Сябра аргкамітэта па стварэнню партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Таццяна Севярынец накіравала скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Сябра аргкамітэта па стварэнню партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Таццяна Севярынец накіравала скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. У ліпені мінулага года яна была прызнаная вінаватай у арганізацыі ў Віцебску несанкцыянаванага шэсця падчас акцый маўклівага пратэсту і аштрафаваная. Абскарджанне ў беларускіх судах, уключаючы Вярхоўны суд, нічога не дало -- вырак быў пакінуты ў сіле.
- Мяне затрымалі за арганізацыю несанкцыянаванага шэсця 3 ліпеня 2011 года, якое адбылося ад плошчы Перамогі да Крыжа Еўфрасінні Полацкай, дзе ў нас адбылася малітва. Сядзела ноччу ў пастарунку, а раніцай мне прысудзілі 20 базавых велічынь за арганізацыю несанкцыянаванага шэсця і выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, да якой яны мой парасон аднеслі.
Таццяна Севярынец піша ў скарзе, што ніякага арганізаванага шэсця не было і тым больш яна не з'яўлялася арганізатарам. Не выкарыстоўваліся плакаты і лозунгі, людзі нічога не скандавалі. Таму абвінавачванне з'яўлялася надуманым.
Цяпер яна завяршае падрыхтоўку яшчэ адной скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН -- на прысуд за ўдзел у Народных сходах у Віцебску.