У Мінску прайшла літаратурная вечарына памяці Васіля Быкава

У Мінску прайшла літаратурная вечарына, прысвечаная памяці Васіля Быкава. 19 чэрвеня народнаму пісьменніку Беларусі, сусветна вядомаму класіку літаратуры, намінаванаму на Нобелеўскую прэмію, споўнілася б 88 гадоў.

У Мінску прайшла літаратурная вечарына, прысвечаная памяці Васіля Быкава. 19 чэрвеня народнаму пісьменніку Беларусі, сусветна вядомаму класіку літаратуры, намінаванаму на Нобелеўскую прэмію, споўнілася б 88 гадоў.

Васіль Быкаў – вялікі беларускі пісьменнік, выбітная і знакавая постаць беларускай культуры і беларускага нацыянальнага Адраджэння, гавораць удзельнікі імпрэзы.

Разам з тым, яго імя і ягоная спадчына дагэтуль не ўшанаваныя годным чынам у Беларусі, якую ён так любіў і якую мусіў пакінуць у апошнія гады свайго жыцця, гаворыць арганізатарка літаратурнага вечару Галіна Каржанеўская.

- Быкаў не прыняў гэтай улады, як і яна яго. Тут яны былі абсалютна ўзаемныя. Таму ён і з’ехаў. Ён бы ніколі не пакінуў Радзіму, каб не такія абставіны. Чалавек уганараваны, народны пісьменнік, лаўрэат Ленінскай прэміі і яшчэ няведама якіх прэмій, раптам аказаўся непатрэбным гэтай уладзе. Як увогуле непатрэбная ёй культура. Я не думаю, што гэтая ўлада вечная, і рана ці позна Быкаў зойме сваё належнае месца і ў нашым грамадскім жыцці, і ў школьных праграмах.

Толькі перад самым сконам Васіль Быкаў вярнуўся ў Беларусь. Памёр пісьменнік у 2003 годзе ў анкалагічным шпіталі ў Бараўлянах. Сімвалічна, што Быкаў, які найлепшыя свае творы прысвяціў тэме Другой сусветнай вайны, адышоў з гэтага свету 22 чэрвеня — у дзень, калі Нямеччына напала на Савецкі Саюз.

Дагэтуль у Беларусі імем Васіля Быкава названая толькі адна вуліца — у пасёлку Ждановічы пад Мінскам. Хоць грамадскасць Мінска, Гродна, Салігорска і іншых гарадоў не раз звярталася да гарадскіх уладаў з прапановай ушанаваць памяць пісьменніка.

Радыё Рацыя