9 траўня 2012 года а 23-й гадзіне спынілася сэрца каталіцкага святара Уладзіслава Пятрайціса.
9 траўня 2012 года а 23-й гадзіне спынілася сэрца каталіцкага святара Уладзіслава Пятрайціса.
Ксёндз Уладзіслаў 1985 да 2000 года быў пробашчам у Мёрах. Пазней служыў у Слабодцы, і – да апошніх дзён жыцця – у мястэчку Іказнь на Браслаўшчыне. Нарадзіўся ў Літве, але глыбока шанаваў беларускую мову і культуру.
Ксёндз Уладзіслаў быў адным з першых, хто пасля распаду Савецкага Саюза пачаў маліцца і прапаведваць па-беларуску. Уласнаручна перакладаў малітвы з польскай мовы. Выдаваў газету “Голас душы” – адно з першых беларускамоўных каталіцкіх выданняў.
Многія памятаюць пропаведзь ксяндза Уладзіслава пасля Ганебнага рэферэндума ў 1995 годзе. Святар сказаў на пропаведзі, што Пагоня з крыжом Хрыста цяпер змененая на герб з зоркаю Сатаны. Сказаў, што не разумее, што робяць у касцёле людзі, якія галасавалі супраць Крыжа. Навошта вы галасавалі за сцяг, пад якім зачынялі касцёлы і вывозілі ксяндзоў на Сібір? – пытаўся кс. Уладзіслаў з амбона.
Ксёндз Уладзіслаў паставіў у Мёрах помнік ненароджанаму дзіцяці. Тады помнік быў адзіным у Еўропе, зараз – адзіны ў Беларусі. У Слабодцы ён пакінуў пасля сябе помнік Еўфрасінні Полацкай.
Вечны адпачынак дай яму, Госпадзе, а Святло вечнае няхай яму свеціць!
* * * Ксёндз Пятрайціс нарадзіўся 20 студзеня 1955 г. у в. Пацэнуляй Радвілішкіскага раёна ў Літве. Вучыўся ў Духоўнай семінарыі ў Коўне. Святарскае пасвячэнне атрымаў 14 мая 1985 г. у Жасляі. Працу ў Беларусі распачаў у лістападзе 1985 г. у Мёрах, дзе працаваў да 2000 г. З 2000 па 2008 гг. быў адміністратарам парафіі ў Слабодцы Браслаўскага раёна. У 2001 г. біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін менаваў кс. Пятрайціса канонікам Віцебскай катэдры. З 2008 г. па дзень смерці быў адміністратарам парафіі ў Іказні Браслаўскага раёна.