У галерэі “Ў” прайшла прэзентацыя кнігі А.Тамковіча “Арытмія, альбо код супраціву”

У галерэі сучаснага мастацтва “Ў” сабраліся ледзь не ўсе 38 герояў новай кнігі вядомага журналіста. Апроч іх удзел у прэзентацыі ўзялі вядомыя палітыкі, грамадскія актывісты і культурныя дзеячы.

Як распавёў у часе прэзентацыі сам аўтар , “Арытмію” можна лічыць працягам кнігі “Асобы” пра беларускіх палітыкаў, што выйшла ў 2008 годзе. Адрозненне ж яе ў тым, што “Арытмія” прысвечана выключна грамадскім актывістам, некаторыя з якіх да гэтага часу знаходзяцца за кратамі.

Аляксандр Тамковіч кажа, што чытача чакае працяг:

- Думаю, што кропка не пастаўлена, бо вельмі шмат цікавых людзей ёсць у беларускіх рэгіёнах. Калі Бог дасць, то я з задавальненнем з’езджу і паразмаўляю з такімі людзьмі. Ім значна цяжэй, чым тым, хто жыве ў сталіцы, бо, жывучы і змагаючыся на перэферыі, яны заўсёды навідавоку.

Як адзначалі на прэзентацыі госці і героі кнігі, менавіта такімі творамі і пішацца сённяшняя гісторыя Беларусі.