40 гадоў таму загінуў Лявон Баразна. Савецкі КГБ забіў патэнцыйнага нацыянальнага лідара?

Ці просты крымінал? Ён абышоў пешшу паў-Беларусі, ствараў незалежніцкія гурткі, прывёў да беларушчыны шэраг заслужаных для краіны людзей. Піша Дзмітрый Гурневіч.

Лявон Баразна

Пагром дысідэнцтва

Увесну 1972 года Палітбюро абмяркоўвала ў Маскве пытанне пра дысідэнцкі рух.

Старшыня КГБ Юры Андропаў прапануе разабрацца з «агентамі Захаду». Брэжнеў падтрымлівае прапанову і заклікае «секчы гэтыя з’явы ў корані, не дазваляць падонкам атручваць атмасферу савецкага грамадства».

У краіне саветаў пачынаецца «пагром дысідэнцтва».

У Маскве арыштоўваюць праваабаронцаў Якіра і Красніна. Уладзіміра Букоўскага прысуджаюць да 7 год турмы. Пачынаецца кампанія ачарнення акадэміка Андрэя Сахарава і Аляксандра Салжаніцына, які зусім нядаўна цудам выжыў пасля спробы невядомых атруціць яго.

Арышты і суды над дысідэнтамі адбываюцца і ў Ленінградзе, Новасібірску. Рэпрэсіі сягаюць Вільні. Але найбольш дастаецца ўкраінцам. У Львове адбываюцца масавыя арышты па «справе Добаша».

КГБ праз шантаж дазнаецца ад бельгійскага студэнта ўкраінскага паходжання Яраслава Добаша, які збіраў ва Украіне ўзоры «самвыдату», імёны аўтараў крамольных выданняў. Практычна ўсе яны атрымліваюць вялікія тэрміны і трапляюць у лагеры строгага рэжыму на Урале і ў Мардовіі.

Каб ізаляваць іншадумцаў, улады выкарыстоўваюць «карную медыцыну». Тыя, каго немагчыма прыцягнуць на аснове крымінальнага кодэкса, становяцца пацыентамі вар’ятняў, дзе на іх праводзяць нечалавечыя доследы.

У Мінску арыштаў не адбылося. Здавалася, што чорная хмара абышла Беларусь бокам. Але ўлетку 1972 года мінскую інтэлігенцыю скалынае жудасная навіна.

Увечары 15 жніўня ад удару нажом у сэрца гіне мастак-нонканфарміст Лявон Баразна.

З кіем у руках

Лявон Баразна прыйшоў на свет пад Талачыном на Віцебшчыне ў 1929 годзе.

Дзіцем і падлеткам ён перажывае жахі сталінскага тэрору і Другой сусветнай вайны. У 1950 годзе пасля службы ў войску 21-гадовы Лявон Баразна ўпершыню трапляе ў Мінск. Пасляваенная сталіца яшчэ напалову ляжыць у руінах. У чэрвені да расстрэлу прысуджаюць антыбальшавіцкіх падпольшчыкаў Расціслава Лапіцкага і Факунду Несцяровіча, аднагодкаў Баразны.

Лявон паступае ў Мастацкую вучэльню і праз два гады атрымлівае свой першы дыплом.

Падчас вучобы ён пачынае актыўна цікавіцца арнаментам, адзеннем, ткацтвам. Баразна вырашае па крупіцах вяртаць краіне народнае мастацтва.

Ён купляе капялюш, апранае плашч, бярэ кій у рукі, мальберт за плечы, фарбы ў торбу і ідзе пешшу па Беларусі.

Без грошай, без ежы ён ходзіць па вёсках і распытвае ў людзей, што за вопратку яны носяць, якія выкарыстоўваюць арнаменты, посцілкі, як ткалі, як вышывалі. Распытвае і замалёўвае. Добрыя людзі накормяць і пасцеляць. І так некалькі гадоў.

Вынікам тых хаджэнняў сталі пазней 4 альбомы пра скарбы беларускай народнай культуры, якія ён уласнаручна намаляваў, пераплёў і здаў у Мастацкі музей.

У 1963 годзе Баразна зноў прыязджае ў Мінск. Ён хоча атрымаць вышэйшую адукацыю і паступае ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

19-гадовага завуць Зянон

Пры канцы лета ён селіцца ў інтэрнат на скрыжаванні Бабруйскай і Свярдлова, ля вакзала.

