Нададзены статус помнікаў мясцінам паўстання 1863 года

Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры задаволіла прапановы Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры па наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці мясцінам, звязаным з нацыянальна-вызвольным паўстаннем 1863 – 1864 гадоў супраць расійскага царызму.

Гэтыя прапановы былі распрацаваныя і пададзеныя таварыствам у межах агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма беларусамі”.

Як паведаміў карэспандэнту “НЧ” старшыня таварыства Антон Астаповіч, напярэдадні 150-годдзя паўстання “За Вашу і нашу свабоду”, якое будзе адзначацца ў будучым годзе, статус помнікаў гісторыі мясцовага значэння набылі магілы паўстанцаў у Косаве і Плябані, а мемарыялу на месцы бітвы пад Мілавідамі нададзены статус помніка гісторыі нацыянальнага значэння.

Першая магіла знаходзіцца на рыма-каталіцкіх могілках горада Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Актыўныя баявыя дзеянні вяліся на тэрыторыі Слонімскага павету Гродзенскай губерні, у тым ліку і ў ваколіцах Косава.  Парафіянамі мясцовага Свята-Траецкага касцёла былі пахаваныя тры ўдзельнікі паўстання – Лукашэвіч, Красінскі і невядомы інсургент, загінулыя ў сутычцы з карнікамі. У 1928 годзе ў гонар 10-годдзя адраджэння Польшчы на магіле ўсталяваны гранітны крыж на гранітным чатырохвугольным у плане двух’ярусным абеліску. Крыж па перыметры абнесены бетоннымі гранёнымі слупкамі з агароджай паміж імі ў выглядзе паралельна замацаваных металічных трубаў.

Другая магіла месціцца ў канцы галоўных прысадаў на старых рыма-каталіцкіх могілках вёскі Плябань Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. На магіле, абмураванай камянём, стаіць валун. На ім -- сляды шыльды з памятным тэкстам. За камянём -- драўляны чатырохканцовы лацінскі крыж. У магіле пахаваныя кіраўнік паўстання на Маладзечаншчыне і Вілейшчыне Юльян Бакшанскі з аднадумцамі Рафалам Малішэўскім, Людвікам Ямантам, Леапольдам Панькоўскім і пятнаццацігадовым гімназістам Сулістроўскім. Апошні бой яны прынялі каля тутэйшае вёскі Свечкі 4 сакавіка 1863 года. Бакшанскі нарадзіўся ў 1824 годзе ў маёнтку Тупальшчына пад Смаргонню ў шляхецкай сям’і. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, удзельнічаў у тайных гуртках. За захаванне забароненай літаратуры ў 1841 годзе арыштаваны і сасланы ў Разанскую губерню. У пачатку 1846 года вярнуўся на радзіму. У 1847 годзе звярнуўся з адозвай “Да смаргонскіх сялян!”, у якой заклікаў аб’яднацца з гарадской беднатой і салдатамі, выступіць супраць паноў, чыноўнікаў і афіцэраў. План паўстання не ўдаўся. Бакшанскага арыштавалі і прыгаварылі да 12 гадоў катаргі, якую ён адбываў у Нерчынску да 1858 года. У 1863 годзе арганізаваў у Вілейскім павеце паўстанцкі атрад (25 чалавек). 4 красавіка 1863 года атрад у сутычцы з урадавымі войскамі быў разбіты. На магіле паўстанцаў у 1921 годзе быў пастаўлены помнік, заменены валуном напрыканцы 1980-х – напачатку 1990-х гадоў.

Мемарыял на месцы Мілавідскай бітвы 22 мая (3 чэрвеня) 1863 года (крыж і памятная капліца) знаходзіцца ў пяці кіламетрах на захад ад вёскі Мілавіды, побач з вёскай Калпакі Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. На гэтым месцы каля 800 інсургентаў са Слонімскага, Ваўкавыскага, Пружанскага, Наваградскага і Гарадзенскага паветаў, на чале з Францішкам Юндзілам, Ісідарам Лукашэвічам і Аляксандрам Лянкевічам, пад камандаваннем Кастуся Каліноўскага біліся з карнікамі, якія страцілі 50 чалавек забітымі і параненымі. У аддзеле Лянкевіча (Лягдара) змагаліся рэшткі Лідскага аддзелу Людвіка Нарбута, у тым ліку паэт Францішак Багушэвіч і мастак Міхал Андрыёлі.

У 1913 годзе загінулым царскім жаўнерам расійскія ўлады ўсталявалі наўзбоч дарогі, што падзяляе поле бітвы, праваслаўны шасціканцовы чыгунны крыж, упрыгожаны стылізаваным раслінным арнаментам і промнямі. У верхнім перакрыжаванні -- надпіс кірыліцай “ІНЦІ”. Крыж усталяваны на мураваным абеліску, які, ў сваю чаргу, стаіць на двухпрыступкавым пірамідальным падмурку. Тэрыторыя вакол крыжа абмежавана агароджай са зварных металаканструкцый.

Да 70-годдзя паўстання ў 1933 годзе польскі ўрад насупраць крыжа ўзвёў каплічку ў стылі нэакласіцызму. На квадратным у плане цокалі ўсталяваны 4 калоны, якія нясуць пліту антаблемента. Завяршае капліцу паўсферычны купал з ажурным крыжам. У дэкоры выкарыстаны архітэктурныя заломы. Унутранная прастора абмежавана міжкалоннымі арачнымі прасценкамі. У філёнках цокаля – памятныя надпісы. Тэрыторыя вакол капліцы  абмежавана гранёнымі нізкімі слупкамі з металічнымі ланцугамі.

Новы час