3 кастрычніка ў Кнігарні Галерэі «Ў» адбылася прэзентацыя кнігі эміграцыйнага паэта і пісьменніка Янкі Юхнаўца «Паэзія», што нядаўна пабачыла свет ў серыі «Галасы Айчыны» выдавецтва «Лімарыус».
Ва ўтульнай невялікай залі сабралося каля 30 чалавек. Вяла прэзентацыю я сама, паколькі маю непасрэднае дачыненне да выдання гэтай кнігі. Спачатку я распавяла пра аўтара, ягоны жыццёвы ды творчы шлях, ды гісторыю з’яўлення самой кнігі, укладзенай беларускім архівістам і літаратуразнаўцам з ЗША Лявонам Юрэвічам. Апошні добра ведаў Янку Юхнаўца і мэтанакіравана збіраў ягоную спадчыну.
Далей выступаў Генадзь Бураўкін, які пазнаёміўся з эміграцыйным літаратарам у часе свайго побыту ў ЗША у якасці прадстаўніка Беларусі ў ААН. Ён падзяліўся сваімі ўспамінамі-ўражаннямі ад спатканняў з Янкам Юхнаўцом, казаў пра тое, што гэтае знаёмства пачалося з таго, як высветлілася, нібыта сваяк Юхнаўца працаваў на нейкай міністэрскай пасадзе ў БССР, і пісьменнік не хацеў гэта афішаваць, каб не нашкодзіць нікому. Генадзь Бураўкін дзяліўся ўражаннямі ад творчасці літаратара, казаў, што ў ягонай мове шмат незразумелага, але гэта атрымоўвалася ў Юхнаўца зусім натуральна, бо ён нічога адмыслова не выдумляў, ён так жыў, так думаў. Таксама было сцверджана, што сам Юхнавец наўрад ці б паверыў, што магчымае будзе вось гэткае выданне, і што насамрэч выданне вельмі важнае для беларускай літаратуры.
Уладзімір Арлоў расказаў пра тое, як рыхтавалася першае выданне твораў Янкі Юхнаўца ў Беларусі ў 1993 г. Цікава, што яму хацелі даць назву «Шорах моўкнасці», як называўся першы эміграцыйны зборнік творцы. Але кіраўніцтва выдавецтва сцвердзіла, што такіх словаў у беларускай мове няма і таму такой назвы быць не можа. Так і атрымаліся «Сны на чужыне».
Пасля выдання кнігі Уладзімір Арлоў змог спаткацца з Янкам Юхнаўцом, падараваць яму асобнік, распавесці пра абставіны выдання.
Уладзімір Арлоў распавядаў, пра свае спатканні і ліставанне з Юхнаўцом, кажучы, што стаўленне да творцы на эміграцыі было крыху паблажлівае, бо ён быў як бы сам па сабе, у сваім паралельным свеце. Пры канцы выступу Уладзімір Арлоў прачытаў уласны верш, прысвечаны Янку Юхнаўцу.
Працягам аповеду Валярына Кустава прачытала некалькі вершаў Янкі Юхнаўца. Папярэдне яна зазначыла, што акторы Купалаўскага тэатру адмовіліся чытаць гэтыя вершы, матывуючы тым, што яны не ведаюць гэткае мовы і не ведаюць, як гэта чытаць. У Валярыны атрымалася вельмі дарэчна і арганічна. Можна сказаць, я ўпершыню пачула, як сапраўды можна чытаць Юхнаўца для публікі.
Працягам вечару быў вельмі цікавы і эмацыйны выступ Змітра Саўкі. Ён пачаў з таго, што Юхнаўца называюць маргіналам, графаманам ды вар’ятам. І ўсе тры меркаванні ў нейкай ступені адпавядаюць рэчаіснасці, бо, як своеасаблвы маргінал, Юхнавец заўсёды трымаўся недзе ўбаку, асобна і ў літаратуры, і ў жыцці. Як графаман, Юхнавец проста не мог не пісаць і ў яго гэта атрымоўвалася абсалютна натуральна. І як вар’ят, Юхнавец жыў у сваім нейкім паралельным свеце, а ягоныя творы – выдатная крыніца для псіхалінгвістыкі.
Зміцер Саўка распавёў таксама пра ўласнае знаёмства з Янкам Юхнаўцом, якое адбылося дзякуючы Лявону Юрэвічу. Згадаў, як Юхнавец наракаў на закіды на свой адрас адносна незразумеласці мовы. Аднак гэта не было нейкае ягонае моўнае эксперыментатарства, гэта частка ягонай натуры. І ў выніку ягоныя вершы ўспрымаюцца, разумеюцца недзе на падсвядомым ўзроўні.
Працягам літаратуразнаўчай размовы адносна творчасці Янкі Юхнаўца стаў выступ Ціхана Чарнякевіча, які заўважыў пэўны ўплыў на літаратара іншага эміграцыйнага пісьменніка Масея Сяднёва, згадаў пра некаторую эвалюцыю аўтарскага стылю ад першага паэтычнага зборніка да апошніх твораў. Казаў пра тое, што Юхнавец свядома разбураў нейкія рамкі, выходзіў за межы літаратурных формаў ды канонаў і ў гэтым таксама ягоная ўнікальнасць.
У пацвярджэнне словаў літаратуразнаўцаў Валярына Кустава прачытала яшчэ некалькі твораў Янкі Юхнаўца.
Працягнуў успаміны пра Янку Юхнаўца Сяргей Панізнік, які яшчэ ў 1990 г. пазнаёміўся з эміграцыйным пісьменнікам і атрымаў ад яго асобнікі першых зборнікаў «Шорах моўкнасці» ды «Калюмбы». Гэтыя кнігі Сяргей Панізнік дэманстраваў на прэзентацыі, як і здымкі з Янкам Юхнаўцом. Спадар Сяргей быў здзіўлены, калі ўбачыў, што адзін з гэтых здымкаў трапіў на ўклейку прэзентаванага выдання.
Завяршыў прэзентацыю каардынатар кніжнай серыі Аляксандр Фядута, які распавёў пра складаныя абставіны выдання кнігі. Параўнаў Юнку Юхнаўца з расійскім паэтам Велімірам Хлебнікавым. Паабяцаў у будучыні вярнуцца да выдання творчай спадчыны Янкі Юхнаўца, а менавіта ягонай прозы і драматургіі. А таксама распавёў пра выдавецкія планы серыі «Галасы Айчыны» ды усяго «Лімарыуса».
Агульнае ўражанне ад прэзентацыі засталося вельмі пазітыўным. Цікавыя аповеды, вершы, сяброўская атмасфера. Шкада толькі, што не было прафесійных фатографаў, таму я сама мусіла рабіць хоць нейкія здымкі, каб засталася памяць пра падзею.
Мне здаецца, што сам Янка Юхнавец парадаваўся б такой прэзентацыі. Шчыра дзякую ўсім удзельнікам.
Наталля Гардзіенка