Кніга пра новыя падрабязнасці беларускага жыцця ў акупаваным Мінску

Надзвычай ураджайным гэты год выдаўся для даследчыцы беларускай эміграцыйнай культуры Наталлі Гардзіенкі. Нядаўна пад яе рэдакцыяй выйшаў том паэзіі Янкі Юхнаўца. Неўзабаве выйдзе зборнік фельетонаў і прозы Лявона Савёнка. А гэтымі днямі яна рыхтуе да друку дзённік Дзмітрыя Сямёнава, у якім апісваецца беларускае культурніцкае жыццё ў акупаваным Мінску.

Наталля Гардзіенка:

- У серыі “Бібліятэка беларускага гістарычнага агляду” выйдзе вельмі цікавы дзённік Дзмітрыя Сямёнава. Гэта дзённік, які пісаў малады чалавек, потым ён апынуўся на эміграцыі. Дзённік датычыць 1943-1947 гадоў, то бок аўтар жыў у акупаваным Мінску. Ён тут вучыўся, ён працаваў у гістарычным музеі разам з Антонам Шукелойцам. Ён удзельнічаў у эвакуацыі гэтага музею. І апісвае гэтыя падзеі.

У дзённіку апавядаецца і пра тое, як беларускія дзеячы культуры апынуліся ў эміграцыі, а таксама беларускае жыццё ў лагерах для перамешчаных асоб у Заходняй Еўропе. Нямала старонак у дзённіку прысвечана славутай беларускай паэтцы Наталлі Арсеньевай.