У капелюшы, швэдры­-кальчузе (які пазней стане яго неадлучнай візітоўкай) ён заходзіць у пакой і з парога пачынае па-беларуску гутарку з маладым хлапцом­-суседам. 19-гадовага студэнта завуць Зянон Пазняк, таксама студэнт БДТМІ.

Паміж аднапакаёўцамі немалая розніца — 15 гадоў, але яны імгненна знаходзяць супольную мову і становяцца сябрамі.

Пасля пачатку навучальнага года Пазняк і Баразна ствараюць у інстытуце суполку пад назвай «Аматары беларускага мастацтва». Пазняк пачынае ладзіць экскурсіі па старым Мінску. Баразна — этнаграфічныя экспедыцыі.

У архівах яны шукаюць беларускія матэрыялы. Аднойчы падчас паездкі ў Ленінград група Баразны натрапляе на ўнікальныя дакументы. Моладзь у шоку, ніхто з іх не можа паверыць, што адшуканыя матэрыялы могуць датычыць БССР, краіны, якую яны, здавалася б, добра ведаюць. На сустрэчу АБМ прыходзіць усё больш наведнікаў. Студэнты ладзяць вечарыны, запрашаюць Рыгора Барадуліна і Уладзіміра Караткевіча. Чытаюць вершы заходнебеларускіх паэтаў, якія, хоць ужо і выдаваліся, але ўсё яшчэ лічыліся крамольнікамі. Але студэнты маюць добрае прыкрыццё — іх ініцыятыву падтрымлівае сам рэктар Павел Масленнікаў.

Гэта дадае моладзі адвагі. На адну сустрэчу Пазняк прыносіць «Кароткую гісторыю Беларусі» Вацлава Ластоўскага.

«Цяпер, калі немагчыма дыхнуць»

Баразна бярэ слова і кажа, што «цяпер, калі немагчыма дыхнуць, трэба пашыраць беларушчыну праз міжлюдскія кантакты, бо ў нашыя галовы вораг не залезе».

Змест прачытанай кнігі Ластоўскага студэнты расказваюць адзін аднаму падчас сустрэчаў. Пачынаецца ланцуговая рэакцыя. Экскурсіі па Верхнім горадзе замест Пазняка пачынаюць праводзіць ужо новыя людзі. АБМ разрастаецца і дзеліцца на групы энтузіястаў: археолагаў, этнографаў, гісторыкаў.

Гэтаму спрыяе ліберальная атмасфера Тэатральна-мастацкага інстытута. Паказальную эвалюцыю там перажыў студэнт-актывіст Васіль Шаранговіч — у будучыні народны мастак Беларусі.

Ён размаўляе па-расейску і трымаецца воддаль ад беларускіх справаў. Усё мяняецца пасля таго, калі яму замаўляюць намаляваць графіку да зборніка вершаў Купалы. Каб мастак-пачатковец адчуў творчасць класіка, яму даюць пачытаць малавядомыя вершы Купалы, у якіх няма ўзгадкі пра «дурнога мужыка-беларуса» і «Сталіна—Леніна». Шаранговіч мяняе погляды і сам пачынае гаварыць па-беларуску.

Лявона Баразну ў інстытуце ведае кожны. Нават тыя, хто з’едліва хіхікае з яго беларускай мовы і называе за плячыма дзіваком, ставяцца да яго з глыбокай пашанай.

Яго шануюць за адвагу і добразычлівасць. Баразна быў чалавекам, няздольным на подласць.

Штосьці большае

У 1966 годзе захапленне беларускім мастацтвам перараджаецца ў штосьці большае. У майстэрні Яўгена Куліка, якая месцілася акурат насупраць будынка КГБ, пачынае збірацца навуковая і мастацкая інтэлігенцыя.

Пад самым носам у чэкістаў дзейнічае апазіцыйны асяродак, які ад назвы майстэрні Куліка атрымаў назоў «На паддашку». У Куліка збіраліся Пазняк, Алесь Разанаў, Алесь Марачкін, Міхась Чарняўскі ды іншыя. Мастакі чыталі самвыдат, рыхтавалі выставы, арганізоўвалі пошукавыя экспедыцыі.

Як узгадваў пазней сябра Лявона Баразны Барыс Мельнікаў, той гаварыў усё, што думаў, і не звяртаў увагі на перасцярогі сяброў, што паўсюль могуць быць сексоты.

