У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася штогадовая міжнародная навуковая канферэнцыя, на гэты раз юбілейная – ХХ Гарэцкія чытанні. Гэтым разам навукоўцы працавалі па тэме "Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць".
У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася штогадовая міжнародная навуковая канферэнцыя, на гэты раз юбілейная – ХХ Гарэцкія чытанні. Гэтым разам навукоўцы працавалі па тэме "Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць".
На думку паэта Генадзя Бураўкіна, лёс Беларусі склаўся так, што словы і думкі братоў Гарэцкіх застаюцца надзённымі і сёння.
- Трэба ўсё больш і больш азірацца. Яны ад нас аддаляюцца ў часе, але яны ўсё больш і больш набліжаюцца да нас духоўна. Трэба і прачытаць яшчэ раз, а хто не чытаў, адкрыць для сябе Максіма Гарэцкага, выдатнага пісьменніка. І трэба пазнаёміцца з унікальным чалавекам, вялікім беларусам, вялікім вучоным Гаўрылам Іванавічам Гарэцкім. Чым больш мы будзем ведаць такіх людзей, тым багацейшымі мы будзем. І тым больш у нас будзе надзеі, што ў Беларусі ўсё будзе добра.
Акадэмік Радзім Гарэцкі, сын Гаўрылы Гарэцкага, лічыць, што пытанні, якія хвалявалі ягонага бацьку і дзядзьку, і цяпер не страцілі актуальнасці для Беларусі.
- Яны адны з выдатных адраджэнцаў мінулага стагоддзя. І калі паглядзіш іх творы, то бачыш, наколькі яны актуальныя зараз. Тыя ж самыя пытанні: аб незалежнасці, аб мове, аб культуры, аб пашырэнні беларускай мовы. Тыя ж самыя пытанні. На жаль, мы ніяк не можам стаць па-сапраўднаму самастойнай, незалежнай, нацыянальна свядомай, еўрапейскай дзяржавай.
Максім Гарэцкі – адзін з пачынальнікаў эпічнага жанру ў беларускай літаратуры. Актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі і БССР. Расстраляны Саветамі ў 1938 годзе.
Гаўрыла Гарэцкі – вядомы беларускі геолаг, географ і эканаміст, адзін з заснавальнікаў і акадэмік Беларускай акадэміі навук. Ён распрацаваў асновы палеапатамалогіі – навукі пра рэкі мінулага, апублікаваў больш за 160 навуковых прац, у тым ліку па фальклоры, дэмаграфіі і археалогіі. Памёр у 1988 гдзе.
Штогод у чытаннях удзельнічаюць каля 40 літаратуразнаўцаў, моваведаў, гісторыкаў і інш. Па выніках канферэнцыі выдаюцца зборнікі матэрыялаў.