У Мінску прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная памяці Вінцэнта Гадлеўскага

У Мінску прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная 70-годдзю з дня расстрэлу беларускага нацыянальнага лідара ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. У ёй удзельнічалі Дзяніс Садоўскі, Валерыя Чарнаморцава, Алесь Кіркевіч, Галіна Сіўчык ды іншыя. У межах кампаніі ўшанавання памяці Вінцэнта Гадлеўскага ўжо распрацаваныя шыльды, якія плануецца павесіць у месцах, звязаных з жыццём і дзейнасцю Гадлеўскага. У Трасцянцы, месцы расстрэлу Вінцэнта Гадлеўскага, плануецца ўсталяваць помнік ксяндзу.

Аргкамітэт БХД заклікае ўсіх неабыякавых ахвяраваць сродкі на ўсталяванне мемарыялу. Паведамляе прэс-сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі.

- Адкрыты рахунак, каб сабраць грошы на помнік Вінцэнту Гадлеўскаму ў месцы яго расстрэлу – Трасцянцы. Мы спадзяемся, што здолеем сабраць грошы. Калі нешта застанецца, то яны пойдуць на стварэнне адпаведных шыльдаў, якія размесцім у месцах, звязаных з постаццю Вінцэнта Гадлеўскага – гэта Мінск, Вільня ды іншыя гарады. Быў створаны адпаведны сайт, дзе можна зрабіць ахвяраванні праз інтэрнэт.

"Таксама праводзіцца збор подпісаў для перайменавання назваў савецкіх вуліц у гонар святара ў гарадах, дзе ён служыў. Такі збор подпісаў ідзе ў Глыбокім, Мёрах, Гродне і Слоніме. Да таго ж былі надрукаваныя календары і плакаты ў памяць Вінцэнта Гадлеўскага і Адама Станкевіча, запушчаны сайт, прысвечаны ўшанаванню памяці святароў, - адзначыў Дзяніс Садоўскі.