У Гродне пайшла з жыцця Тамара Талерчык

Гродзенскі беларускі нацыянальны рух панёс цяжкую страту. Адышла з жыцця пасля інсульту Тамара Талерчык.

Гродзенскі беларускі нацыянальны рух панёс цяжкую страту. Адышла з жыцця пасля інсульту Тамара Талерчык. Яна была адданая беларускаму руху дзяячкай 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Са сваім мужам яны былі аднадумцамі. Дзякуючы яе ціхай руплівай працы, сталі магчымыя першыя нацыянальныя мерапрыемствы, якія ладзіліся гістарычным клубам “Паходня”, а таксама Таварыстам Беларускай Мовы, - згадвае Уладзімір Хільмановіч, сябра ТБМ.

- Разам са сваім мужам Аляксандрам Талерчыкам яны вельмі шмат высілкаў паклалі ў стварэнне ў свой час у горадзе над Нёманам беларускамоўнага школьніцтва. Пакуль былі сілы фізічныя, яны хадзілі па кватэрах, збіралі подпісы бацькоў, тлумачылі ім існую сітуацыю. Трэба сказаць, што вось такія людзі, яны непрыкметныя ў грамадскім жыцці, але на такіх шчырых рупліўцах трымаецца, па сутнасці, нацынальнае адраджэнне і вельмі важна не забываць такіх асобаў.

Нарадзілася Тамара Талерчык у 1935 годзе ў вёсцы Петралевічы, што на Слонімшчыне. Была актыўным сябрам Таварыства Беларускай Мовы, клуба "Паходня", адраджала нацыянальныя традыцыі ў гродзенскіх установах. Малебен і пахаванне адбудзецца 27-га ліпеня на гродзенскіх могілках Аульс.

Якуб Сушчынскі, Радыё Рацыя.