«Ён прапагандаваў аддзяленне Беларусі ад Савецкага Саюза, гэта была ягоная ідэя, з ёю ён падымаўся і клаўся спаць», — узгадваў пазней Мельнікаў.

Акурат у той час Лявон Баразна жэніцца, а праз пару год у іх з жонкай Марыяй нараджаюцца дочкі — Алена і Каця.

«Это же национализм»

Лявон працуе галоўным мастаком Мастацкага фонду БССР.

У 1967 годзе яму даручаюць афармленне Мінска да 900-гадовага юбілею. Баразна робіць цалкам беларускі праект — па форме і змесце. Разынка праекта — прапанова рэканструяваць старадаўняе мінскае замчышча. На абмеркаванне праекта Баразну запрашаюць да Машэрава. Пабачыўшы беларускія надпісы, першы сакратар пачаў абурацца: «Это же национализм». «Ды ніякі не нацыяналізм. Усё пасуе да даты», — адказвае яму Баразна. Машэраў наліваецца чырванню. «Меня не интересует ваш погляд. И вообще надо думать, каких мы художников привлекаем», — з абурэннем у голасе перабівае яго Пятро Міронавіч.

Машэраў у шоку. Ён жа першы сакратар, гэта ён павінен размаўляць, а іншыя павінны яго слухаць і не пярэчыць. Абурэнне Машэрава было вердыктам на пераслед. Баразну адхілілі ад той працы.

Праз два гады па загадзе таго ж Машэрава пачалося знішчэнне Верхняга горада. Баразна дапамагае Пазняку ў абароне Нямігі, яны затрымліваюць руйнаванне на тры гады.

А ў прафесійным жыцці Баразна працягвае займацца сваёй улюбёнай справай — сцэнічным касцюмам. Ён апранае дзясяткі калектываў.

Напачатку 1972 года Баразна выдае ўнікальны альбом «Гравюры Францішка Скарыны». Ён першым адкрыў гравюры Скарыны для масавага чытача.

Насупраць «Перамогі»

У 1972 годзе зноў пачынаюць руйнаваць Нямігу. Баразна актыўна ўключаецца ў абарону старога Мінска.

Увечары 15 жніўня 1972 года Лявон Баразна вяртаецца ў сваю майстэрню на вуліцы Камсамольскай. Яна месцілася акурат насупраць кінатэатра «Перамога». Мастак выходзіць з аўтобуса і гутарыць з незнаёмай жанчынай. Дагэтуль невядома, хто пачаў тую размову.

Тут да іх падыходзяць двое невядомых і пачынаюць чапляцца да жанчыны. Баразна робіць ім заўвагу. Пачынаецца слоўная перапалка.

«Я вас зараз здам у міліцыю», — пагражае Баразна. Насупраць кінатэатра тады месціўся пастарунак. Двое невядомых абкладаюць Баразну матам і пачынаюць яго штурхаць. Жанчына, праз якую і пачаліся разборкі, бокам бокам і знікае з вуліцы. Чаго датычыць далейшая размова Баразны і двух хуліганаў — невядома.

«Сэрца, маё сэрца»

Баразна забягае ў міліцыю і кажа, што яго правакуюць на бойку хуліганы.

Разам з міліцыянтам яны выходзяць на вуліцу, супрацоўнік бяжыць за Баразной. Двое хуліганаў кінуліся у дворык непадалёк ад майстэрні Баразны. Адзін з іх дастае нож і кідаецца з ім на міліцыянта. Міліцыянт хапае за руку мужчыну, але той нажом наносіць яму удар у левае перадплечча.

Міліцыянт заломвае яму руку і бачыць, як другі з іх замахваецца нажом на Баразну. Міліцыянт чуе словы Баразны: «Сэрца, маё сэрца».

Гэта былі яго апошнія словы, і праз пару секунд ён падае на зямлю. У гэты час забойца Баразны кідаецца з нажом на міліцыянта, каб адбіць свайго напарніка.

Ахоўніка правапарадку ратуе прафесіяналізм. Ён штурхае мужчыну, якому хвілінай раней заламаў руку, на забойцу Лявона і такім чынам ратуе сябе ад другога ўдару нажом.

Невядомыя кідаюцца ўцякаць. Міліцыянт бяжыць у пастарунак і абвяшчае акцыю «Перахоп». Раён ачапляюць. Менш чым праз гадзіну злачынцаў затрымлівае міліцыя.

