыны Савёнка-Крывічаніна “Беларусізацыя пад №…” Новае ж мінскае выданне, складзенае сумесна Лявонам Юрэвічам і Ціханам Чарнякевічам і грунтоўна пракаментаванае апошнім, значна паўнеўшае за папярэдняе. На сёння гэта самы поўны збор літаратурнай спадчыны Лявона Савёнка. Кніга пабачыла свет дзякуючы падтрымцы сям’і Кіпеляў (Зора Кіпель была дачкой Лявона Савёнка). Успаміны Вітаўта Кіпеля, прысвечаныя Лявону Савёнку, пададзеныя ў прадмове да выдання. Таксама варта адзначыць, што ў дадатку змешчаныя ўспаміны Апалоніі Савёнак, якія ўтрымліваюць цікавыя згадкі пра беларускае літаратурнае жыццё ў Мінску ў 1920-х гг., а таксама ўнікальныя здымкі з сямейнага архіву.