Фестываль AD.NAK! прадставіў настальгічную відэасправаздачу

Арганізатары Фестывалю AD.NAK! - 3 размяцілі ў Інтэрнэце відэасправаздачу з дня урачыстай цырымоніі ўзнагароджання. У ролік увайшлі самыя яскравыя моманты адукацыйнай праграмы Фестывалю, інтэлектуальнага батла “Цмокі супраць Буслоў” і, канешне, святочнай “раздачы клічнікаў”. Цяпер, калі фестывальныя жарсці канчаткова ўлягліся, з настальгіяй мы фіксуем у памяці AD.NAK! – 3 і пачынаем новы цыкл працы. Працы над AD.NAK! – 4.

У візуальным падсумаванні летняга свята беларускай рэкламы яго ўдзельнікі змогуць адшукаць сябе ды зноў адчуць атмасферу імпрэзы. Нагадаем, што сёлетні фестываль стаў рэкордным па колькасці пададзеных работ і ўдзельнікаў (болей за 300 і 100 адпаведна), таму, згодна з сусветнымі стандартамі ўпершыню была выкарыстана прэ-мадэрацыя. Каб не збаўляць тэмпаў росту заклікаем усіх зацікаўленых ужо сёння падумаць і паралельным курсам з аргкамітэтам распачаць падрыхтоўку сваіх працаў да AD.NAK! – 4.

“У гэтым годзе мы звярнулі асаблівую ўвагу на ўдзельнікаў з рэгіёнаў і вынікі фестывалю сталі добрай глебай для аналітычных развагаў. Беларускі маркетынг не мае дэфіцыту ідэяў, але яму бракуе напрацаваных схемаў іх рэалізацыі. Часта праектам бракуе пастаноўкі канкрэтных мэтаў камунікацыі, і таму яны не становяцца моцнымі фестывальнымі працамі. Аргкамітэт Фестывалю працягне працу над раскрыццём крэатыўнага патэнцыялу беларускай рэкламістыкі, магчыма, не толькі зборам лепшых працаў, але і асветніцкімі мерапрыемствамі”, – адзначыў кіраўнік рэсурсу Marketing.by, аднаго з суарганізатараў Фестывалю AD.NAK!, Сяргей Скараход.

У межсезонні паміж дзвюма апошнімі фестывалямі сябры аргкамітэта ўжо мелі досьвед прэзентацый  Фестывалю ў Гродна, Магілёве, Брэсце і Гомелі.

З 2012 года ўнесеныя змены і ў рэгістрацыйныя формы фестывалю дзеля таго, каб вызначыць, які з рэгіёнаў найбольш крэатыўны.

“Нам вельмі прыемна падзяліцца ўспамінам з Фестывалю AD.NAK! з мінулымі і будучымі яго ўдзельнікамі і ўсімі зацікаўленымі. З чатырох годаў дзейнасці кампаніі “Будзьма беларусамі!” тры мы ладзім Фестываль, які стаў знакавым для нас мерапрыемствам. Нам вельмі прыемна бачыць запатрабаванасць і самаго Фестывалю і ідэяў, якія ім прапагандуюцца. Шчыра нечаканым для нас стаў рост колькасці працаў у крызісны час, спадзяемся што і AD.NAK! – 4 не пазбавіць нас звычкі прыемна здзіўляцца.”, – дадае Ніна Шыдлоўская, адзін з каардынатараў кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Пра фестываль

Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! – гэта пляцоўка, якая аб’ядноўвае найбольш актыўную і перадавую частку прафесійнай рэкламна-камунікацыйнай супольнасці, каб звярнуць увагу і зацікавіць іншых удзельнікаў рынку, а таксама беларускага грамадства рабіць рэкламу і ствараць камунікацыю на беларускай мове. Сёлета мерапрыемства прайшло ўжо трэці раз.

Галоўнай мэтай Фестывалю ў 2012 годзе было даць новы штуршок у развіцці рэкламна-камунікацыйнага рынку Беларусі. Фестываль дазволіў па-іншаму паглядзець на свае брэнды і на свайго спажыўца, па-іншаму зірнуць на формы і сродкі камунікацыі брэндаў з пакупнікамі і запаліць больш агню ў вачах рэкламістаў, каб убачыць больш яркіх і сучасных праектаў у розных кірунках і формах масавай камунікацыі.

Найлепшы паказчык развіцця Фестываля – рост колькасці працаў і аплікантаў, якія бяруць у ім удзел. Першы фестываль Фетсываль сабраў 105 працаў ад 59 удзельнікаў, другі – 272 ад 103, а трэці – болей за 300 ад болей чым сотні ўдзельнікаў.

Ідэя Фестывалю належыць агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», якая стварае і падтрымлівае мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё беларускай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.

Арганізацыйны партнёр Фестывалю – спецыялізаваны інтэрнэт-рэсурс Marketing.by.

Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся ў прэс-службу Фестывалю AD.NAK!:

Алесь Плотка,

Тэл.: (29) 394-82-04

adnak@budzma.org