Хаваюць Баразну на малой радзіме, у вёсцы Новае Сяло Талачынскага раёна.

Але на пахаванні нябожчыку не даюць спакою. За працэсіяй сочыць міліцыя, мегафоны равуць.

Браты Золатавы

Суд над арыштаванымі. Становяцца вядомыя некаторыя падрабязнасці здарэння, выяўленыя падчас следства. Злачынцы — гэта беспрацоўныя браты Міхаіл і Аляксандр Золатавы, ураджэнцы расійскага горада Калінін.

Аляксандр — малодшы, які напаў на міліцыянта — лейтэнанта П.Кавалёва. Старэйшы, Міхаіл, забіў Лявона Баразну. Вядома, што самаробна вытачаныя на заводзе нажы злачынцы ўзялі ў знаёмай па прозвішчы Кандратовіч, з якой выпівалі. Пасля бойкі ля майстэрні Баразны яны ўцяклі ў бок плошчы Свабоды, выцерлі нажы аб траву і пабрылі далей, пакуль іх не затрымала міліцыя.

«Самы справядлівы ў свеце суд» нагадвае тэатральную дзею. Старэйшы з братоў Міхаіл сімулюе псіхічна хворага. На ўсе пытанні ён адказвае аднолькава: «Я сын Сталина. Я исполнил долг».

Ніхто ў зале не меў сумневаў, што гэта была ігра. Гэта, зрэшты, два разы пацвярджае і медыцынская экспертыза, якая двойчы перапыняе суд на досыць працяглы тэрмін. Але Золатаў, нягледзячы на заключэнне лекараў, працягвае да канца працэсу сімуляваць хваробу.

Абаронцы прадстаўляюць справу такім чынам, як быццам злачынцы дзейнічалі незалежна адзін ад аднаго, а ўсе іх дзеянні — гэта ланцуг збегу абставінаў. Яны выпадкова ўзялі ў той вечар нажы, выпадкова абразілі і штурхнулі Баразну, выпадкова пачалі ад яго збягаць, выпадкова схаваліся менавіта ў ягоным двары і выпадкова забілі самога Баразну і паранілі міліцыянта Кавалёва.

Роля жанчыны

Цікава, што суд не звярнуў асаблівай увагі на факт нашэння Золатавымі халоднай зброі.

Хаця, калі Золатавы мелі нажы, значыць, яны мелі пры гэтым нейкую мэту. Следства не зацікавілася фактам, адкуль злачынцы ведалі, дзе знаходзіцца майстэрня Баразны і адкуль сам Баразна мог ведаць, што тыя будуць хавацца менавіта ў ягоным двары. Нявысветленай засталася і роля жанчыны па прозвішчы Кузняцова, якую ў той вечар бараніў Баразна. У судзе яна выступала ў якасці сведкі, але ніякіх канкрэтных паказанняў не дала. Яна запэўнівала, што Золатавых бачыць упершыню.

Але ў прысутных на судзе, у тым ліку і ў міліцыянта Кавалёва, які быў разам з Баразною ў момант смерці, склалася ўражанне, што ў яе была акрэсленая роля ў арганізацыі канфлікту і што яна даўно ведае Золатавых.

Адвакаты братоў Золатавых Дазорцава А. і Урублеўская С. сцвярджалі, што «Баразна не выконваў ані грамадскага, ані грамадзянскага доўгу». Маўляў, калі б ён не кінуўся затрымліваць злачынцаў, а абышоў іх бокам па прынцыпе «мая хата з краю», то застаўся б жывы. Лжывымі выявіліся сцверджанні, што Баразна сам ударыў Міхаіла Золатава. Падчас арышту ў злачынцы не было выяўлена свежых пабояў, сінякі былі двух- і сямідзённай даўнасці.

Працэс цягнуўся амаль год. За раненне супрацоўніка міліцыі Аляксандру Золатаву прысу­джаюць 8 гадоў турмы, а яго старэйшаму брату за забойства Лявона Баразны вышэйшая мера пакарання — смяротная кара.

8 і 5

Але гэта не ставіць кропку на справе. Золатавы падаюць апеляцыю. Адвакаткі абіраюць лінію на дыскрэдытацыю нябожчыка Баразны. Адна з іх падчас працэсу сцвярджае, што «і на сонцы ёсць плямы». Лінію адвакатак падтрымаў і суддзя Вярхоўнага Суда М.Акімаў, які дашукваўся ў характары Баразны прычын канфлікту з Золатавымі і ў выніку — смерці. Саміх злачынцаў ён называе «ребятамі», а забойцу Баразны — Мішам.

