Вечар памяці рэпрэсаваных пісьменнікаў

“Семдзясят пяць гадоў таму здарылася трагедыя, аналагаў якой у сусветнай гісторыі няма”. З гэтых слоў Алеся Пашкевіча, намесніка старшыні ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” пачалася вечарына памяці забітых, закатаваных, несправядліва асуджаных у 30-я гады мінулага стагоддзя прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.

Найстарэйшае пісьменніцкае аб’яднанне Беларусі выступіла арганізатарам імпрэзы, якая прайшла 30 кастрычніка ў мінскай галерэі "Ў".

Мая Кляшторная і Анатоль Вярцінскі

Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў беларускай гісторыі вядомая расстрэлам у Мінску найвялікшай дакументальна пацверджанай колькасці  людзей, якія складалі нацыянальную эліту свайго часу.  Даследчыкі кажуць пра 103 забітых, сярод якіх пісьменнікі, навукоўцы, дзяржаўныя дзеячы.

Вядоўца вечарыны, паэт Сяргей Законнікаў, адзначыў, што ў гады сталінскіх рэпрэсій была знішчана найлепшая частка грамадства, не толькі пісьменнікі, але і святары, настаўнікі, урачы, сялянства, самае ініцыятыўнае, прадпрымальнае. Той залаты генафонд, які мог бы перадаць свой патэнцыял нашчадкам.

Першай з выступоўцаў слова ўзяла спадарыня Мая Кляшторная: “Перад вамі юбілей. Год нараджэння і год знішчэння бацькі ― 1937”.

Паэт Тодар Кляшторны быў сярод двух дзясяткаў беларускіх літаратараў, якія склалі свае галовы ў турме НКУС семдзясят пяць гадоў таму.

Гэта пра яго напіша сябар, які выжыве: “Дзіця, усімі думкамі чысты”, і будзе разважаць, за што павялі на смерць паэта, які нікога не пракрыўдзіў у жыцці.

Пра свае дзяцячыя гады Мая Кляшторная згадвае:

― Кожны дзіцёнак, які бегаў на вуліцы, на пытанне “А дзе твой тата?” мог адказаць “У турме”. Слова “тата” было незразумелае, бацькоў мы не ведалі”.

Маленства Мая Тодараўна правяла ў Казахстане, дзе адбывала 10 гадоў яе маці.

― Калі пасля трапілі ў Сібір, мама ўсё дзівілася, чаму бацька нас не шукае, і толькі потым даведалася, што “приговор приведен в исполнение”.

Акадэмік Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі, пляменнік расстралянага ў тым жа 1937-м класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага, расказаў, як цудам застаўся жывы яго бацька Гаўрыла Гарэцкі, навуковец, адзін з заснавальнікаў Беларускай акадэміі навук. Сталін, падпісваючы расстрэльны спіс, пацікавіўся ўзростам хлопца і, даведаўшыся, што таму яшчэ няма трыццаці, выкрасліў таго са спіса. Замест кулі ў патыліцу Гаўрыла Гарэцкі атрымаў 10 гадоў у Салавецкім лагеры асаблівага прызначэння.

“Памятаю, як убачыў бацьку, няголенага, худога, ногі апухлыя. Яму на нас сорамна глядзець, і мы ў жудасці. І гэты ўспамін пячэ маё сэрца калёным жалезам”.

Таксама бралі слова пісьменнік і даследчык тэмы сталінскіх рэпрэсій Леанід Маракоў, паэт Анатоль Вярцінскі, які расказаў пра сваё знаёмства з Маяй Кляшторнай і пачытаў вершы, прысвечаныя рэпрэсаваным.

Паэт, літаратуразнаўца, даследчык літаратуры 20-30-х гадоў Віктар Жыбуль прынёс на імпрэзу кніжку са сваёй хатняй бібліятэкі ― “Жаніцьбу Фігара” Бамаршэ. Кніжка нібыта вясёлая, але глядзець на яе не вельмі весела. Год выдання ― 1936. Пераклад Алеся Дудара, рэдактар ― Платон Галавач. Абодва расстраляныя ўначы з 29 на 30 кастрычніка 1937”.

“Кажуць, што памерлыя працягваюць жыць у творах, але разам з аўтарамі былі вынішчаны і творы, якія канфіскоўваліся. Таксама шмат іх згарэла падчас вайны”, ― зазначыў Вітар Жыбуль і расказаў, што інтэлектуалы 30-х не маглі не разважаць пра мэту рэпрэсій. Напрыклад, літаратуразнаўца Фёдар Купцэвіч бачыў яго ў “Падразанні росту беларусаў як нацыі”.

На вечарыне памяці прагучала яшчэ нямала страшных, важных і цікавых гісторый пра часы, якім была прысвечана імпрэза.

Напрыканцы выступілі гісторыкі Анатоль Сідарэвіч і Ігар Кузняцоў, які паведаміў пра знішчэнне невядомымі ў Курапатах памятнага знаку афіцэрам польскай арміі, забітым у пачатку 40-х ХХ ст, сярод якіх было нямала ўраджэнцаў Заходняй Беларусі.

Свой выступ Кузняцоў завершыў наступнымі словамі: “Хацелася б, каб у памяць пра расстраляных мы перасталі дзяліць, хто зрабіў болей для Курапатаў. Каб мы самі не ператварыліся ў тых, хто чыніць такое”.