Міністэрства сувязі і інфармацыі выпусціла юбілейны канверт, прысвечаны 200-м угодкам з дня народзінаў Паўлюка Багрыма. Выяву паэта зрабіў мастак Мікола Рыжы. На зваротным баку канверта размешчаная кароткая інфармацыя пра жыццёвы шлях паэта. Юбілейная агортка была выпушчана ў Бабруйскай друкарні імя Непагодзіна.
Па словах старшыні Баранавіцкай Рады ТБМ Віктара Сырыцы, сябры ТБМ, па чыёй ініцыятыве з’явілася агортка, вельмі ўдзячны кіраўніцтву Міністэрства сувязі і інфармацыі:
- Такая прыгожая агортка ў рэшце рэшт выпушчана. Усё-такі 200 гадоў – гэта слаўная дата. Мы вельмі любім Паўлюка Багрыма. Нашыя баранавіцкія паэты: і Белы, і Корнеў, і Лагвіновіч – прысвяцілі вершы Паўлюку Багрыму, а тут такая прыгожая агортка. Але ў нас шмат і такіх, якія рабілі ўсё, каб такога канверта не было. У першую чаргу гэта краязнаўца Міхась Маліноўскі, які напісаў ліст у КДБ, Міністэрства сувязі і інфармацыі пра тое, што Паўлюк Багрым – гэта не беларускі сялянскі паэт, а польскі нацыянал-шавініст.
Але добра, што міністэрства прыслухалася да голасу навукоўцаў, літаратараў, а не да пасквіляў адстаўнога вайскоўца Міхася Маліноўскага, як кажа Сырыца.
Сёлета, 2 лістапада, спаўняецца 200 гадоў ад народзінаў вядомага беларускага паэта і каваля Паўлюка Багрыма, што нарадзіўся ў вёсцы Крашын пад Баранавічамі.