Вярхоўны Суд адмяняе ранейшы вердыкт смяротнай кары і 8 гадоў турмы ды прысуджае Аляксандра Золатава да 5 гадоў пазбаўлення волі, а забойцу Баразны Міхаіла — да 8 гадоў.

Суд перакваліфікаваў дзеянні Золатавых і нажавое раненне супрацоўніка міліцыі кваліфікаваў як «аказанне супраціўлення, звязанае з пагрозай прымянення насілля», што цягне за сабой меншы тэрмін.

Абураныя рашэннем Вярхоўнага Суда пацярпелыя — жонка Лявона Баразны Марыя, лейтэнант міліцыі Кавалёў — пішуць лісты ў газеты, Прэзідыум Вярхоўнага Савета, у Пракуратуру БССР. Пад кожнай скаргай у якасці грамадскага абвінаваўцы выступае былы (яго знялі ў 1964) рэктар БДТМІ Павел Масленнікаў.

Жонка Баразны піша ліст Машэраву. Але адказ першага сакратара быў у стылі адвакатак Золатава: маўляў, «ведаем мы гэтага Баразну».

Сыны палкоўніка КГБ

У міжчассі выплывае цікавы факт пра сям’ю братоў Золатавых. Высвятляецца, што іх бацька не Іосіф Сталін, а палкоўнік КГБ Міхаіл Золатаў, начальнік аховы Дома ўрада ў Мінску.

Яго роля ў гэтай справе невядомая дагэтуль, але столькі супадзенняў у адной гісторыі, што ёсць моцныя сумневы ў яе выпадковасці.

У Золатавых была рэальная магчымасць уцячы, калі мастак пабег у міліцыю прасіць аб дапамозе. Але, маючы нажы, яны вырашылі падпільнаваць яго ў двары ягонай жа майстэрні.

Нават пасля забойства яны не выкінулі зброю, а, выцершы аб траву, паклалі ў кішэню. Гісторыя з грамадзянкай Кузняцовай выглядае як правакацыя. Штурхнуўшы яе, злачынцы відавочна хацелі справакаваць Баразну на бойку. Як можна растлумачыць факт, што забойцы схаваліся менавіта ў двары яго майстэрні і адкуль Баразна, выйшаўшы з міліцыі, ведаў, што яны хаваюцца менавіта там? Ці была і чаго магла датычыць размова Баразны з забойцам, калі Кузняцова ўцякла ад іх?

Калі гэта было забойства на замову, то злачынцы выканалі яго як умелі, без асаблівай вытанчанасці. Бо калі б Золатавым было даручана толькі напалохаць Баразну, то хапіла б інцыдэнту падчас сваркі. Чаму яны паводзілі сябе пасля забойства настолькі ўпэўнена, што нават не выкінулі нажоў?

Яшчэ не кропка

Але і гэта яшчэ не кропка ў справе забойства Баразны. Апагеем стала вызваленне злачынцаў па амністыі неўзабаве пасля суда.

Хто былі тыя Золатавы? Разбэшчаныя, крыміналізаваныя сынкі ўсёмагутнага кагэбіста, якіх тата ўрэшце ўратаваў ад смерці і турмы? Ці няўклюдныя выканаўцы злавеснага плана?

І ці выпадкова тое здарылася падчас «вялікага пагрому» дысідэнцтва ў СССР?

Забойства і хуткае вызваленне забойцаў яшчэ доўга трымала ў страху яго жонку Марыю. Яна мяняла месцы жыхарства, наймала кватарантак, баялася жыць адна з малымі дзецьмі.

Сяброў Баразны, якія ўжо тады пагаворвалі пра невыпадковасць забойства, выклікалі на допыты ў КГБ. У 80-х, ужо ў часы перабудовы, былі выпадкі, калі маладым нефармалам чэкісты пагражалі лёсам Баразны.

Баразна загінуў, калі яму было 43 гады. Самы росквіт сіл для мастака і, магчыма, будучага палітычнага дзеяча.

Баразна любіў казаць: «Рабі сёння. Бо калі пачнеш марыць, думаць і расказваць пра свае планы, то нічога і не будзе. Менш разважаць трэба, як табе кепска, а больш працаваць».